Развіваем арфаграфічныя навыкі гуляючы

Многія школьнікі, якія вывучаюць англійскую мову, упэўнены, што правапіс патрэбны выключна на ўроках і не мае вялікага значэння ў штодзённых зносінах. Але гэта не так. Без пісьмовай мовы не абысціся ў анлайн-гульнях, на англамоўных інтэрнэт-форумах, у перапісцы з замежнымі равеснікамі. Усё больш папулярным становіцца вядзенне старонак у сацыяльных сетках на англійскай мове. 

Традыцыйна правапіс выклікае шмат цяжкасцей не толькі ў тых, хто вывучае англійскую мову як замежную, але нават і ў яе носьбітаў. І калі да завучвання многія школьнікі адносяцца скептычна, то гульні, накіраваныя на фарміраванне навыку арфаграфічнай памяці, як правіла, ідуць на ўра.

Гульня Lanterns (“Ліхтарыкі”). З дапамогай ліхтарыка дзеці знаходзяць слова ці малюнак на двухслойных картках і запісваюць яго ў сшытак.

Гульня Mouse trap (“Мышалоўка”). Па перыметры стала раскладваюцца карткі са словамі, вучні рухаюцца па коле, чытаюць словы ўголас. Па камандзе настаўніка спыняюцца, перагортваюць апошнюю прачытаную картку і запісваюць слова ў сшытак.

Гульня Running dictation (“Дыктоўка на бягу”). На дошцы размяшчаецца спіс слоў. Вучні падыходзяць да дошкі, запамінаюць адно слова, вяртаюцца на сваё месца і запісваюць гэтае слова ў сшытак. Потым зноў ідуць да дошкі і запамінаюць наступнае слова.

Гульня Keyboard (“Клавіятура”). Вучні “набіраюць” неабходныя словы на папяровай клавіятуры.

Гульня Pop-it (“Поп-іт”). Літары англійскага алфавіта прапісваюцца на папулярнай цаццы рop-it. Вучні “набіраюць” словы, націскаючы на неабходныя літары. 

Гульня Swatter (“Мухабойка”). На стале выкладваюцца карткі з літарамі. З дапамогай мухабойкі, прыхлопваючы літары ў неабходным парадку, вучні збіраюць патрэбныя словы.

Гульня Spider web (“Павуціна”). Вучні атрымліваюць шаблоны з павуцінамі, элементы якіх трэба падпісаць неабходнымі словамі (напрыклад, па вызначанай тэме ці на пэўную літару). 

Гульня Rainbow (“Вясёлка”). Вучні прапісваюць словы, выкарыстоўваючы ручкі розных колераў, у вызначаным парадку.

Гульня Add vowels (“Дабаў галосныя”). Настаўнік запісвае на дошцы зычныя літары. Вучні дабаўляюць да іх галосныя, каб атрымаліся словы на вызначаную тэму: tbl — table; chr — chair; lmp — lamp; wndw — window; dsk — desk.

Гульня Chain (“Ланцужок”). Настаўнік вызначае спалучэнне літар. Вучні запісваюць у ланцужок словы, якія маюць у сваім складзе такое спалучэнне. Гэтае практыкаванне можна пабудаваць у выглядзе спаборніцтва: напрыклад, перамагае той, чыё слова ў ланцужку было апошнім (ck — clock, black, back, rock; wh — who, what, when, why).

Гульня Silhouettes (“Сілуэты”). Вучні запісваюць словы, абапіраючыся на сілуэты літар. Гэтае практыкаванне можа быць выканана ў парах: адзін вучань малюе сілуэт, другі — адгадвае і запісвае слова.

purple
black
blue
yellow
pink

Арфаграфічныя гульні на ўроках англійскай мовы заахвочваюць школьнікаў прымяняць веды ў нестандартных сітуацыях, дапамагаюць вучыцца і атрымліваць ад гэтага задавальненне.

Святлана СЕВЯРЫН,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Іванава.