Развіваем вучэбную матывацыю да фізкультуры

- 12:22Навіны рэгіёнаў

Развіццё вучэбнай матывацыі да сістэматычных заняткаў фізкультурай — адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці настаўніка фізкультуры і здароўя. Пры фарміраванні і развіцці матывацыі педагогу трэба ўлічваць шэраг матываў: пазнавальныя патрэбы (“Хацелася б даведацца, як гэта зрабіць”, “А ў мяне атрымаецца?”), мэты (“Імкнуся дасягнуць шмат чаго ў спорце”), інтарэсы (“Мне падабаецца футбол і ўсё, што з ім звязана”), імкненні (“Хачу трапіць у алімпійскую зборную краіны”), ідэалы (“Мой ідэал — Даша Домрачава”) і матывацыйныя ўстаноўкі вучняў (“У нашай сям’і ўсе спартсмены”, “Хачу быць настаўнікам фізкультуры”).

Вучэбная матывацыя павінна быць устойлівай і дынамічнай. Яна залежыць ад многіх знешніх, унутраных і асобасных фактараў: матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, асобы настаўніка фізкультуры і яго педагагічнага майстэрства, умоў правядзення ўрокаў, асаблівасцей выхаваўчай работы ў школе і ў сям’і, сацыяльнага акружэння, узроўню фізічнай падрыхтоўкі вучняў і інш. Задача настаўніка — зрабіць так, каб знешнія матывы сталі ўнутранымі, асабістымі. Так, калі спачатку развіццё хуткасна-сілавых якасцей дзяцей з’яўляецца жаданнем педагога, які рыхтуе школьную каманду да спаборніцтваў, то потым гэта можа стаць асабістым матывам вучня, каб дасягаць больш высокіх вынікаў у пэўным відзе спорту.

Даволі часта матывацыя мяняецца з узростам. Так, матывацыя малодшых школьнікаў адрозніваецца ад матывацыі старшакласнікаў. Калі ў пачатковых класах асноўным матывам будзе жаданне выканаць усё правільна, каб заслужыць пахвалу настаўніка і атрымаць добрую адзнаку, то ў сярэдніх — самасцвярджэнне ў групе равеснікаў, а ў старшых — жаданне паступіць ва ўстанову адукацыі па выбранай спецыяльнасці ці дасягнуць высокіх вынікаў у спорце як у прафесійнай дзейнасці. 

Развіваць вучэбную матывацыю дапамагаюць актыўныя формы работы з дзецьмі, нетрадыцыйныя ўрокі, прычым нетрадыцыйныя формы навучання толькі дапаўняюць традыцыйныя. Яны паспяхова фарміруюць рухальныя ўменні і навыкі, выклікаюць станоўчыя эмоцыі, падтрымліваюць высокую праца­здольнасць вучняў на занятках.

У метадычным арсенале сучаснага настаўніка фізкультуры шмат эфектыўных сродкаў і метадаў работы. Сярод нетрадыцыйных урокаў заслугоўваюць увагі ўрокі-падарожжы, трэніровачныя ўрокі і інш. Так, урок-падарожжа заснаваны на казачным ці рэальным сюжэце, дзе заданні і практыкаванні выконваюцца ў ходзе падарожжа ад станцыі да станцыі. Трэніровачны ўрок уяўляе сабой заняткі, накіраваныя на развіццё і трэніроўку пэўных якасцей, напрыклад умення верхняй перадачы ў валейболе. Падчас кругавой трэніроўкі вучні адзін за адным выконваюць пэўныя заданні для развіцця фізічных якасцей.

У рабоце з малодшымі школьнікамі найбольш папулярны ўрок, пабудаваны на рухавых гульнях і накіраваны на замацаванне рухаў у новых і зменлівых умовах. Адна з асноўных пераваг гульнявой дзейнасці — добраахвотнасць. Прымусіць гуляць нельга. Задача педагога — дапамагчы дзецям раскрыць свой патэнцыял, праявіць самастойнасць у дзеяннях і ўчынках, спазнаць перавагі сумеснай дзейнасці. У гульні развіваюцца спрытнасць, сіла, вынослівасць і хуткасныя якасці вучняў, адбываецца аздараўленне. Сярод гульняў варта вылучыць “Кошкі і мышкі”, “Трэці лішні”, “Два капітаны”, “Хованкі” і інш.

