Развіваем пазнавальную актыўнасць праз самастойную работу

- 12:25Навіны рэгіёнаў

Фарміраванне пазнавальнай самастойнасці і актыўнасці вучняў на ўроках гісторыі — вельмі актуальная праблема, улічваючы вялікія аб’ёмы інфармацыі і яе хуткае старэнне. Задача педагога — навучыць дзяцей самаадукацыі і самастойнаму набыццю ведаў, што дапаможа хутка рэагаваць на запыты часу.

Самастойная работа — гэта найперш высокая матывацыя, творчасць, ініцыятыва, імкненне да пазнання гістарычнай рэчаіснасці. Эфектыўнасць урока залежыць ад актывізацыі самастойнай дзейнасці вучняў, да якой можна звяртацца на розных этапах заняткаў: пры праверцы дамашняга задання, падрыхтоўцы да ўспрымання новага матэрыялу, атрыманні новых ведаў, іх абагульненні і сістэматызацыі, фарміраванні пэўных навыкаў і ўменняў, абагульненні, рэфлексіі.

Самастойная работа ўключае работу з падручнікам, дадатковай літаратурай, дакументамі, картай, атласам, статыстычнымі данымі і ілюстрацыямі. Работа з падручнікам — адна з галоўных крыніц ведаў. Працуючы з ім, вучні выконваюць розныя заданні, самастойна абдумваюць адказы на пытанні ці праблемныя сітуацыі, створаныя настаўнікам.

Прапаноўваю дзецям заданні, звязаныя з пошукам інфармацыі: прачытаць пэўны матэрыял, вылучыць галоўную думку ў тэксце. Такім чынам вучні знаходзяць галоўную інфармацыю пра гістарычныя падзеі. Магу прадставіць тую ці іншую падзею, прапанаваўшы дзецям самастойна папрацаваць з падручнікам і знайсці факты, якія па­тлумачаць яе. Часам даю вучням загадзя пытанні, на якія трэба знайсці адказы падчас чытання. Складаным, але цікавым з’яўляецца самастойнае складанне тэставых заданняў па прачытаным матэрыяле.

Пры праверцы дамашняга задання задаю першае пытанне і цікаўлюся, хто на яго адкажа. І так па ланцужку. У выніку вучні самі фармулююць пытанні па пройдзенай тэме. Ацэньваю іх па колькасці зададзеных пытанняў і адказаў. Заўсёды памятаю, што вучні будуць толькі тады працаваць эфектыўна, калі заданне падаць у даступнай і цікавай форме.

З вялікай цікавасцю школьнікі працуюць з трыядай, калі неабходна раздзяліць прапанаваныя словы на групы па вызначаных прыметах (па тры словы ў кожнай групе): паляванне, збіральніцтва, рыбная лоўля (прысвойваючая гаспадарка); сяляне, мяшчане, памешчыкі (саслоўі); чынш, аброк, паншчына (павіннасці).

Падобнае заданне — выбраць з прапанаваных слоў лішняе: неандэрталец, краманьёнец, ідал (лішняе — ідал, бо гэта статуэтка, а не першабытны чалавек); волава, медзь, свінец, золата (лішняе — золата, бо старажытныя людзі яго не выкарыстоўвалі ў якасці металу).

Такія заданні развіваюць лагічнае мысленне і кемлівасць, разнастайваюць вучэбную дзейнасць, дапамагаюць лепш засвоіць паняцці.

У рабоце з падручнікам актыўна выкарыстоўваю складанне плана па тэксце параграфа. Гэта дазваляе вучням засяродзіцца на чытанні тэксту. Здольнасць сканцэнтравацца развівае ўважлівасць і памяць.

Прыкладам творчай работы з’яўляецца прыдумванне ўласных загалоўкаў да прачытанага параграфа і яго падпунктаў.

Вельмі цікавыя заданні, якія развіваюц­ь уменне параўноўваць, аналізаваць, абагульняць, рабіць высновы і выяўляць заканамернасці. На ўроках сістэматычна прымяняю прыём параўнання, прычым на розных этапах. Асабліва каштоўны ён у заключнай част­цы заняткаў і пры абагульненні матэрыялу. Так, замацоўваючы ў 9 класе тэму “Кастрычніцкая рэвалюцыя”, пытаюся пра падабен­ства і адрозненне Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Даволі карысныя заданні па складанні ментальных карт і схем. У цэнтры аркуша запісваецца галоўная тэма, ад якой адыхо­дзяць галінкі з асноўнымі словамі і паняццямі, звязаныя з ёй. Намаляваныя галінкі дапаўняюцца падгалінкамі з ключавымі словамі, пакуль тэма не будзе вычарпана. Ментальную карту можна прымяняць да любой тэмы.

