Развіваць у выхаванцаў звязнае маўленне настаўніку-дэфектолагу Аксане Балук дапамагае тэматычны каляндар

- 13:26Образование

Як тэматычны каляндар дапамагае настаўніку­-дэфектолагу Аксане Балук з Пінкавіцкага дзіцячага сада Пінскага раёна развіваць у выхаванцаў звязнае маўленне, даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У сучаснай карэкцыйна-лагапедычнай рабоце важна не толькі добра валодаць прыёмамі пастаноўкі і аўтаматызацыі гукаў і развіцця звязнага маўлення, але і актыўна прымяняць тэхналогіі, якія дазваляюць да­школьнікам асвойваць яго з цікавасцю і жаданнем, — гаворыць педагог. — Як правіла, пры выкарыстанні пэўнай тэхналогіі ўлічваюцца розныя фактары, у тым ліку і поры годы. Так, напярэдадні зімовых свят старэйшыя дашкольнікі, якія атрымліваюць карэкцыйную дапамогу, адлічваюць дні да навагодняга ранішніка па адвент-календары.

З гэтай мэтай загадзя вырабляюцца папяровыя плакаты з выявай Дзеда Мароза, на барадзе якога замацаваны сняжынкі з нумарамі. Кожнаму нумару адпавядае канверт з заданнем. Паколькі заняткі ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі праводзяцца два разы на тыдзень, распрацаваны восем заданняў.

— У першы дзень выхаванцы знаё­мяцца з казачным героем і правіламі гульні: за выкананне задання можна атрымаць ад Дзеда Мароза сняжынку, а пэўную колькасць сняжынак абмяняць на падарункі (дзве сняжынкі — салодкія прысмакі, чатыры — расфарбоўка, восем — ёлачная цацка), — працягвае Аксана Балук. — У першы дзень дзеці атрымліваюць сняжынкі за тое, што правільна называюць Дзеду Марозу сваё імя і прозвішча, а
таксама імёны бацькоў. Прастата першага задання тлумачыцца жаданнем зацікавіць выхаванцаў і стварыць сітуацыю поспеху. Акрамя таго, у дадатак да задання, выкананага ў дзіцячым садзе, дашкольнікам і іх бацькам прапануецца запісаць кароткі відэаролік пра сваю сям’ю і адаслаць яго педагогу ў месенджар, што заахвочваецца паштоўкай і дадатковай сняжынкай.

Падчас выканання другога задання дзеці атрымліваюць аркуш з выя­вамі зімовых забаў. Белыя квадраты на карцінцы неабходна дапоўніць, выразаўшы і наклеіўшы туды адпаведныя выявы. Акрамя таго, выхаванцам трэба з бацькамі прыдумаць і скласці невялікі аповед пра тое, што адлюстравана на карцінцы. Наступнае заданне прапануе знайсці адрозненні на карцінках, сюжэт якіх звязаны з Новым годам.

Чацвёртае заданне развівае творчае мысленне, дробную маторыку і прасторавыя ўяўленні, а таксама ву­чыць дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў.

Выхаванцы атрымліваюць раздрукаваны на аркушы контур ёлкі, якую з дапамогай бацькоў упрыгожваюць па тэхніцы пластылінаграфіі, выкарыстоўваючы пацеркі, крупы, каляровую паперу і іншыя матэрыялы.

Упрыгожваючы ёлку, трэба прагаворваць з дзіцем, якая цацка і дзе будзе размешчана на дрэўцы. Наступнае заданне — пісьмо Дзеду Марозу. Дзеці павінны адлюстраваць даступным чынам (намаляваць, выразаць, наклеіць, вылепіць) распакаваны падарунак, а затым апісаць, што гэта, і назваць яго прыкметы.

— Дашкольнікам цікава не толькі атрымліваць заданні, — заўважае Аксана Балук. — Таму прапаную ім скласці заданні, каб пагуляць з Дзедам Марозам у “Бывае — не бывае”. Для гэтага трэба прыдумаць правільныя і няправільныя сцвярджэнні (“Зімой катаюцца на каньках?”, “Зімой растуць суніцы?”), адлюстраваўшы іх з дапамогай схематычных малюнкаў ці слоў. Асаблівая ўвага акцэнтуецца на ўменні слухаць і аналізаваць маўленне суразмоўніка. Таму на некаторыя пытанні Дзед Мароз наўмысна адказвае няправільна, каб дзеці выправілі памылку. Большасць дзяцей адразу рэагуе на гэта, але некаторыя з-за няўпэўненасці пагаджаюцца з няправільным адказам. Каб такога пазбегнуць у далейшым, бацькі атрымліваюць парады па выкарыстанні дома прыёмаў для павышэння самаацэнкі дзіцяці.

Не менш карыснае і развучванне вершаў, якія падбіраюцца ў адпаведнасці з аўтаматызуемымі гукамі, вывучаемым маўленчым матэрыялам і магчымасцямі дзяцей.

Ад бацькоў патрабуецца скласці дома мнематабліцу для завучвання. Гатовую табліцу мамы і таты адсыла­юць педагогу ў месенджар для праверкі і абмеркавання. А вывучаныя вершы дзеці спачатку расказваюць папяроваму Дзеду Марозу.

— Важна, што выхаванцы змаглі абмяняць сабраныя сняжынкі на пэўныя прызы. Гэта матывуе да ўдзелу ў іншых падобных праектах і фарміруе асновы фінансавай дасведчанасці. Акрамя таго, адвент-каляндар дапамагае зацікавіць і далучыць да работы бацькоў. Дзякуючы гэтай тэхналогіі павышаецца пазнавальная актыўнасць, пашыраецца слоўнікавы запас, развіваецца лагічнае мысленне дзяцей, а заданні ўспрымаюцца як захапляльная гульня, — падагульняе Аксана Балук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