Развіваць узаемавыгадную інтэграцыю

Як ужо паведамлялася ў “Настаўніцкай газеце”, 18 ліпеня ў Беларусь прыбыла дэлегацыя Расійскай Федэрацыі, якую ўзначаліў прэм’ер-міністр Д.А.Мядзведзеў. У рамках візіту расійскай дэлегацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыліся афіцыйныя перагаворы міністра адукацыі нашай краіны С.А.Маскевіча і міністра адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Д.В.Ліванава.

Міністр адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Д.В.Ліванаў і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А. Маскевіч падчас сустрэчы.

Як адзначыў Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, у час гутаркі з кіраўніком галіновага міністэрства Расіі Д.В.Ліванавым было выказана меркаванне двух бакоў аб стварэнні і рэалізацыі ў далейшым сумеснай праграмы ўзаема­дзеяння паміж краінамі па фарміраванні адзінай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы. У рамках гэтай праграмы будуць распрацаваны канкрэтныя праекты ў сферы агульнай сярэдняй,  прафесійнай і вышэйшай адукацыі, а таксама ў навуковай дзейнасці, на рэалізацыю многіх з якіх могуць быць накіраваны сродкі з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

С.А.Маскевіч падкрэсліў, што такая праграма дазволіць у хуткім часе пашырыць кантакты паміж ВНУ, паспрыяе абмену студэнтамі, выкладчыкамі, развіццю ўзаемаадносін у сферы навукі і даследчай дзейнасці, маладзёжнага прадпрымальніцтва і ў цэлым павышэнню мабільнасці моладзі нашых краін. Плануецца, што праграма супрацоўніцтва будзе распрацавана да канца бягучага года і вынесена на абмеркаванне сумеснага пасяджэння калегій Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.

Міністр адукацыі і навукі Расіі Д.В.Ліванаў адзначыў, што паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй існуюць цесныя сувязі ў адукацыйнай і навуковай сферы, асабліва гэта тычыцца ўзаемаадносін паміж ВНУ дзвюх краін. Міністр прызнаў высокую якасць вышэйшай адукацыі ў нашай краіне, асабліва ў сферы вылічальнай тэхнікі і новых інфармацыйных тэхналогій, таму расійскі бок гатовы і ў далейшым умацоўваць адносіны ў сферы адукацыі і навукі з Рэспублікай Беларусь. Вось і падпісанне пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі, вучоных ступенях і званнях стала гэтаму пацвярджэннем.

Гэтае пагадненне дзейнічае з 1996 года. За гэты час у абедзвюх краінах неаднаразова адбывалася мадэрнізацыя сістэм адукацыі, што, безумоўна, запатрабавала прывесці існуючае пагаденне ў адпаведнасць з дзеючым нацыянальным заканадаўствам Беларусі і Расіі і з улікам тых змяненняў, якія адбываюцца сёння ў адукацыйных сферах абедзвюх краін. Пратаколам  аб унясенні змяненняў у пагадненне зацверджана прызнанне дакументаў дзяржаўнага ўзору Расіі і Беларусі на ўзроўнях агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і пасляўніверсітэцкай  адукацыі.

Тыя змяненні, якія былі ўнесены ў пагадненне, дазволяць вызна­чыць прафесійны статус расійскага бакалаўра пры правя­дзенні працэдуры прызнання дакументаў у Беларусі на займанне прафесійнай дзейнасцю. Гэта дазволіць уладальнікам дыпломаў бакалаўра працаўладкоўвацца ў Беларусі ў адпаведнасці з узроўнем атрыманай адукацыі. Унесеныя змены ў пагадненне дазваляюць улічваць, што вышэйшую адукацыю ў беларускіх ВНУ па некаторых спецыяльнасцях можна атрымаць за 4—4,5 года. Падпісаны пратакол закліканы таксама забяспечыць правы грамадзян Беларусі, якія вучацца па расійскіх адукацыйных праграмах у філіялах расійскіх ВНУ, размешчаных на тэрыторыі Беларусі, на раўнапраўнае прызнанне акадэмічнай і прафесійнай адукацыі.

Падпісанне пратакола дазволіць у выніку стварыць неабходныя прававыя рамкі для далейшага развіцця дагаворнай прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва. Гэта будзе садзейнічаць фарміраванню адзінай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

Д.В.Ліванаў падкрэсліў, што дакументы, падпісаныя ў Мінску, створаць дзейсны каардынацыйны механізм узаемавыгаднай інтэграцыі ў сферы адукацыі, яшчэ больш спросцяць працэсы, звязаныя з працаўладкаваннем нашых выпускнікоў, павялічаць узаемаабмен студэнтамі і выкладчыкамі расійскіх і беларускіх ВНУ і ўвогуле паспрыяюць умацаванню добрасуседскіх адносін паміж дзвюма краінамі.

 

Ала КЛЮЙКО.