Дашкольнікі праяўляюць вялікую цікавасць да музыкі, таму педагогі ўдзяляюць належную ўвагу развіццю музычных здольнасцей дзяцей у розных відах дзейнасці, у тым ліку ў тэатральнай. Спалучэнне музыкі і тэатра фарміруе эстэтычнае ўспрыманне музычных і мастацкіх твораў, цэласны вобраз навакольнага свету.
Дзецям вельмі падабаюцца гульні-драматызацыі і тэатральныя пастаноўкі, дзе выкарыстоўваюцца песні, ігра на музычных інструментах, музычна-рытмічныя кампазіцыі. Таму на занятках звяртаюся да сюжэтаў літаратурных твораў, складаю з выхаванцамі казкі, невялікія песенькі і п’есы, інсцэнірую іх, прыдумляю танцы для любімых герояў, ствараю музычныя імправізацыі для персанажаў.
Важную ролю ў музычным развіцці дзяцей адыгрывае наяўнасць багатага пачуццёвага вопыту, які ўключае вышыню, працягласць, сілу і тэмбр гучання рэальных вобразаў навакольнага свету: шапаценне лісця, журчанне ручая і інш. Выкарыстоўваю ў музычнай дзейнасці і штучна створаныя вобразы, у якіх адсутнічае гукавая і рытмічная аналогія ў навакольнай рэчаіснасці: лялькі спяваюць, зайцы танцуюць і інш. Усё гэта паспяхова абыгрываецца з дапамогай музыкі, гульні, тэатра.
Важнае месца ў музычна-тэатральнай дзейнасці займае работа над акцёрскім майстэрствам дзяцей. Прапаную ім паказаць вобраз смачнай цукеркі, палахлівага зайчыка ці хітрай лісы, ахарактарызаваць свой вобраз і расказаць пра яго, паказаўшы мімікай, жэстамі, рухамі. Рухаючыся пад музыку, дзеці слухаюць яе, сочаць за развіццём, перадаюць настрой і характар твора.
Слуханне музычных твораў абагачае слоўнік эмацыянальна-вобразных характарыстык музыкі. Для развіцця музычнага ўспрымання шырока выкарыстоўваю аўдыязапісы, дапаўняючы іх вершамі, ілюстрацыямі, рэпрадукцыямі карцін, цацкамі, аркестроўкай твораў.
Спачатку вызначаю з дзецьмі характар і настрой музыкі, далей — выяўленчыя моманты: спявае жаўранак, журчыць ручай, скача зайчаня, цяжка тупае мядзведзь. Пасля гэтага прапаную вылучыць выразныя сродкі музыкі (дынаміку (ціха, гучна), тэмп (хутка, павольна), рэгістр (высока, нізка) і інш.), каб выхаванцы вызначылі іх ролю ў стварэнні музычнага вобраза і ўсвядомілі, што музыка расказвае не словамі, а гукамі. Так дзеці вызначаюць характар і выяўленчыя моманты музыкі ў п’есах “Куры і певень”, “Слон” і “Птушыны вальер” з фартэпіяннага цыкла К.Сен-Санса “Карнавал жывёл”.
Даволі часта пасля слухання музыкі звяртаюся да метадычнага прыёму “Паслухай і намалюй”. Колеры ў малюнках адпавядаюць характару музыкі: светлыя тоны адпавядаюць пяшчотнаму, спакойнаму, мяккаму характару музыкі, цёмныя — усхваляванаму, трывожнаму, яркія — вясёламу, радаснаму. Дзякуючы гэтаму, дзеці больш дакладна перадаюць характар і настрой герояў тэатральнай пастаноўкі.
Не абыходжу ўвагай прыём “Паслухай і праспявай”, які дапамагае рэалізаваць жаданне дашкольнікаў падпяваць пачутай музыцы. Інтанацыі музычнага твора, замацаваныя ў памяці ўласнай інтанацыяй голасу, становяцца своеасаблівым узорам пры агучванні дзіцем герояў літаратурнага твора.
