Развіваем міжкультурную камунікацыю

Цікавасць да вывучэння нямецкай мовы ў сённяшніх школьнікаў невысокая. Настаўнікам даводзіцца прыкладваць шмат намаганняў для падтрымання цікавасці да свайго прадмета. На дапамогу прыходзяць розныя адукацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць рабіць вучэбны працэс цікавым, практыка-арыентаваным і займальным.  

Актыўна прымяняю ў рабоце STEM-падыход. Дзякуючы яму, школьнікі ўсведамляюць узаемасувязь з’яў у навакольным свеце, вучацца спалучаць веды з розных галін, авалодваюць крытычным мысленнем, выпрацоўваюць навыкі каманднай работы, асвойваюць асновы менеджменту і самапрэзентацыі.

З дапамогай STEM-падыходу дзевяцікласнікі вырабілі жука-робата і лабірынт з кардону, якія выкарыстоўваюцца на ўроках пры выкананні пэўных заданняў. Вучэбны матэрыял засвойваецца лепш і хутчэй. Павышаецца матывацыя да прадмета.

Звяртаюся да навучання ў супрацоўніцтве, сутнасць якога заключаецца ў стварэнні ўмоў для актыўнай сумеснай работы школьнікаў у розных вучэбных сітуа­цыях. Выступаючы ў ролі арганізатара і кансультанта самастойнай пазнавальнай дзейнасці дзяцей, уважліва выслухоўваю іх меркаванні, скіроўваю пошук у неабходнае рэчышча, падбіраю і прапаную цікавыя вучэбныя заданні і формы работы і інш.

Дыферэнцырую заданні па прынцыпе “ад простага да складанага”, каб усе дзеці былі ахоплены дзейнасцю. Дзялю клас на 3 групы з ліку слабаматываваных, сярэдніх і моцных вучняў. Складаю для кожнай групы свае заданні. Стараюся камбінаваць іх з гульнявымі элементамі. Выкарыстоўваю схемы, алгарытмы, прэзентацыі. Гэта станоўча ўплывае на паспяховасць вучняў, выніковасць іх удзелу ў алімпіядным руху.

Шмат увагі ўдзяляю фарміраванню інфар­мацыйнай, камунікатыўнай і сацыяльнай кампетэнтнасці. З гэтай мэтай выкарыстоўваю кампетэнтнасна арыентаваныя заданні, якія можна прымяніць не толькі ў вучэбных, але і ў жыццёвых сітуацыях. Такім чынам дзеці асвойваюць будучыя сацыяльныя ролі.

Праектная дзейнасць істотна пашырае веды вучняў пра краіну, мова якой вывучаецца, яе традыцыі і звычаі, дасягненні. Рыхтуючы праекты, школьнікі вучацца вызначаць праблему, самастойна шукаць інфармацыю, аналізаваць і сістэматызаваць матэрыял.

Выкарыстоўваю тэхналогію крытычнага мыслення пры навучанні чытанню і абагульненні вывучанага матэрыялу. Гэтая тэхналогія дазваляе дзецям з розным узроўнем падрыхтоўкі дасягнуць станоўчых вынікаў, пабываць у сітуацыі поспеху. Прымяняю заданні, якія стымулююць дзяцей да самастойнага здабывання ведаў, самааналізу і самаацэнкі сваёй дзейнасці. Пры ацэньванні крытычнага мыслення ўлічваю даступнасць, логіку і паслядоўнасць выкладання матэрыялу, культуру маўлення, уменні параўноўваць і аналізаваць прадметы і падзеі, вылучаць ключавыя моманты, абагульняць і рабіць высновы.

Да тэкставай тэхналогіі звяртаюся падчас прамежкавага і выніковага кантролю ведаў. Гэтая тэхналогія дазваляе вызна­чаць узровень навучанасці дзяцей, выяўляць праблемы недастатковага засваення матэрыялу, карэкціраваць планаванне ўрокаў, павышаць эфектыўнасць кантролю ведаў, уменняў і навыкаў. 

Тэхналогію групавой работы прымяняю тады, калі неабходна стварыць умовы для актыўнай сумеснай вучэбнай дзейнасці дзяцей у розных вучэбных сітуацыях. Аб’ядноўваю школьнікаў у невялікія групы (па 3—4 чалавекі) і даю ім агульнае заданне, агаворваючы ролю кожнага ў яго выкананні. Такім чынам, работай ахоплены ўсе вучні — і слабаматываваныя, і моцныя. Разам атрымліваць веды лягчэй, цікавей і эфектыўней.

