Развіваць крытычнае мысленне і ўменне знаходзіць інфармацыю

Дзмітрый Вячаслававіч Каспорскі — малады педагог Фаніпальскай гімназіі Мінскага раёна. За год ён паспеў выдатна зарэкамендаваць сябе не толькі ва ўстанове адукацыі, але і ў Дзяржынскім раёне. Настаўнік стараецца так выкладаць геаграфію, каб у гімназістаў былі трывалыя веды і жаданне вучыцца, фарміравалася самастойнае, крытычнае мысленне.

Геаграфія са школьнай парты аднойчы і назаўсёды паланіла маладога чалавека. Хацелася звязаць свой лёс менавіта з гэтым прадметам і ведаць яго дасканала. Дзмітрый скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі, адразу паступіў у магістратуру. Пачынаў працоўную дзейнасць з цікавасцю і ўпэўненасцю ў сваіх сілах. Ролю педагога прымераў падчас педагагічнай практыкі, прычым выкладаў не толькі ў школе, але і ва ўніверсітэце.

— Я вельмі задаволены тым, што не толькі атрымаў вышэйшую адукацыю, але і скончыў магістратуру, — адзначае Д.В.Каспорскі. — Гэта была выдатная магчымасць паглыбіцца ў любімы прадмет, адчуць большую ўпэўненасць у сваіх сілах. Падчас вучобы мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыка для студэнтаў трэцяга курса. Я, вядома ж, згадзіўся і атрымаў каштоўны вопыт, пасля якога ішоў у школу ўжо без асаблівых хваляванняў. Пераканаўся: галоўнае — любіць і ведаць свой прадмет, усё астатняе пры жаданні прыходзіць з вопытам.

Дзмітрый Вячаслававіч узгадвае, што даволі хутка прызвычаіўся да гімназічнага жыцця. На работу ў Фаніпаль ён ездзіць з Дзяржынска. Тое, што давялося стартаваць адразу ў гімназіі, выклікала яшчэ большую адказнасць: значыць, ад настаўнікаў, у тым ліку і маладых, шмат чаканняў, а ім варта адпавядаць!

За год малады педагог паспеў папрацаваць з вучнямі рознага ўзросту — ад 6 да 11 класа. Першапачаткова ў яго было меркаванне, што знайсці агульную мову складаней за ўсё будзе з сямікласнікамі-васьмікласнікамі з-за асаблівасцей пераходнага ўзросту. Аднак на справе ніякіх праблем не ўзнікала. Прасцей за ўсё аказалася працаваць са старшакласнікамі, магчыма, таму, што розніца ва ўзросце з імі невялікая і разумець іх лягчэй.

— Да кожнага патрэбны свой падыход, і, безумоўна, важна ўлічваць узроставыя і індывідуальныя асаблівасці, — тлумачыць Дзмітрый Вячаслававіч. — Трэба праяўляць творчасць, крэатыўнасць ды і проста мудрасць, каб зацікавіць і далей весці за сабой вучняў. Для мяне, як аказалася, самая складаная задача ў гэтым сэнсе стаяла ў 6 класах. У дзяцей пачаўся новы прадмет, і варта прыцягнуць іх увагу, зацікавіць настолькі, каб яны накіравалі сваю энергію на вучобу.

Дзмітрый Вячаслававіч любіць геаграфію і імкнецца перадаць свае адносіны да прадмета вучням. Да ўрокаў рыхтуецца з цікавасцю, прадумваючы, як лепш падаць тую ці іншую тэму. Галоўнае ж — імкнецца навучыць дзяцей самастойна шукаць і аналізаваць інфармацыю, мысліць крытычна. Яму асабліва падабаюцца моманты, калі вучні спрабуюць самі разабрацца ў пастаўленай праблеме, выказваюць розныя меркаванні, няхай часам і памылковыя, абгрунтоўваюць свой пункт гледжання. У старшых класах цікава было паспрабаваць такую форму, як дэбаты, што вельмі спадабалася падчас вучобы ва ўніверсітэце. Усе падобныя ўрокі прайшлі прадукцыйна. Настаўнік стараўся прапаноўваць цікавыя тэмы, раіў крыніцы інфармацыі, вучні старанна рыхтаваліся і былі вельмі актыўныя.

