Развіваючы канкурэнтную адукацыйную прастору

- 10:45Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У краіне пачаліся жнівеньскія педагагічныя нарады. Першымі на галоўны настаўніцкі форум сабраліся педагогі Міншчыны. На базе Уздзенскага раённага дома культуры адбылася канферэнцыя “Адукацыя — стратэгічны рэсурс у інавацыйным развіцці Мінскай вобласці”, на якой былі падведзены вынікі мінулага навучальнага года, вызначаны прыярытэтныя напрамкі дзейнасці на новы навучальны год. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня Мінаблвыканкама С.Б.Шапіра, міністр адукацыі краіны С.А.Маскевіч, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі А.А.Бойка, замежныя госці.

У першыню работа канферэнцыі была арганізавана ў форме дыялогавых пляцовак. Прадметам абмеркавання педагогаў сталі сістэмная работа па развіцці інавацыйнай адукацыйнай прасторы, магчымасці дыстанцыйнага навучання, выхаванне ў моладзі грамадзянскасці і патрыятызму, умовы для прафесійнай рэалізацыі педагогаў, праблемы падрыхтоўкі маладых спецыялістаў.
Удзельнікі і госці мерапрыемства пазнаёміліся з выставай, дзе былі прадстаўлены вырабы школьных бізнес-кампаній, дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці. Педагогі і навучэнцы ўстаноў прафтэхадукацыі правялі для прысутных майстар-класы па карвінгу, роспісе па шкле, разьбе па дрэве, цырульніцкім майстэрстве і інш.
“Пераход да інавацыйнай эканомікі абумовіў з’яўленне новых патрабаванняў да сістэмы адукацыі, — адзначыла на пленарным пасяджэнні, якое было арганізавана ў фармаце відэаканферэнцыі, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак. — Да іх адносяцца накіраванасць на развіццё канкурэнтнай адукацыйнай прасторы, укараненне сучасных тэхналогій і новых фінансавых механізмаў, стварэнне сістэмы бесперапыннай адукацыі з улікам асаблівасцей і традыцый, якія склаліся, фарміраванне каштоўнасных ідэалаў і перакананняў у маладога пакалення”.
Першага верасня за школьныя парты ўстаноў адукацыі Міншчыны сядзе 140 тысяч навучэнцаў. Мерапрыемствы па падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года набліжаюцца да лагічнага завяршэння. На 14 жніўня падпісана 750 пашпартоў гатоўнасці ўстаноў адукацыі (66%). Сёлета ўпершыню для выканання рамонтных работ гаспадарчым спосабам з абласнога бюджэту запланавана выдзеліць 200 млрд рублёў. Ужо асвоены 121 мільярд рублёў: адрамантаваны вучэбныя кабінеты, санвузлы, спартыўныя і актавыя залы, харчаблокі.
Працягваецца аптымізацыя сеткі навучальных устаноў вобласці. На 1 верасня будуць закрыты 24 установы адукацыі, сярод іх — 6 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў. Гэтыя камбінаты давалі навучэнцам прафесію паралельна з навучаннем у школе. Сёння такая магчымасць прадастаўляецца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і неабходнасці затрачваць дзяржаўныя сродкі на ўтрыманне гэтых устаноў няма. 30 устаноў адукацыі будуць рэарганізаваны (у асноўным сярэднія школы — у базавыя). Гэта звязана са скарачэннем кантынгенту навучэнцаў у сельскай мясцовасці.
На думку Г.М.Казак, галоўная мэта скарачэння сеткі — забеспячэнне высокай якасці адукацыі, якую павінны атрымаць ва ўстанове вучні. “Мы павінны сёння разумець, што сельскі навучэнец павінен быць канкурэнтаздольным. Таму пры закрыцці школы галоўны не эканамічны паказчык. Так, ён важны, але ў першую чаргу дзеці павінны атрымаць магчымасць вучыцца ў школе, дзе створаны сучасныя ўмовы, дзе ёсць сучаснае абсталяванне — камп’ютарная тэхніка, лінгафонныя кабінеты, спартыўныя залы і інш. Навучэнцы ў такой мнагакамплектнай школе маюць больш магчымасцей для свайго асобаснага росту, развіцця і атрымання якаснай адукацыі”, — падкрэсліла Галіна Мікалаеўна.
