Развіваем маўленне з дапамогай… казкі

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Чароўны свет казкі не толькі дазваляе дзецям зразумець асновы маралі і навучыцца адрозніваць дабро ад зла, але і развівае іх маўленне, бо мова казак надзвычай выразная і багатая на вобразныя параўнанні, дыялогі. Гэта вельмі важна, паколькі маўленне сучасных дзяцей з-за іх захаплення гаджэтамі даволі аднастайнае і малавыразнае. У некаторых парушана гукавымаўленне, недастаткова развіта дыялагічнае маўленне, бедны слоўнікавы запас.

Як зрабіць так, каб дзеці хацелі гаварыць, расказваць, разважаць? На дапамогу прыходзіць казка, якая заўсёды выклікае ў іх непадроблены інтарэс дзякуючы даступнай мове, зразумеламу сюжэту, цікавым персанажам.

Каб прыцягнуць увагу дзяцей да казак, я стварыла кніжны куток, аформлены ярка і арыгінальна. Малышы могуць у любы час прыйсці сюды і выбраць кнігу для душы.

Тэматыка кніг абумоўлена ўзростам дзяцей і іх інтарэсамі. Нягледзячы на тое, што ім усяго 3—4 гады, яны вельмі цікавяцца кніжкамі і іх героямі, з задавальненнем іх бяруць, разглядаюць, “чытаюць”. Некаторыя спрабу­юць выказвацца, расказаць пра ўбачанае. І гэта нядзіўна. Узяўшы кнігу, дзеці пагружаюцца ў чароўны свет казачных персанажаў, што дазваляе ім расслабіцца і пафантазіраваць.

Не праходзіць і дня, каб мы з дзецьмі не прачыталі казку. Дзякуючы гэтаму яны пашыраюць слоўнікавы запас, вучацца зносінам, дыялагічнаму маўленню, задаваць пытанні і адказваць на іх, канструяваць словазлучэнні і сказы.

Спачатку малышы слухаюць казку, затым інсцэніруюць яе і расказваюць. Каб яны лепш запомнілі яе, працуем з творам на працягу тыдня.

Падчас знаёмства з казкай важную ролю адыгрывае маўленне апавядальніка, якое павінна быць выразным. Малюю голасам вобразы і карціны сюжэту.

Каб дзеці глыбей успрынялі твор, разглядаем яго змест, тлумачу значэнне незразумелых слоў і выразаў, задаю пытанні, накіраваныя на выяўленне эмацыянальных адносін да сюжэту і герояў казкі, матываў іх учынкаў, сродкаў моўнай выразнасці. 

У казках часта сустракаюцца прыказкі і прымаўкі, якія дапамагаюць зразумець ідэю казкі. Разбіраючы і абмяр­коўваючы іх сэнс, дзеці запамінаюць устойлівыя выразы і вучацца прымя­няць іх у пэўнай маўленчай сітуацыі.

Малышы засвойваюць веды пры шматразовым паўтарэнні, але пры гэтым не любяць аднастайнай дзейнасці, ад якой хутка стамляюцца. Таму, каб расказванне казак праходзіла цікава і выклікала жаданне актыўнага ўдзелу ў іх абмеркаванні, выкарыстоўваю розныя формы і метады работы. Так, пасля знаёмства з казкай і яе абмеркавання прапаную дзецям для лепшага запамінання сюжэта пагуляць у дыдактычныя гульні “Назаві героя”, “Што спачатку, а што потым?”, “З якой казкі герой?”, “Казачнае лато”.

Эфектыўным сродкам развіцця звязнага маўлення з’яўляецца тэатральная дзейнасць (драматызацыя). Для гэтага выкарыстоўваю розныя віды тэатра: лялечны, пальчыкавы, лялькі на гапіце, тэатр на фланелеграфе.

Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у інсцэніроўках, паколькі, хаваючыся за маскамі персанажаў, адчува­юць сябе больш упэўнена і разняволена, лепш ужываюцца ў ролю. Малышы пачынаюць цікавіцца падзеямі, вядзеннем дыялогу. У выніку іх маўленне становіцца больш звязным, граматычна правільным і выразным.

Вялікай папулярнасцю ў дзяцей карыстаюцца серыі апорных карцінак па казках, якія выкарыстоўваюцца пры пераказах. У іх імкнуцца паўдзельнічаць нават тыя дзеці, якія адчуваюць цяжкасці ў запамінанні.     

Пры падрыхтоўцы дзяцей да пераказу апорныя карцінкі дапамагаюць адпрацаваць выраз­насць маўлення, асаблівасці мімікі герояў, іх характар.

Бацькі выхаванцаў актыўна ўдзельнічаюць у вырабе тэатральнай атрыбутыкі, конкурсах і выставах “Мая любімая казка” і “Кніжка-малышка”. Акрамя таго, мамы і таты чытаюць і разглядаюць дома з дзецьмі ілюстрацыі да кніг, вучаць іх пераказваць прачытаныя казкі.

Дзякуючы сістэмнай і разнастайнай рабоце, нашы выхаванцы ператварыліся з пасіўных слухачоў у актыўных апавядальнікаў, навучыліся пераказваць невялікія казкі, адказваць на пытанні, абмяркоўваць учынкі герояў. Малышы з радасцю пераказваюць казкі адзін аднаму, расказваюць іх дома бацькам.

Людміла МІНІЧ,
выхавальніца Пінкавіцкага ясляў-сада Пінскага раёна.