У якасці дамашняга задання на апярэ­джанне прапаноўваю сямікласнікам прачытац­ь параграф “Руская культура XVI—XVIII стагоддзяў” і скласці спіс славутасцей рускай культуры гэтага перыяду. Такім чынам вучні гатовы растлумачыць іншым новую тэму.

Асаблівай увагі заслугоўвае работа з табліцамі і схемамі, якая добра актывізуе самастойнае мысленне. Заданні з табліцамі і схемамі даю пры вывучэнні розных тэм. Працуючы з табліцамі і схемамі, дзеці карыстаюцца падручнікам і картамі. Складанне табліц дазваляе прааналізаваць вучэбны матэрыял, супаставіць падзеі, зрабіць пэўныя высновы.

Прапаноўваю таксама скласці тэксты з прапушчанымі словамі і крыжаванкі, прааналізаваць змест вучэбнага матэрыялу, самастойна абагульніць яго і зрабіць высновы, спрагназаваць далейшы ход падзей, выказац­ь уласнае меркаванне, падзяліцца асабістымі думкамі ў вуснай ці пісьмовай форме, выканаць практычнае заданне, адправіцца ў завочнае падарожжа.

Работа з дадатковай літаратурай дапамагае напісаць рэферат, падрыхтаваць паведамленне на вызначаную тэму, выканаць творчую работу. Як правіла, у якасці дадатковай літаратуры на ўроках гісторыі выкарыстоўваюцца хрэстаматыйны матэрыял і матэрыял мастацкай літаратуры з урокаў беларускай і рускай літаратуры.

Вялікую ролю ў вывучэнні гісторыі адыгрывае работа з фрагментамі гістарычных дакументаў, што дазваляе канкрэтызаваць гістарычны матэрыял, стварыць яркія вобразы і карціны мінулага. Работа з дакументамі актывізуе мысленне і ўяўленне вучняў, дапамагае разабрацца ў змесце важных сучасных працэсаў, развіць навыкі навуковага пазнання.

Прапаноўваю школьнікам растлума­чыц­ь значэнне паняццяў, якія выкарыстоўваюцца ў тэксце дакумента, параўнац­ь тэкст дакумента са зместам падручніка, прааналізаваць гістарычную крыніцу, карыстаючыся памяткай, выбраць з дакумента ключавое слова пэўнай з’явы і падабрац­ь словы, якія пацвярджаюць яе, выбраць галоўнае ў змесце дакумента, аргументаваць свой выбар.

Важную ролю ў развіцці мысліцельнай дзейнасці адыгрываюць атлас і карта. Кожны ўрок гісторыі павінен абавязкова суправаджацца выкарыстаннем картаграфічнага матэрыялу. Асноўная задача — навучыць дзяцей чытаць легенду карты і разумець яе, атрымліваць неабходныя звесткі.

Гістарычныя атласы і карты змяшчаюць шмат розных звестак, напрыклад, пра ўзнікненне дзяржаў, змены іх тэрыторый, раёны рассялення народаў, шляхі ваенных паходаў, месцы бітваў, маршруты падарожнікаў і інш. Вучні параўноўваюць карты падручніка і атласа, вызначаюць тэрыторыі пэўных дзяржаў, аналізуюць набытую інфармацыю, робяць высновы.

Важнае месца ў вывучэнні прадмета займае мастацкае суправаджэнне да падручніка — ілюстрацыі, якія дазваляюць найбольш поўна раскрыць вызначаную тэму і наглядна адлюстраваць гістарычную эпоху. Ілюстрацыя — вялікая крыніца для ўяўлення кан­крэтнай гістарычнай падзеі, як жылі продкі, як выглядалі, як развівалася іх гаспадарка, чым займаліся. Працуючы з ілюстрацыямі, дзеці вучацца аналізаваць гістарычныя па­дзеі на аснове іх нагляднай візуалізацыі. Да іх можна даваць вуснае і пісьмовае апісанне, прапанавац­ь правесці элементарны аналіз ілюстрацыі (вылучыц­ь галоўнае, скласці апісальны аповед па карціне, апісаць помнікі архітэктуры, расказац­ь пра гістарычныя падзеі, якія ляжаць у аснове ілюстрацыі). Ілюстрацыі добра развіваюць памяць, увагу і творчае мысленне.

Метадычна правільная арганізацыя самастойнай дзейнасці вучняў на ўроках фарміруе ў іх пазнавальную актыўнасць, павышае ўпэўненасць у сабе.

Марыя ПЯТРУШКА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Дараўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.