Лідар групы пастаянна трымае слабаматываваных вучняў у полі зроку, але ні ў якім выпадку не выконвае за іх работу. Задача лідара — даходліва растлумачыць, як яе выканаць. Асабліва эфектыўная групавая работа ў развіцці вуснага маўлення, чытанні, напісанні лістоў асабістага характару і сачыненняў.

Звяртаюся да групавых апытанняў для паўтарэння і замацавання матэрыялу пасля вывучэння пэўнага раздзела тэмы. Падчас такіх апытанняў моцны вучань задае пэўныя пытанні членам сваёй групы. Адказы адных дапаўняюць адказы іншых. Больш за тое, адказы каменціруюцца і ацэньваюцца ўсімі членамі групы.  

Пытанні па тэме складаю загадзя. Апытанне вядзецца ва ўсіх групах адначасова. Такая форма работы выхоўвае ў дзяцей патрабавальнасць і адказнасць за вынікі сваёй і агульнай работы. Калі нехта не зразумеў матэрыял і баіцца задаць пытанне настаўніку, на дапамогу прыходзяць таварышы.

Даволі эфектыўная праектная методыка, дзякуючы якой павышаецца хуткасць чытання, паляпшаецца якасць перакладу тэксту і работа са слоўнікамі і іншымі кры­ніцамі, удасканальваецца вуснае і пісьмовае маўленне, пашыраецца кругагляд вучняў, развіваюцца камунікатыўныя навыкі. У праектнай дзейнасці добра раскрываецца творчы і моўны патэнцыял дзяцей.

Стаўлю перад вучнямі праблемныя пытанні, якія яны вырашаюць з дапамогай мультымедыйных прэзентацый і інтэрнэту. Супрацоўніцтва з настаўнікам дазваляе дзецям пераадолець псіхалагічнае напружанне пры асваенні ІКТ. Так, малодшыя школьнікі ствараюць праекты “Калядная паштоўка”, “Восень — цудоўная пара года”, “Мой любімы гадаванец” і інш. Вучні 9—10 класаў рыхтуюць мультымедыйныя прэзентацыі ў групах і індывідуальна.

Укараняю ў практыку элементы гульнявой тэхналогіі, якая вучыць аналіза­ваць і параўноўваць, вылучаць характэрныя асаблівасці прадметаў, падзей і з’яў прыроды, што ўплывае на развіццё ўвагі, назіральнасці, памяці і ўяўлення. Акрамя таго, гульнявыя тэхналогіі валодаюць добрым выхаваўчым патэнцыялам, бо дапамагаюць выпрацаваць пэўныя якасці асобы: уседлівасць, цярпенне, узаемавыручку і інш.

На І і ІІ ступені навучання звяртаюся да граматычных, лексічных і фанетычных гульняў, накіраваных на далейшае развіццё маўленчых уменняў. Шырока выкарыстоўваю групавую і парную формы работы, якія садзейнічаюць зносінам. Так, раздаю ў пачатку ўрока кожнай пары картку з пэўнай сітуацыяй, і дзеці паспяхова авалодваюць 4— 5 рэплікамі.

Прапаную вучням карткі з назвамі дзён тыдня, месяцаў і пор года на нямецкай мове. Па маім воплеску дзеці выстройваюцца ў лінію па парадку дзён тыдня адно за адным. Мэта гульні — развіццё ўвагі і хуткасці рэакцыі. 

Раскладваю па ўсім класе некалькі прадметаў, нямецкія назвы якіх вучні ўжо ведаюць. Адзін з іх сочыць за раскладваннем прадметаў. Затым яму завязваюць вочы і ён пачынае збіраць прадметы ў парадку, прапанаваным настаўнікам. Мэта гульні — развіццё памяці і каардынацыі рухаў.

У пачатковых класах гульні надаюць урокам эмацыянальную афарбоўку. Месца гульні на занятках залежыць ад узроўню падрыхтоўкі вучняў, вучэбных мэт і ўмоў. Так, калі гульня выкарыстоўваецца ў якасці трэніровачнага практыкавання пры першасным замацаванні, то ёй можна адвесці 20 мінут. У далейшым тая ж гульня можа праводзіцца на працягу 3 — 5 мінут для паўтарэння пройдзенага матэрыялу і эмацыянальнай разрадкі.