У некаторых раёнах вобласці (Мінскі, Смалявіцкі, Стаўбцоўскі, Дзяржынскі) па-ранейшаму існуюць праблемы з забеспячэннем дзяцей месцамі ў дзіцячых садках. Іх удаецца часткова вырашыць з укараненнем новых форм дашкольнай адукацыі — груп кароткачасовага знаходжання дзяцей, адаптацыйных пляцовак і інш. Дадатковыя месцы ствараюцца шляхам вываду першакласнікаў, а таксама шляхам адкрыцця груп, якія раней функцыянавалі (348 месцаў). 550 месцаў з’явіцца да канца года за кошт новага будаўніцтва. Дарэчы, зараз завяршаецца будаўніцтва дзіцячых садкоў у Слуцку, Смалявічах. Да канца года будзе пабудаваны дзіцячы сад і ў аграгарадку Самахвалавічы Мінскага раёна.
Як адзначалася на канферэнцыі, наяўнасць конкурсу пры паступленні ў гімназіі (1,2 чалавека на месца) і ліцэі (1,4 чалавека на месца, а ў МДАЛ — 2,6) гаворыць аб прэстыжнасці такой адукацыі ў навучэнцаў і іх бацькоў. Навучэнцы гімназій і ліцэяў паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях і г.д. У 2013/2014 навучальным годзе на міжнароднай арэне яны атрымалі 4 медалі, 38 дыпломаў, 1 спецыяльны прыз. Так, напрыклад, Ілья Перапечка з гімназіі № 3 Салігорска прывёз сярэбраны медаль з Міжнароднай алімпіяды па фізіцы, Аляксандра Радчанка, навучэнка гімназіі № 7 Маладзечна, заваявала два сярэбраныя медалі па хіміі на Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе і Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па хіміі. Ва ўмоўны ТОП-100 устаноў адукацыі, вучні якіх паспяхова выступілі на ЦТ, увайшлі 15 устаноў адукацыі Міншчыны. МДАЛ заняў 2 месца пасля Ліцэя БДУ. Усё гэтага сведчыць аб якасці адукацыйнага працэсу ў гэтых установах.
Аднак, як зазначыла Г.М.Казак, у 2014 годзе рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах не прынесла чаканага выніку: 75 дыпломаў (летась — 74). Толькі па 9 прадметах назіраецца або станоўчая дынаміка, або стабільны вынік. Паменшылася колькасць дыпломаў па беларускай і замежных мовах, гісторыі, хіміі. Сярод прычын такога становішча, па меркаванні начальніка ўпраўлення адукацыі, — адсутнасць сістэмнай кіраўніцкай і арганізацыйна-метадычнай работы, несвоечасовае абнаўленне каманд удзельнікаў, невыкарыстанне ў поўнай меры міжшкольных факультатываў, раённых рэсурсных цэнтраў.

У новым навучальным годзе новыя праекты чакаюць установы адукацыі вобласці. Міншчына вызначана ў якасці пляцоўкі па апрабацыі праграм фінансавай граматнасці і арганізуе гэтую работу разам з Нацыянальным банкам. Новы праект па робататэхніцы ўкаранёны ў адукацыйны працэс сярэдняй школы № 2 Маладзечна. Акрамя таго, будуць створаны 12 пляцовак па лега-канструяванні.
Сярод праблем, якія неабходна будзе вырашаць сёлета, — кадравыя. Гэта і недастатковы адукацыйны ўзровень педагогаў вобласці (89,4% маюць вышэйшую адукацыю), і рост паказчыка змяняльнасці кіраўніцкіх кадраў і спецыялістаў (кожны чацвёрты кіраўнік установы перайшоў на педагагічную работу).
