Развіваючы іншамоўную камунікатыўную кампетэнцыю

Сёння галоўнай задачай выкладання англійскай мовы з’яўляецца фарміраванне іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў. Творчы падыход да арганізацыі і правядзення ўрокаў і факультатыўных заняткаў дазваляе ствараць неабходныя для гэтага ўмовы. У прафесійнай скарбонцы педагогаў разам з традыцыйнымі з’явіліся інавацыйныя методыкі навучання замежнай мове.

Фота да матэрыяла: Развіваючы іншамоўную камунікатыўную кампетэнцыю.

Новыя метады — для павышэння матывацыі

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 42 Мінска Алеся Мікалаеўна Крыгер у практыцы работы выкарыстоўвае інавацыйныя метады, накіраваныя на развіццё асобы вучня. Па-першае, у структуру ўрока арганічна ўводзяцца інтэрактыўныя гульні, такія як “Карусель”, “Групавы аповед”, “Незакончаны сказ”, “Жывы сказ” і інш., якія дапамагаюць развіваць камунікатыўныя ўменні і навыкі, наладжваць эмацыянальны кантакт паміж навучэнцамі, развіваць агульнавучэбныя ўменні і навыкі, вырашаць выхаваўчыя задачы, а таксама вучыцца працаваць у камандзе і прыслухоўвацца да чужога меркавання.

Па-другое, праектны метад дазваляе педагогу інтэграваць розныя віды дзейнасці, робячы працэс навучання больш захапляльным, цікавым і эфектыўным. Навучэнцы з рознымі здольнасцямі становяцца паспяховымі і запатрабаванымі ў праектнай дзейнасці. Без прымусу яны шматразова паўтараюць лексічны і граматычны матэрыял, успрымаючы праектную работу не як вучэбнае заданне, а як узнагароду. Па словах настаўніцы, у перыяд выканання праектаў у дзяцей развіваюцца многія вучэбныя, спецыяльныя і камунікатыўныя навыкі. Праекты часта прадстаўляюцца ў выглядзе малюнка, калажу, камп’ютарнай прэзентацыі ці відэароліка. Метад праектаў Алеся Мікалаеўна звычайна прымяняе на этапе завяршэння работы над тэмай.

Па-трэцяе, эфектыўным педагог лічыць метад камунікатыўных заданняў, які ўяўляе сабой рашэнне шэрага камунікатыўных задач. Працуючы над гэтымі заданнямі, навучэнцы выконваюць маўленчыя і немаўленчыя дзеянні, уступаюць у кантакт адно з адным, з групай аднакласнікаў ці настаўнікам у пошуку правільных шляхоў вырашэння сітуацыі. Прыкладамі камунікатыўнага задання з’яўляюцца ролевая гульня, дыялог, віктарына.

На вучэбных занятках настаўніца актыўна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, у прыватнасці, вучэбныя гульні, мультфільмы і прэзентацыі, якія маюць вялікія перавагі перад традыцыйнымі метадамі выкладання. “Яны дазваляюць адпрацоўваць розныя віды маўленчай дзейнасці і спалучаць іх у розных камбінацыях, аўтаматызаваць моўныя і маўленчыя дзеянні, ствараць камунікатыўныя сітуацыі. Навучанне з дапамогай камп’ютара і электронных прылад нясе ў сабе велізарны матывацыйны патэнцыял”, — заўважае А.М.Крыгер.

Як паведаміла настаўніца, у школе для павышэння матывацыі да вывучэння замежнай мовы штогод праводзіцца тэматычны тыдзень. У праграму правядзення тыдня ўваходзяць не толькі адкрытыя ўрокі, але і захапляльныя віктарыны, квесты, інсцэніроўкі. Таксама на базе школьнага аздараўленчага летніка быў створаны лінгвістычны атрад для навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Штодзённая практыка ў гульнявой форме ва ўмовах адпачынку дазваляе не толькі замацаваць вывучаны на працягу навучальнага года моўны матэрыял, але і дапамагае развіваць навыкі зносін на англійскай мове.

Такая сістэма работы садзейнічае арганізацыі і актывізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, павышае выніковасць навучання, стварае спрыяльны мікраклімат на ўроках.

Інтэрнэт-рэсурсы на ўроку

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 19 Мінска Ларыса Мікалаеўна Пяскова на сваіх уроках прымяняе інтэрнэт-рэсурсы, што выклікае цікавасць у навучэнцаў да самастойнай работы, развівае іх творчы патэнцыял. Па меркаванні педагога, абудзіць пазнавальны інтарэс можна праз арганізацыю сістэмы дзейнасці, якая прадугледжвае стварэнне маўленчай сітуацыі. Уцягванне вучняў у пошукавую і творчую дзейнасць з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў павышае іх вучэбную матывацыю, характарызуецца высокай камунікатыўнай магчымасцю, эфектыўна развівае навыкі міжкультурнай камунікацыі.