Пры паўторным слуханні музыкі прапаную выхаванцам выкарыстоўваць шумавыя музычныя інструменты з найбольш выразным тэмбрам, які адпавядае характару музыкі. Прыём аркестроўкі прымяняю пры слуханні “Калыханкі” і “Арыі са званочкамі” В.А.Моцарта, “Маршу Чарнамора” з оперы “Руслан і Людміла” М.І.Глінкі, “Танца феі Дражэ” і “Танца пастушкоў” з балета “Шчаўкунчык” П.І.Чайкоўскага і інш.
Музычна-рытмічная дзейнасць дашкольнікаў пачынаецца з элементарных рухаў. Дзеці пераймаюць пэўны вобраз і асвойваюць такім чынам танцавальныя практыкаванні.
З падражальнымі рухамі знаёмлю ў спрошчанай форме з паступовым ускладненнем тэхнікі выканання, эмацыянальнай перадачы характару пэўнага вобраза і інш. Дзеці з задавальненнем пераўвасабляюцца ў казачных ці рэальных персанажаў (сняжынку, бусла, пеўніка), выкарыстоўваючы адпаведную міміку, жэсты, рухі.
Вельмі падабаюцца дашкольнікам сюжэтныя танцы, якія спалучаюць музыку, рухі і драматызацыю. У такой сітуацыі важную ролю адыгрывае дынаміка: калі музыка гучыць ціха, то дзеці рухаюцца на пальчыках, крадучыся, як, напрыклад, лісічка.
Рэгістравая афарбоўка гуку таксама гаворыць пра пэўны вобраз: калі музыка гучыць у высокім рэгістры — гэта птушкі, матылькі, калі ў нізкім — гэта тупае мядзведзь, бяжыць воўк. Фарміруючы ў дзяцей уменне перадаваць вобраз героя рухамі і танцам, дапамагаю развіць пластычнасць, выразнасць, артыстызм і фантазію. Так, на занятках паводле казкі “Тры парсючкі” прапаную выхаванцам прыдумаць вясёлая танцы парсючкоў.
З музычнымі інструментамі знаёмлю дашкольнікаў шляхам гульнявых вобразаў і сітуацый. Іграючы на інструментах, кантрастных па тэмбры (дудачка ці званочак), акцэнтую ўвагу на рознай афарбоўцы гучання. Гучанне маршу суправаджаю ігрой на бубне ці барабане, каб падкрэсліць рытм. Разнастаіць гучанне дапамагае бег у суправаджэнні ігры на лыжках. Так, у вядомай казцы “Курачка Раба” дзецям лягчэй па пачутай музыцы здагадацца, што ў бабуліным двары ходзіць курачка, вобраз якой яны перадаюць у руху, а затым з выкарыстаннем музычных інструментаў (бубна, званочка ці бразготкі) паказваюць, як птушка бяжыць, ходзіць па двары, дзяўбе зярняткі.
Выхаванцы адчуваюць і аднаўляюць у рухах (хадзьбе, пляскачах) музычны рытм, а потым прайграюць яго на інструментах. Напрыклад, у казцы “Церамок” дзеці прыдумляюць імправізацыі на металафоне (бяжыць мышка і стукае ў дзверы, скача жабка і інш.), а я дапамагаю знайсці неабходную вышыню гучання, якая адпавядае кожнаму персанажу.
Старшыя дашкольнікі выконваюць больш складаныя заданні: ствараюць інструментальныя імправізацыі на тэксты вершаў і па сюжэтных карцінках, прыдумваюць мелодыі ў розным жанры і рознага характару. Акрамя таго, выхаванцы выконваюць сольныя партыі герояў на трохвугольніку, металафоне, трашчотцы і лыжках, прыдумваюць імправізацыі на музычных інструментах, якія адлюстроўваюць дзеянні герояў мастацкіх твораў, іх галасы, настрой, характар.
Даволі часта віды дзейнасці на музычных занятках аб’ядноўваюцца сюжэтам “Наш тэатр”. Выкарыстоўваю інсцэніроўкі і драматызацыі з музыкай падчас забаўляльных і святочных мерапрыемстваў, у нерэгламентаваных відах дзейнасці.
Святлана СЯРГЕЙ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 1 Ляхавіч.