Асаблівай увагі патрабуе работа з маладымі кадрамі — пачынаючы ад прафарыентацыі і паступлення на педагагічныя спецыяльнасці да прадастаўлення першага рабочага месца, забеспячэння аптымальнай нагрузкі, матэрыяльнай падтрымкі і прадастаўлення жылля. У цяперашні час у вобласці працуе 1,5 тысячы маладых спецыялістаў. Аднак замацаванне педагогаў, якія завяршылі навучанне ў 2011 годзе, склала толькі 58%. Дзейсная сістэма мер па замацаванні маладых спецыялістаў створана ў Бярэзінскім, Нясвіжскім, Мядзельскім, Старадарожскім раёнах. Іх вопыт трэба пераймаць і іншым рэгіёнам.
“Вызначаючы кадравую палітыку сваёй установы, адміністрацыя павінна разумець, што сучасныя маладыя спецыялісты патрабуюць іншых падыходаў, іншай арганізацыі работы, — падкрэсліла Г.М.Казак. — Наспела неабходнасць сур’ёзна заняцца падрыхтоўкай будучых педагогаў. Сёлета каля 600 выпускнікоў школ вобласці паступіла ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя педагагічныя ўстановы. Адной з форм падрыхтоўкі будучых педагогаў з’яўляецца арганізацыя мэтавага прыёму. Прапануем вывесці на новы ўзровень супрацоўніцтва з БДПУ імя Максіма Танка. У сумесным плане дзеянняў з гэтай установай неабходна прадугледзець правядзенне для будучых настаўнікаў майстар-класаў і педагагічнага дэсанта для азнаямлення з вопытам лепшых педагогаў вобласці”.
Аб неабходнасці зрабіць рашучыя крокі па павышэнні статусу педагога гаварыў і міністр адукацыі С.А.Маскевіч. Міністэрства адукацыі прадставіла ва ўрад прапановы па павелічэнні заработнай платы настаўнікаў, эфектыўным выкарыстанні матэрыяльных сродкаў і іншыя, якія могуць значна павысіць статус настаўніка ў краіне.
Па словах Сяргея Аляксандравіча, Міністэрства адукацыі разам з зацікаўленымі падрыхтавала таксама змяненні ў Кодэкс аб адукацыі. Так, прапаноўваецца прадаставіць установам і іх кіраўнікам больш самастойнасці. Ёсць прапанова больш канкрэтна вызначыць узрост дзяцей, якія пойдуць у першы клас. “Безумоўна, неабходна глядзець на медыцынскія паказчыкі, але ўсё ж такі неабходна канкрэтна вызначыць, з якога ўзросту дзіця павінна вучыцца ў школе”, — адзначыў міністр.
У новым навучальным годзе ў сістэме адукацыі плануецца значна актывізаваць выхаваўчую работу з дзецьмі і падлеткамі. “На жаль, за мінулы навучальны год сістэма адукацыі, нягледзячы на ўзаемадзеянне з іншымі ведамствамі, так і не выпрацавала па-сапраўднаму адэкватных мер рэагавання на тыя выклікі, якія найбольш адмоўна ўплываюць на жыццё дзяцей. Мы да цяперашняга часу не можам засцерагчы дзяцей ад згубнага ўплыву спайсаў”, — падкрэсліў міністр. І ў гэтую барацьбу неабходна актыўна падключаць бацькоў.
Сяргей Аляксандравіч уручыў педагогам Міншчыны ўзнагароды Міністэрства адукацыі. Так, нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” атрымала настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Салігорска Вольга Георгіеўна Жураўлевіч.
На канферэнцыі адбылося ўганараванне маладых спецыялістаў і настаўнікаў вобласці, якія сталі пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Былі таксама падведзены вынікі штогадовага спаборніцтва “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Так, у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі новага тыпу ў арганізацыі вучэбнага працэсу” адзначана гімназія № 1 Салігорска (дырэктар — Ганна Казіміраўна Ермалінская), а ў намінацыі “Лідар у стварэнні аптымальнай адукацыйнай прасторы” — аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама (начальнік аддзела — Алена Уладзіміраўна Клішэвіч).

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.