Вядомы педагог Ш.А.Аманашвілі пісаў: “У працэсе навучання трэба як мага часцей ствараць сітуацыі “невучэбнага” характару, калі дзіця не адчувае, што яго вучаць іншамоўнаму маўленню. Тады дзіця пачне зносіны таму, што яму захочацца нешта паведаміць, пагаварыць з настаўнікам, сябрамі”.
Сённяшняму грамадству неабходны не толькі эрудзіраваныя асобы, якія ўмеюць думаць, аргументаваць і даказваць сваю пазіцыю, але і творчыя. Замежная мова — важны сродак пазнання навакольнага свету, самаразвіцця і самарэалізацыі. Вялікім патэнцыялам для гэтага валодае пазаўрочная работа, у рамках якой фарміруюцца камунікатыўныя кампетэнцыі і моўныя паводзіны вучняў, уменні ўзаемадзейнічаць з равеснікамі, працаваць з рознымі крыніцамі іншамоўнай інфармацыі, удзельнічаць у праектнай дзейнасці.
З мэтай развіцця камунікатыўных кампетэнцый дзяцей мы з калегай К.А.Найдзен звярнуліся да тэатралізаваных паказаў на англійскай мове. Гэта адразу выклікала вялікую цікавасць у школьнікаў. У творчым калектыве “Джэм”, які існуе ўжо 4 гады, займаюцца вучні 4—11 класаў.
Пастаноўкі выбіраюцца з улікам індывідуальных асаблівасцей і схільнасцей дзяцей. Пасля гэтага размяркоўваюцца ролі, вучні атрымліваюць тэксты, і пачынаецца работа над касцюмамі.
Тэксты прачытваюцца з настаўнікамі і завучваюцца дома. Рыхтуючы выступленні, вучні аб’ядноўваюць эмоцыі з тэкстамі. Карпатлівая праца дае вынікі. На працягу трох гадоў “джэмаўцы” па выніках раённага фестывалю-конкурсу вучнёўскіх пастановак на замежнай мове займаюць прызавыя месцы.
Пазаўрочная дзейнасць дапамагае павысіць матывацыю школьнікаў да вывучэння замежнай мовы, вучыць прэзентаваць на ёй родную краіну і культуру, далучае да міжкультурнага дыялогу.
Алёна КУХАРЧУК,
настаўніца англійскай мовы Малькавіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.