Развіваем маўленне праз тэатральна-гульнявую дзейнасць

- 11:25Навіны рэгіёнаў

Тэатральна-гульнявая дзейнасць адыгрывае важную развіццёвую і выхаваўчую ролю. Так, з яе дапамогай можна паспяхова развіваць маўленне, яго выразнасць, пашыраць слоўнікавы запас, удасканальваць артыкуляцыйны апарат. Гэта вельмі важна, бо ў многіх дашкольнікаў слаба развіта звязнае маналагічнае маўленне. Выправіць сітуацыю дапамагае тэатральна-гульнявая дзейнасць, якая, акрамя маўленчага развіцця, вырашае таксама актуальныя праблемы педагогікі і псіхалогіі, звязаныя з мастацкім і маральным выхаваннем, развіццём камунікатыўных здольнасцей, фантазіі, ініцыятыўнасці і творчасці.

Работу ў гэтым напрамку пачала з удасканалення тэатральна-гульнявога асяроддзя ў групе. Так, разам з бацькамі быў аформлены тэатральны куток з рознымі відамі тэатраў (лялечным, пальчыкавым, бі-ба-бо, лыжкавым, ценевым і інш.), дыдактычнымі, настольна-друкаванымі і развіццёвымі гульнямі. У кутку ёсць падлогавая і настольная шырмы, элементы касцюмаў (хустачкі, фартушкі, маскі, спаднічкі і інш.), магнітафон. Падабраны цацкі, атрыбуты, літаратурныя творы, аўдыя­запісы. Для вырашэння задач па развіцці маўлення створаны таксама куток маўленчай актыўнасці, які складаецца з мастацкай літаратуры, альбомаў з ілюстрацыямі вядомых твораў, матэрыялаў па артыкуляцыйнай гімнастыцы, пальчыкавых практыкаванняў, картатэкі дыдактычных гульняў.

Мая задача — навучыць дзяцей вучыцца. Для гэтага даводзіцца выступаць у ролі настаўніка, які ўсё ведае, таварыша па гульні і другой мамы, якая заўсёды зразумее і дапаможа. Займаючыся з малышамі, выкарыстоўваю розныя метады і прыёмы.

На занятках і падчас прагляду спектакляў знаёмлю дзяцей з рознымі відамі тэатра. Далучаю выхаванцаў да сумеснага вырабу лялек і атрыбутаў.

Заняткі праводжу ў вольнай форме. Так, дзеці размяшчаюцца на дыване, нібы дома, перамяшчаюцца па пакоі падчас драматызаваных і рухавых гульняў. Становішча малышоў неаднаразова мяняецца на працягу адных заняткаў, што адкрывае магчымасці для фантазіі і творчасці. Дзеці адчуваюць сябе свабоднымі і самастойнымі. Гэта патрабуе ад мяне не толькі пэўных ведаў, але і пастаяннай імправізацыі.

Не абыходжу ўвагай праблемныя сітуацыі (пераапрананне ў розных герояў, сюрпрызныя моманты), падчас якіх разам з дзецьмі шукаю шляхі іх вырашэння. Заахвочваю малышоў да творчага пошуку, уважліва стаўлюся да кожнага выказвання.

Для падтрымкі цікавасці і ўвагі выхаванцаў выкарыстоўваю інтэграваныя заняткі. Знаёмлю малышоў з вуснай народнай творчасцю, народнай музыкай, творамі мастацтва. Дзеці займаюцца маляваннем і лепкай.

Даволі часта звяртаюся ў рабоце да выкарыстання ў якасці вядучага цацкі, якая мяняе голас у залежнасці ад выбранага персанажа, праяўляе акцёрскія здольнасці, плача, смяецца, скача і бегае разам з героем міні-спектакля. Дзякуючы гэтаму, дзеці больш актыўныя на занятках.

Тэатральна-гульнявая дзейнасц­ь добра развівае маналагічнае і дыя­лагічнае маўленне. Вучу дзяцей складац­ь кароткія апісальныя апавяданні аб прадметах і апісальныя загадкі, пераказваць цікавыя тэксты, складаць аповеды па карцінках. Актыўна звяртаюся да казак. Выкарыстоўваю цацкі і прадметы, якія адпавядаюць іх зместу.

Для развіцця самастойнай маўленчай дзейнасці практыкую праслухоўванне грамзапісаў, інсцэніроўку ўрыўкаў казак, гульні-драматызацыі і гульні па казачных матывах, разгляд карцінак і ілюстрацый. Дзецям, якія лёгка і хутка засвойваюць матэрыял, прапаноўваю больш складаную работу, даю дадатковыя заданні.

Са старшымі дашкольнікамі праводжу спецыяльныя гутаркі аб прачытаных казках, падчас якіх задаю пытанні, прапаноўваю ўявіць рэплікі герояў, іх учынкі. Даю дзецям вялікую самастойнасць у выбары гульні і творчым вырашэнні яе задач.

Драматызацыя казак дапамагае малышам запомніць і аднавіць тэкст. Прапаноўваю ім рускія народныя казкі “Церамок”, “Калабок”, “Рэпка” і інш. Дзеці з задавальненнем удзельнічаюц­ь у іх драматызацыі, падбіраюць элементы касцюмаў, размяркоўваюц­ь ролі. Тым, хто баіцца выходзіць на імправізаваную сцэну, прапаноўваю іграць ролі за шырмай. Пасля драматызацыі праводжу абмеркаванне, задаю пытанні: “Якія пачуцці вы адчувалі падчас спектакля?”, “Чые паводзіны і ўчынкі вам спадабаліся?” і інш. Эмацыянальныя адносіны да падзей дзеці перадаюць праз малюнкі і апавяданні.

