Развіваем вынослівасць з дапамогай фітнесу

- 9:20Навіны рэгіёнаў

Захаванне і ўмацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя дзяцей — адна з прыярытэтных задач дашкольнай адукацыі, якая рэалізуецца праз комплекс псіхолага-педагагічнай, прафілактычнай і аздараўленчай работы. Задача педагога — падабраць эфектыўныя сродкі і метады фізічнага развіцця і аздараўлення выхаванцаў, найперш праз удасканаленне рухальнай актыўнасці.

Дзіцячы фітнес адкрывае шырокія магчымасці для гарманічнага развіцця дашкольнікаў у спартыўна-танцавальнай дзейнасці. Дзякуючы фітнесу з яго музычна-рытмічным комплексам, у дзяцей павышаецца цікавасць да фізічных практыкаванняў, паляпшаецца настрой, развіваюцца ўяўленне і памяць. 

Паказчыкам працаздольнасці з’яўляецца вынослівасць. Вынослівыя дзеці вытрымліваюць большую фізічную і разумовую нагрузку. Таму, рыхтуючы іх да школы, вельмі важна разам з іншымі фізічнымі якасцямі развіваць і вынослівасць, якая, у сваю чаргу, фарміруе характар і валявыя якасці асобы: настойлівасць, мэтанакірава­насць, упэўненасць ва ўласных сілах, смеласць і рашучасць.

Добрая вынослівасць у дзіцячым узросце паляпшае рухальныя здольнасці, удасканальвае пластыку цела, нармалізуе дзейнасць сістэм кровазвароту і дыхання, а таксама цэнтральнай нервовай сістэмы.

Развіваючы вынослівасць на занятках фітнесам, трэба прытрымлівацца пэўнай паслядоўнасці дзеянняў, паколькі нерацыянальнае спалучэнне розных фізічных нагрузак можа знізіць, а не павысіць трэніраванасць выхаванцаў. Таму спачатку варта сканцэнтраваць увагу на развіцці аэробных магчымасцей адначасова з развіццём функцый сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, умацаваннем апорна-рухальнага апарату, што складае агульную вынослівасць. Гэтая задача не вельмі метадычна складаная, але патрабуе пэўных валявых намаганняў, паступовага выкарыстання сродкаў, сістэмнасці трэніровачных заняткаў і эмацыянальнай афарбоўкі.

Асноўным метадам развіцця вынослівасці з’яўляецца метад бесперапынных практыкаванняў невялікай інтэнсіўнасці. Так, працягласць бесперапынных рухаў павінна складаць каля 1,5 хвіліны для старэйшых дашкольнікаў. Асаблівае значэнне пры гэтым набывае іх здольнасць працягваць практыкаванне на фоне стомленасці.

У якасці асноўных прымяняю цыклічныя практыкаванні, выкананне якіх адпавядае шэрагу па­трабаванняў. Так, у практыкаванні павінна ўдзельнічаць шмат мышачных груп, павінны чаргавацца моманты напружання і расслаблення, практыкаванні павінны быць знаёмымі і няцяжкімі па тэхніцы выканання.  

Для таго каб выхаванцы выконвалі пэўныя рухі, ім трэба вало­даць лоўкасцю, хуткасцю, гнуткасцю, сілай і вынослівасцю. Фізічная падрыхтоўка адлюстроўвае магчымасці функцыянальных сістэм арганізма. Калі заняткі прахо­дзяць у эмацыянальна камфортнай атмасферы, то фізічныя паказчыкі паляпшаюцца. Пры адмоўных эмоцыях і назапашванні стомленасці рухальныя рэакцыі запавольваюцца, павялічваецца колькасць недакладных рухаў, асабліва складана каардынаваных, значна зніжаюцца хуткасць і частата рухаў. 

Вопыт работы паказвае, што для паляпшэння вынослівасці неабходны рэгулярныя заняткі не толькі фізкультурай, але і фітнесам. Гэта станоўча ўплывае на развіццё фізічных якасцей, рост, вагу і інш. Дзякуючы дадатковай фізкультурнай дзейнасці, у дзяцей развіваюцца музычны слых і пачуццё рытму.

Лепшым паказчыкам выніковай работы з’яўляецца павышэнне попыту на заняткі фітнесам з боку баць­коў і дзяцей.

Аляксандр МІРАНЕНКА,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 2 Драгічына.