Некаторыя граматычныя гульні эфектыўныя пры вывучэнні новага матэрыялу ці кантролі атрыманых ведаў. Так, пры адпрацоўцы граматычных навыкаў па спражэнні дзеясловаў у цяперашнім часе мы бу­дуем домік, дзе жывуць асабовыя займеннікі, да якіх прыходзяць у госці розныя дзеясловы. Для аблягчэння засваення матэрыя­лу параўноўваю спражэнне дзеясловаў з паводзінамі людзей: “У зносінах з рознымі людзьмі (бабуляй, мамай, настаўнікам) чалавек паводзіць сябе па-рознаму, але яго сутнасць застаецца аднолькавай. Так і дзеясловы, уступаючы ў зносіны з рознымі займеннікамі, захоўваюць сваю аснову, але мяняюць канчаткі”.

Нуда на ўроках — самы непрыемны недахоп настаўніцкай работы. Калі спачатку многія з энтузіязмам бяруцца за вывучэнне замежнай мовы, то потым цікавасць да яе зніжаецца. У такой сітуацыі цяжка не толькі вучням, але і педагогу, задача якога — падтрымліваць матывацыю на належным узроўні.

Творчыя заданні істотна павыша­юць эфектыўнасць урокаў. Так, асаблівую ўвагу ўдзяляю арганізацыі дыялогаў. Вучні атрымліваюць індывідуальныя карткі з заданнямі-ролямі для вывучэння пэўнай праграмнай тэмы. Напрыклад, падчас вывучэння дзеясловаў магчы, умець выкарыстоўваю папяровую выяву-маску хлопчыка, які заўсёды хваліцца. Той, каму яна ўручаецца, адказвае на пытанні астатніх. Напрыклад: “Ці можаш ты спяваць?” Адказ: “Я магу добра спяваць!” Такім чынам завучваецца спражэнне дзеясловаў.  

Для пазакласных мерапрыемстваў добра падыходзіць гульня Abenteuerreise Deutschland, разлічаная на 45 мінут. Яе мэта — сабраць падчас “падарожжа” па Германіі найбольшую колькасць заахвочвальных фішак.

Сістэмная работа прыносіць вынікі. Нашы праекты “STEM у маім жыцці” і “Сад Гётэ” перамаглі на рэспубліканскіх конкурсах. Так, канцэпцыя праекта “Сад Гётэ” звязана з садам вядомага нямецкага паэта і яго творчасцю. У цэнтры саду — клумба ў форме зоркі, якая адсылае да “зорнага саду” Гётэ. Яго называлі так з-за зоркападобнага размяшчэння дарожак, што вялі ад дома ў сад. У ім Гётэ стварыў боль­шасць сваіх твораў.

Сад быў агароджаны плотам з весніцамі — звычайнымі і для таемных візітаў. З унутранага боку гэтых весніц можна ўбачыць пентаграму “Ступня Друіда”, прызначаную для адварочвання негатыўнай энергіі.

Паводле нашага праекта, ад кожнага промня зоркі ідзе дарожка, абсаджаная шарападобнымі туямі. Калі яны падра­стуць, сад стане сапраўдным лабірынтам.

Уваход у сад упрыгожвае драўляная брама, па абодвух баках якой растуць ружы. Гэтыя кветкі высаджаны і ў цэнтры клумбы, бо іх вельмі любіў Гётэ.  

Амаль усе расліны з нашага саду так ці інакш звязаны з творчасцю паэта. Многім з іх ён прысвяціў вершы. Гэта нядзіўна, бо Гётэ быў філосафам прыроды і да раслін адносіўся як да жывых істот.

Асаблівая гордасць нашага саду — са­джанцы дрэў гінкга білоба. Гэта адно з самых старажытных дрэў на планеце, якое існавала яшчэ 25 млн гадоў назад і праця­гласць жыцця якога можа дасягаць 5 тысяч гадоў. Дрэва валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі, у тым ліку лекавымі. Гётэ прысвяціў гінкга білоба адзін з вершаў. 

У садзе растуць таксама ядлоўцавыя кусты, якія раслі і ў гётэўскім садзе. 

Рэалізаваць праект удалося дзякуючы фінансавай падтрымцы Інстытута Гётэ ў Мінску і спонсарскай дапамозе.

Дзеці ўдзельнічалі ў майстар-класах, арганізаваных ва ўстановах адукацыі Беларусі, і прайшлі моўны курс у ФРГ. Сёння ў школе рэалізоўваецца інавацыйны п­раект “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі”.

Вольга КУЗЬМІЧ,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Лунінца.