Працуючы над казкай, дашкольнікі абагачаюць слоўнік. Казачныя тэксты дапамагаюць правільна будаваць дыялогі, развіваюць і карэкціруюць звязнае маналагічнае маўленне (тэмбр голасу, яго сілу, тэмп, інтанацыю, выразнасць). Асаблівую ўвагу ўдзяляю выразнасці маўлення. Дзякуючы працы над выразнасцю рэплік персанажаў і ўласных выказванняў, незаўважна актывізуецца слоўнік, удасканальваюцца гукавая культура маўлення, яго інтанацыйны строй. Спачатку сама прайграю запланаваны сюжэт па ролях, а затым прапаноўваю дзецям гаварыць за персанажаў. І толькі пасля таго, як малышы запомнілі тэкст, прапаноўваю гульню на гэты сюжэт (“Адгадай загадку”, “Казка навыварат”, “Так бывае ці не?”).

Шырока выкарыстоўваю творчыя заданні. Так, падчас гульні “Падарунак на ўсіх” даю заданне: “Калі б вы былі чараўнікамі і маглі тварыць цуды, што падарылі б нам?” ці “Якое жаданне вы б загадалі?”. Падчас гульняў “Камплімент” і “Люстэрка” прапаноўваю выхаванцам сказаць фразу, якая пачынаецца словамі “мне падабаецца ў табе…”. Падобныя гульні развіваюць у дзяцей уменне сябраваць, рабіць правільны выбар, супрацоўнічаць з равеснікамі, бачыць свае станоўчыя бакі і інш.

Тэатралізаваныя гульні праводжу паэтапна. Спачатку дзеці выконваюць гульнявыя практыкаванні, накіраваныя на выпрацоўку мімікі, пантамімікі (“З’ешце кіслы лімон”, “Раззлуйцеся на забіяку”, “Спужайцеся забіякі”). Вучу жэстам: “Пакажыце высокага і нізкага хлопчыка, маленькага камарыка, мядзведзя…”, “Пакажыце напрамкі: там, уверх, уніз, вакол”, “Пакажыце розных людзей: я, ты, мы”. Развіваю пантаміміку: “Расцвілі, як кветкі”, “Завялі, як траўка”, “Паляцім, як птушкі”, “Ідзе мядзведзь па лесе”, “Крадзецца воўк за зайцам”. Дзякуючы ім, рухі становяцца больш упэўненымі, свабоднымі, разняволенымі.

Затым уключаю ў гульнявую дзейнасць музычна-рытмічныя размінкі, музычна-практычныя гульні і практыкаванні, якія развіваюць рухавасць, пластычную выразнасць, музычнасц­ь і рытмічнасць, дыхальную і маўленчую гімнастыку, з дапамогай якой фарміруюцца правільная і дакладная артыкуляцыя і вымаўленне, гульні-пераўвасабленні. Працуючы над фарміраваннем гукавой культуры маўлення, шырока выкарыстоўваю пацешкі, лічылкі, чыстагаворкі і інш.

Набытыя ўменні і навыкі дзеці ўдасканальваюць падчас правя­дзення народных, каляндарных і абрадавых свят. Малышам падабаецца прыходзіць у розных касцюмах ва ўпрыгожаную залу, якая нагадвае сялянскую хату, дзе ёсць печ, самавар, драўляныя лаўкі, саматканыя палавікі, фіранкі, ручнікі, народныя хусткі, драўляны распісны посуд і мэбля. У святочных мерапрыемствах абавязкова ўдзельнічаюць баць­кі, якія дапамагаюць шыць касцюмы, рыхтаваць атрыбуты. Дзеці з радасцю сустракаюць любімых казачных герояў: Нязнайку, Карлсана, Айбаліта, Бабу Ягу…

Работа па развіцці маўлення не з’яўляецца паўнацэннай без удзелу сям’і. Толькі ў цесным кантакце з бацькамі можна дасягнуць станоўчых вынікаў. Таму працую над павышэннем педагагічнай кампетэнтнасці мам і татаў. Праводжу для іх кансультацыі “Дамашні лялечны тэатр”, “Роля бацькоў у развіцці маўлення дзіцяці” і “Лялечны тэатр сваімі рукамі”, семінар-практыкум “Гульні, накіраваныя на развіццё фантазіі і слоўнай творчасці, звязнага маўлення ў дашкольнікаў”. Бацькі адзначаюць, што дзеці дома разыгрываюць невялікія сцэнкі на сямейных святах, выразна перадаючы характары персанажаў.

Мая работа прыносіць станоўчыя вынікі. Выхаванцы ўсвядомлена карыстаюцца моўнымі сродкамі пры перадачы думак і ў розных сітуацыях зносін. Павысіліся маўленчая актыўнасць дзяцей і цікавасц­ь да тэатральнага мастацтва. Малышы атрымліваюць эмацыянальны ўздым, праяўляюць пазітыўныя якасці характару (знаходлівасць, узаема­дапамогу, смеласць, суперажыванне, калектывізм, мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць), з задавальненнем удзельнічаюць у тэатральных пастаноўках, лялечных спектаклях, гульнях-драматызацыях. Маўленне многіх дашкольнікаў становіцца больш выразным і правільным. Дзеці актыўна выкарыстоўваюць новыя словы, прымаўкі і прыказкі ў розных сітуацыях, якія дакладна супадаюць з іх зместам.

Вераніка ШАЎЛЯКОВА,
выхавальніца ясляў-сада № 3 Ляхавіч.