Маладому педагогу падабаецца не абмяжоўвацца сваім прадметам. На ўроках ён пастаянна паказвае ўзаемасувязь геаграфіі з гісторыяй, хіміяй, біялогіяй і нават часам выкарыстоўвае англійскую мову. Дае заданні падрыхтаваць прэзентацыю пра пэўную краіну з цікавымі фактамі, звесткамі пра сучасную і старажытную культуру, каб пасля прагляду захацелася абавязкова туды з’ездзіць. Такі падыход дазваляе прапаноўваць нестандартныя заданні, прыводзіць цікавыя факты і ўсебакова развіваць вучняў.

Першы працоўны год прынёс і першыя дасягненні, якія, вядома ж, асабліва ўзрадавалі і натхнілі на далейшую, яшчэ больш плённую працу. Гімназісты заваявалі восем дыпломаў на раённым этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і тры — на абласным. Да таго ж адна з выпускніц, Варвара Савёнак, атрымала 90 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Для Дзмітрыя Вячаслававіча ўсё гэта вялікая радасць, але ён падкрэслівае, што тут не толькі яго асабістая заслуга, але і папярэдняга настаўніка — Аляксандра Іванавіча Коршуна.

— Вельмі цікава рыхтавац­ь высокаматываваных вучняў да разнастайных конкурсаў, алімпіяд, шукац­ь для іх дадатковую інфармацыю, — расказвае Д.В.Каспорскі. — Гэта асобны кірунак работы, які мне таксама вельмі спадабаўся. Спачатку гімназісты спрабавалі свае сілы ў рэспубліканскім конкурсе “Глабусёнак”. Пазней іх чакала ўжо больш складанае выпрабаванне ў выглядзе алімпіяд. Я бачыў, што дзецям цікава і рыхтавацца, і ўдзельнічаць. Паступова заданні ўскладняюцца, і вучні стараюцца перайсці на новы ўзровень. У наступным годзе абавязкова працягнем узмоцненую работу з тымі, для каго геаграфія стала любімым прадметам.

Дзмітрый Вячаслававіч разам з вучнямі займаўся яшчэ і даследчай дзейнасцю. Дзяцей ён захапіў матэрыялам, які ім блізкі, — складаннем турыстычнага маршруту па малой радзіме — Фаніпальшчыне і ваколіцах. Вывучалі і ўлічвалі не толькі геаграфічныя асаблівасці, але і экалагічную сітуацыю, гісторыю краю. Працаваць над падобным праектам усім было цікава і карысна.

Так склалася, што класным кіраўніком малады настаўнік пабыў усяго месяц, па просьбе падмяніўшы калегу напрыканцы навучальнага года. Гэтая дзейнасць таксама захапіла Д.В.Каспорскага. Тым больш што яму давялося паспрабаваць сябе ў ролі класнага кіраўніка адразу ў выпускным 11 класе. Хваляванні перад экзаменамі і паступленнем, апошні званок і выпускны вельмі аб’ядналі гімназістаў і Дзмітрыя Вячаслававіча. У маладога спецыяліста засталіся самыя цёплыя ўспаміны аб гэтым перыядзе і разуменне: класны кіраўнік — асаблівы чалавек у жыцці вучняў, які павінен не на словах, а на справе быць прыкладам, засцерагчы ад памылак, даць слушную параду, навучыць сябраваць і быць справядлівымі.

Неўзабаве Дзмітрый Вячаслававіч зноў сустрэнецца са сваімі вучнямі і працягне набірацца педагагічнага вопыту. У гэтай справе маладому спецыялісту ёсць на каго абаперціся не толькі ў школе, але і дома. Яго маці Ірына Васільеўна таксама педагог, дырэктар сярэдняй школы № 2 Дзяржынска. Яна выкладае хімію і біялогію, а яе родная сястра — біялогію ў адной з мінскіх школ. Да таго ж тата і жонка — па адукацыі таксама выкладчыкі геаграфіі. Зараз педагогіка і геаграфія аб’ядналі некалькі пакаленняў сям’і Каспорскіх.

Падрыхтавала Таццяна ШЫМКО.