Развіваем беларускамоўнае маўленне ў дашкольнікаў

Цяжка пераацаніць ролю роднай мовы ў станаўленні чалавека, бо яна далучае да вытокаў народнай культуры, вучыць любіць Радзіму. Дашкольны ўзрост — найбольш спрыяльны час для далучэння дзяцей да беларускай народнай культуры.

У адной з груп нашай установы створаны беларускі куток з лялькамі Янкам і Паўлінкай, якія сталі добрымі сябрамі дзяцей і вучаць іх размаўляць па-беларуску. Акрамя лялек, у кутку размешчаны прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: сурвэткі, ручнікі, гліняны посуд, драўляныя лыжкі і інш.

Дакрануцца да свету народнай цацкі, творчасці і спадчыны дапамагае міні-музей беларускай народнай цацкі, створаны намаганнямі педагогаў, дзяцей і іх бацькоў. Тут можна ўбачыць саламяныя, драўляныя, гліняныя і анучныя цацкі, цацкі-свістулькі, многія з якіх выраблены сваімі рукамі.

Лялькі суправаджаюць чалавека на працягу ўсяго жыцця. Гэта не толькі дзіцячыя цацкі, але і сімвал сувязі паміж пакаленнямі, абярэг, без якога раней не абыходзілася ніводная нагода, звязаная з пажаданнем здароўя і шчасця, зменай пары года, народнымі святамі. Нашы выхаванцы самастойна вырабляюць лялек і адначасова знаёмяцца з традыцыямі і абрадамі продкаў. Так з’явілася цэлая калекцыя абрадавых лялек на ўсе поры года, з якой атрымаўся змястоўны гульнявы дапаможнік “Каляндар народнай лялькі”. Ён знаёміць старэйшых дашкольнікаў з беларускімі абрадавымі лялькамі, традыцыямі і святамі, далучае да беларускай народнай культуры, развівае маўленне. Кожны месяц пачынаецца са знаёмства з новай лялькай. У дзяцей фарміруюцца ўяўленні пра народныя святы і абрады, звязаныя з дадзеным месяцам. Гэта таксама дапамагае ім авалодаць роднай мовай. Так, на масленічным тыдні выхаванцы выраблялі ляльку Масленіцу. Потым была арганізавана іх выстава. Дзеці з бацькамі згатавалі бліны-пачастункі і зладзілі беларускую народную гульню “Блін гарыць!”.

У штодзённую практыку ўвайшлі моўныя хвілінкі “Кожны дзень — беларуская народная казка (верш, апавяданне, гульня, прыказка, прымаўка, загадка, забаўлянка)”.

Педагогі шырока выкарыстоўваюць у рабоце самаробныя дыдактычныя і настольна-друкаваныя гульні, метадычныя дапаможнікі, што робіць вывучэнне роднай мовы займальным і эмацыянальным, дапамагае наладзіць беларускамоўныя зносіны: “Знайдзі сімвал”, “Назаві па-беларуску”, “Што лішняе?”, “Назаві казку”, “Мой аграгарадок Парахонск”, “Пазнай і падбяры”, “Знайдзі цэлае па частцы” і інш. Падчас правядзення дыдактычных гульняў замацоўваюцца і паглыбляюцца ўяўленні дзяцей пра родны край, яго прыроду, культуру і народную творчасць, развіваюцца камунікатыўныя ўменні, беларускамоўнае маналагічнае і дыялагічнае маўленне, папаўняецца слоўнікавы запас. Дашкольнікі ахвотна гуляюць у народныя гульні, актыўна ўдзельнічаюць у народных святах, чытаюць вершы, водзяць карагоды.

Ніна МАХНАВЕЦ,
выхавальніца Парахонскага ясляў-сада Пінскага раёна.