Цікавая форма работы — урок, пабудаваны на музычна-рытмічных рухах. На такіх уроках могуць выкарыстоўвацца найпрасцейшыя танцавальныя практыкаванні. Іх прымяняюць у якасці агульнаразвіццёвых практыкаванняў для ўводнай і заключнай частак урока. Звычайна гэта вельмі простыя рытмічныя практыкаванні, якія эмацыянальна выконваюцца пад музыку. З іх дапамогай настаўнік паспяхова вырашае розныя вучэбныя задачы: рыхтуе дзіцячы арганізм да будучай нагрузкі, паляпшае эмацыянальны стан і інш.

Даволі эфектыўны ўрок з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў навучання. Для тлумачэння тэарэтычных палажэнняў мэтазгодна прымяняць магчымасці мультымедыйных прэзентацый PowerPoint. Акрамя таго, можна звяртацца да камп’ютараў для тэсціравання вучняў па тэарэтычнай частцы вучэбнай праграмы, у тым ліку пры падрыхтоўцы да прадметнай алімпіяды.

Педагогі нашай школы актыўна выкарыстоўваюць у рабоце розныя прыёмы фарміравання вучэбнай матывацыі на ўроках і факультатывах, у гуртках, на пазакласных мерапрыемствах. Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю і ўдасканаленню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Набываюцца неабходныя інвентар і абсталяванне, вырабляюцца трэнажоры, рыхтуюцца наглядныя матэрыялы.

Усе настаўнікі займаюцца самаадукацыяй, абменьваюцца вопытам, вывучаюць напрацоўкі калег, сочаць за навінкамі метадычнай літаратуры, павышаюць прафесійную кваліфікацыю, выступаюць на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў і інш. 

Урокі фізкультуры праводзяцца з выкарыстаннем розных тэхналогій і іх варыянтаў. Так, у здароўезберагальнай тэхналогіі вылучаюцца элементы фітнес-тэхналогій (стэп-аэро­біка, практыкаванні на фітболах, шэйпінг), у гульнявой — элементы рухавых і спартыўных гульняў. Многія настаўнікі актыўна звяртаюцца да нетрадыцыйных урокаў: урокаў кругавой трэніроўкі, урокаў з выкарыстаннем трэнажора “Каардынацыйная дарожка”, табата-трэніроўкі і інш.

Настаўнікі фізкультуры право­дзяць пазаўрочныя мерапрыемствы ў шосты школьны дзень, на канікулах, у аздараўленчым і працоўным лагерах на базе школы: спартландыі, спартыўнае свята “Тата, мама, я — алімпійская сям’я”, турыстычныя эстафеты да Дня турызму, спаборніцтвы па розных відах спорту, конкурс на лепшага спартсмена школы і інш.

Важную ролю ў павышэнні вучэбнай матывацыі школьнікаў адыгрывае клуб “Юны алімпіец”, які працуе з 2009 года. Яго ўдзельнікі (а гэта 35 хлопчыкаў і дзяўчынак) прапагандуюць здаровы лад жыцця, алімпійскія каштоўнасці, далучаюць равеснікаў і сваіх бацькоў да традыцый алімпійскага руху і розных конкурсаў, арганізаваных прадстаўніцтвам НАК у Брэсцкай вобласці. Адзін з напрамкаў дзейнасці клуба — правядзенне алімпійскіх урокаў, на якіх дэманструюцца створаныя дзецьмі мультымедыйныя прэзентацыі пра алімпійцаў Брэстчыны.

Заканамернымі вынікамі мэтанакіраванай дзейнасці педагогаў з’яўляюцца перамогі вучняў у спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроў­ню па стрытболе, валейболе, настольным тэнісе, шахматах, турысцка-прыкладным мнагаборстве і інш. Павялічваецца колькасць дзяцей, якія займаюцца ў спартыўных гуртках і секцыях.

Міхаіл БАНДАРУК,
Наталля ШАПАШНІКАВА,
настаўнікі фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 9 Кобрына.