— Асновай метадычнага зместу сучаснага ўрока павінна быць камунікатыўнасць. Таму кожны ўрок будую такім чынам, каб уцягнуць вучняў у вусную (аўдзіраванне, маўленне) і пісьмовую (чытанне і пісьмо) камунікацыю, — адзначае Ларыса Мікалаеўна. — Распрацоўка сістэмы выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў для ўрокаў розных тыпаў, падборка метадаў і прыёмаў навучання дазваляюць ствараць асяроддзе для фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў. У падборцы вучэбнага матэрыялу эфектыўныя сайты з распрацоўкамі заданняў, анлайн-тэстаў (па асноўных відах маўленчай дзейнасці, лексіцы і граматыцы), графікаў, табліц; сайты, на якіх можна распрацаваць уласны вучэбны матэрыял (крыжаванкі, флэш-карты, анлайн-тэсты, анлайн-дыктоўкі, аўдыязапісы).

Для фарміравання маўленчай кампетэнцыі на ўроку звычайна выкарыстоўваюцца ўжо гатовыя матэрыялы, напрыклад, з сайтаў engvid.com, listenaminute.com, elllo.org, esl-lab.com для трэніроўкі навыкаў успрымання і разумення мовы на слых. На сайце esl-lab.com ёсць пытанні для абмеркавання і тэмы для эсэ, якія можна выкарыстоўваць у якасці дамашняга задання.

Для фарміравання моўнай кампетэнцыі на ўроку важныя матэрыялы рознай ступені складанасці арфаграфічных, лексічных і граматычных практыкаванняў. Для трэ-ніроўкі граматычных навыкаў эфектыўныя сайты perfect-english-grammar.com, englishexercises.com, engvid.com, interneturok.ru, у матэрыялах якіх прадстаўлены граматычныя правілы з прыкладамі і даюцца ключы да практыкаванняў. Для адпрацоўкі фанетычнага боку гаворкі на І ступені навучання выкарыстоўваюцца сайты passporttoenglish.com, learningchocolate.com. Навучэнцы ў групах і індывідуальна выконваюць заданні на замацаванне вывучанага лексічнага матэрыялу learningapps.org.

Цікавыя вэб-рэсурсы, пры дапамозе якіх можна ствараць свае анлайн-тэсты, прэзентацыі і інтэрактыўныя практыкаванні:

listen-and-write.com/eslvideo.com/index.php — рэсурс для складання інтэрактыўных тэстаў на аснове анлайн-відэа; crosswordlabs.com, puzzlemaker.com — рэсурсы для складання лексічных гульняў і крыжаванак; konkurs.infourok.ru — матэрыялы для правядзення дыстанцыйных конкурсаў і алімпіяд навучэнцаў.

Крытэрыі адбору таго ці іншага рэсурсу залежаць ад мэты і задач, якія ставяцца на ўроку. Выкарыстоўваючы магчымасці інтэрнэту, Ларыса Мікалаеўна прапаноўвае заданні і тэрміны яго выканання, спіс новай лексікі па тэме для папярэдняга зняцця цяжкасцей у разуменні зместу матэрыялу, спіс пытанняў для кантролю разумення зместу прапанаванага матэрыялу, памяткі з граматычным ці лексічным матэрыялам урока, зварот да падручніка, магчымыя варыянты зваротнай сувязі з педагогам.

— Пры арганізацыі мадэлі навучання з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў назіраецца рост актыўнасці навучэнцаў на ўроку, павялічваецца колькасць абмеркаванняў, больш высокая адказнасць за сваё навучанне, развіццё супрацоўніцтва. Сярод пераваг можна вылучыць рэзерв часу (навучэнец можа праглядаць і праслухоўваць заданне ў хатніх умовах у зручны для яго час, рабіць паўзу ў любым месцы ці паўтараць патрэбны фрагмент у фільме) і даступнасць матэрыялу, — заўважае Л.М.Пяскова.

Тэатральная педагогіка

Сродкам развіцця іншамоўнай кампетэнцыі і матыватарам да вывучэння замежнай мовы ў настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 42 Мінска Алены Міхайлаўны Дубровай выступае тэатральная педагогіка. Творчая дзейнасць вучняў на факультатыўных занятках “Мастацка-маўленчая дзейнасць на замежнай мове” садзейнічае не толькі развіццю інтэлектуальных здольнасцей, але і эмацыянальна-матывацыйнай сферы асобы навучэнца, бо прадастаўляе магчымасць кожнаму праявіць ініцыятыву, выказаць свае думкі, абапіраючыся на ўласны эмацыянальны і сацыяльны вопыт.

— Тэатральная педагогіка, якую мы актыўна выкарыстоўваем на сваіх факультатыўных занятках, прадастаўляе шырокі спектр метадаў і прыёмаў, якія спрыяюць раскрыццю і развіццю творчага патэнцыялу навучэнцаў, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Да іх адносіцца, напрыклад, ролевая гульня, разнавіднасцю якой з’яўляюцца адзіночны эцюд (выразнае чытанне), парны і групавы эцюды (інсцэніроўка). На пачатковым этапе вывучэння англійскай мовы гэта можа быць кантралюемая ролевая гульня, пабудаваная на аснове вывучанага дыялогу або тэксту. На наступных этапах пераважае свабодная ролевая гульня, калі навучэнцы самастойна вырашаюць, як будзе развівацца дзеянне, і, зыходзячы з гэтага, падбіраюць неабходную лексіку. Задача настаўніка заключаецца ў фармулёўцы тэмы гульні і ажыццяўленні кантролю ў працэсе.

Найбольш папулярнай формай тэатральнай педагогікі на факультатыўных занятках А.М.Дубровай з’яўляецца тэатралізаваны паказ — сцэнічнае тэатральнае дзеянне, аб’яднанае адзінай аўтарскай задумай, якое садзейнічае злучэнню розных відаў і жанраў літаратуры. Асновай для тэатралізаванага паказу звычайна становіцца знаёмая казка, кніга, фільм ці мультфільм. Настаўніца і навучэнцы з’яўляюцца паўнапраўнымі партнёрамі і выбіраюць сюжэт разам, улічваючы інтарэсы кожнага ўдзельніка творчага працэсу.

На этапе распрацоўкі сцэнарыя ў навучэнцаў з’яўляецца магчымасць па неабходнасці мяняць галоўных герояў вядомага сюжэта, дадаваць новых персанажаў, мяняць час і месца дзеяння, гэта значыць, цалкам рэалізоўваць свой творчы патэнцыял і фантазію. У размеркаванні ролей дапамагаюць наступныя прыёмы: адлюструйце (пакажыце, намалюйце) герояў; знайдзіце (выберыце) словы, каб апісаць іх знешнасць, характар; уявіце, хто з прысутных больш за ўсё падыходзіць для ўвасаблення гэтага персанажа і г.д. У навучэнцаў з’яўляецца магчымасць рэальна ўбачыць і ацаніць здольнасці кожнага.

— Адным з галоўных этапаў з’яўляецца напісанне непасрэдна ўсіх рэплік дыялогаў для сцэнічных герояў. За аснову бярэцца зыходны тэкст, які дапаўняецца або мяняецца ў залежнасці ад сюжэту задуманага паказу. Актыўна выкарыстоўваецца лексіка ўжо вывучаных тэм, такіх як “Знешнасць”, “Сям’я”, “Сябры”, “Мой распарадак дня” і інш. У сцэнарый уключаецца таксама і аўтэнтычны матэрыял, прыдатны для сюжэта тэатралізаванага паказу: вершы, песні. Гэта дазваляе пашырыць лексічны запас навучэнцаў і спрыяе развіццю іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі, — заўважае педагог. — У сцэнарыі абавязкова паказваецца афармленне сцэны для кожнага эпізоду і яго музычнае суправаджэнне. Асобна абмяркоўваюцца дэкарацыі і касцюмы персанажаў. У вырабе неабходнага рэквізіту прымае ўдзел увесь творчы калектыў, а гэта ўжо спрыяе развіццю сацыяльнай кампетэнцыі.

Важны момант для навучэнцаў — магчымасць паказаць вынік сумеснай творчасці на тыдні замежнай мовы, на канцэртах і вечарах, магчымасць атрымаць маральнае і эмацыянальнае задавальненне ад зробленага.

Па словах А.М.Дубровай, выкарыстанне метадаў і прыёмаў тэатральнай педагогікі ў адукацыйным працэсе садзейнічае фарміраванню светапогляду, вобразнага мыслення і творчага патэнцыялу навучэнцаў, спрыяе эфектыўным зносінам і ўзаемадзеянню ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, гэта значыць, развіццю вучэбна-пазнавальнай і іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *