Развіваючы пазітыўны імідж дашкольнай адукацыі

- 14:48Апошнія запісы, Дашкольная адукацыя, Рознае

Традыцыйна напярэдадні новага навучальнага года скарэкціраваць свае далейшыя дзеянні і вызначыць прыярытэтныя напрамкі работы сабраліся спецыялісты дашкольнай адукацыі. У Міністэрстве адукацыі прайшлі інструктыўна-метадычная нарада “Перспектывы развіцця дашкольнай адукацыі ў 2014/2015 навучальным годзе” з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў і пасяджэнне Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі “Укараненне новых мадэлей кіравання ўстановай дашкольнай адукацыі”. Абодва мерапрыемствы прайшлі пад старшынствам намесніка міністра адукацыі Васіля Антонавіча Будкевіча.

Начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Леанідаўна Давідовіч у сваім выступленні падкрэсліла, што ў новым навучальным годзе асноўнымі напрамкамі дзейнасці з’яўляюцца забеспячэнне даступнасці якаснай дашкольнай адукацыі, арганізацыя бяспекі і стварэнне здароўезберагальных умоў ва ўстановах адукацыі, а таксама ўдасканаленне якасці адукацыйнага працэсу, дзе немалаважнае значэнне адыгрывае педагагічны работнік, яго кваліфікацыя, адукацыя.
У забеспячэнні даступнасці якаснай дашкольнай адукацыі будзе праводзіцца работа над захаваннем шматфункцыянальнай сеткі яе ўстаноў (развіццё варыятыўных форм, у тым ліку на платнай аснове, адкрыццё ўстаноў дашкольнай адукацыі прыватных форм уласнасці і іх стымуляванне). Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна, пра які расказала яго загадчыца Леакадзія Іванаўна Цімафеева, з’яўляецца прыкладам варыятыўнасці дашкольнай адукацыі ў сельскіх умовах. Тут паспяхова арганізавана форма педагагічнай падтрымкі дзяцей ад нараджэння да трох гадоў і іх бацькоў “Мацярынская школа”. Яе работа пабудавана па такіх напрамках, як дамашні патранаж (сістэма педагагічнага абслугоўвання дзяцей ад нараджэння да трох гадоў, іх сем’яў на даму па запытах бацькоў і аказанне ім практычнай дапамогі ў выхаванні дзяцей), кансультатыўны пункт (прадастаўляе магчымасць абмену інфармацыяй праз даведачныя матэрыялы, буклеты, інфармацыйныя лістоўкі, тэматычныя газеты для бацькоў, іншыя формы дыстанцыйнага ўзаемадзеяння), група сумеснага знаходжання (з бацькамі і дзецьмі праводзяцца сумесныя заняткі ў трыядзе “бацькі — дзіця — педагог”, дыядах “педагог — дзіця”, “бацькі — дзіця”. Набываецца і вопыт работы ў напрамку “Гувернёрскія паслугі”. Вялікай папулярнасцю сёння карыстаюцца адаптацыйныя групы, наведванне якіх дазваляе дзецям дашкольнага ўзросту выпрацаваць адаптыўныя навыкі паводзін, сфарміраваць у дзяцей пачуццё абароненасці і ўнутранай свабоды, навучыць бацькоў аптымальным зносінам з дашкольнай установай.
Разам з тым у рэспубліцы застаюцца праблемныя пытанні, у прыватнасці, рост чаргі ў дзіцячыя сады па месцы жыхарства. На жаль, яна складае ўжо больш за 16 тысяч чалавек і ў параўнанні з папярэднім навучальным годам павялічылася фактычна ў два разы. Асаблівую занепакоенасць выклікае сітуацыя ў Баранавіцкім, Брэсцкім, Ганцавіцкім, Жабінкаўскім, Іванаўскім раёнах Брэсцкай вобласці, Мазырскім Гомельскай, Гродзенскім, Лідскім, Астравецкім, Шчучынскім Гродзенскай вобласці і ў Гродне, Смалявіцкім, Мінскім, Стаўбцоўскім Мінскай вобласці, Фрунзенскім раёне Мінска і інш. Акрамя таго, не выконваецца нарматыў па забяспечанасці дзяцей ранняга дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў шэрагу раёнаў рэспублікі.
А.Л.Давідовіч звярнула ўвагу на псіхолага-педагагічную падтрымку дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю ва ўмовах сям’і. І тут варта арганізаваць інфармацыйную падтрымку насельніцтва з выкарыстаннем такіх форм, як анлайн-семінары, вэб-канферэнцыі, анлайн-кансультацыі, паведамленні ў рэжыме рэальнага часу.

Як адзначалася, з мэтай аператыўнага інфармавання насельніцтва аб паслугах, якія прадастаўляе ўстанова дашкольнай адукацыі, неабходна актывізаваць работу па стварэнні сайтаў упраўленняў (аддзелаў) адукацыі і ўстаноў дашкольнай адукацыі. Аналіз некаторых дзеючых сайтаў паказаў, што інфармацыя, прадстаўленая на іх, няпоўная і не дае вычарпальных адказаў на пытанні, якія ў першую чаргу цікавяць бацькоў. Лепшым і па структуры, і па змесце прызнаны сайт упраўлення адукацыі, спорту і турызму Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска.
Прэс-сакратар кіраўнік прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі Юлія Аляксандраўна Барадун расказала прысутным аб асаблівасцях стварэння сайтаў. Яна адзначыла, што Міністэрствам адукацыі ў дапамогу кіраўнікам распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, якія хутка паступяць у рэгіёны.
На сайце ўстановы адукацыі рэкамендуецца размяшчаць графікі работы педагагічных работнікаў, інфармацыю аб педагагічным калектыве, матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстаноў. Варта захоўваць актуальнасць і навізну зместу, эстэтыку афармлення. Інфармацыю неабходна абнаўляць не радзей як адзін раз на тыдзень. У карыстальнікаў павінна быць магчымасць пазнаёміцца праз сайт з мерапрыемствамі, якія запланаваны і праводзяцца ва ўстанове адукацыі. Пасля правядзення мерапрыемстваў рэкамендуецца размяшчаць на сайце наглядныя матэрыялы, якія стануць своеасаблівай прэзентацыяй дзейнасці. Абавязкова наяўнасць пераадрасацыі на інтэрнэт-парталы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, упраўлення адукацыі. Неабходным з’яўляецца забеспячэнне магчымасці ўдзельнікам адукацыйнага працэсу абмеркаваць праблемы, выказаць сваю думку, напрыклад, з дапамогай чата.
Ю.А.Барадун папярэдзіла, што нельга распаўсюджваць без згоды бацькоў і законных прадстаўнікоў інфармацыю аб дзецях. Любы фотаздымак з дзіцем, калі ён выстаўляецца, павінен быць афіцыйна ўзгоднены з законным прадстаўніком.
“Мы рэкамендуем на тых сайтах, якія дзейнічаюць ці будуць створаны, падвесці ўсю тэрміналогію ў адпаведнасць з заканадаўствам. У інфармацыйнай падтрымцы насельніцтва неабходна засяродзіць увагу на такія пытанні, як нарматыўна-прававое забеспячэнне дзейнасці ўстаноў адукацыі (аплата за харчаванне, пастаноўка на ўлік, выдача накіраванняў, набыццё сродкаў навучання за кошт бацькоў), варыятыўнасць атрымання дашкольнай адукацыі, адлюстроўваць пытанні выхавання, навучання і развіцця дзяцей. Неабходна даваць інфармацыю пра дасягненні ў сістэме дашкольнай адукацыі, тым самым развіваючы яе пазітыўны імідж”, — адзначыла А.Л.Давідовіч.
Мяркуецца, што такая своечасовая інфармаванасць бацькоў зможа знізіць колькасць зваротаў грамадзян, якая па-ранейшаму высокая. Асноўныя пытанні, якія гучаць у зваротах, застаюцца тымі ж: уладкаванне дзіцяці ва ўстанову адукацыі, заработная плата, вакансіі выхавальнікаў, працаўладкаванне ва ўстанову, бацькоўскія ўзносы і паборы.

Яшчэ адзін напрамак работы ў 2014/2015 годзе — захаванне бяспекі і здароўезберагальных умоў ва ўстанове адукацыі. Тут увага акцэнтуецца на якасным узаемадзеянні з тэрытарыяльнымі ўстановамі аховы здароўя і іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу па ўдасканаленні медыка-псіхолага-педагагічнага суправаджэння кожнага выхаванца. Немалаважным з’яўляецца і забеспячэнне рацыянальнага збалансаванага харчавання дзяцей, укараненне ва ўстановы адукацыі камп’ютарных праграм для складання штодзённага меню-патрабавання, аналізу выканання натуральных норм. Дарэчы, па аснашчэнні дзіцячых садоў камп’ютарнымі праграмамі лідзіруе Мінск (больш за 90 працэнтаў устаноў маю ць гэтыя праграмы).
Аб узаемадзеянні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства ўнутраных спраў і сістэмы дашкольнай адукацыі ў пытаннях захавання бяспекі дзяцей расказалі начальнік аддзела арганізацыі навучання насельніцтва і прафесійнай падрыхтоўкі МНС Аляксандр Рыгоравіч Іваніцкі і намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага і прававога забеспячэння ўпраўлення дзяржаўнай аўтаінспекцыі МУС Аляксандр Якаўлевіч Занімон.
Не губляе сваёй актуальнасці і якасць адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі. Пры арганізацыі работы варта выкарыстоўваць тэхналогіі, якія прадугледжваюць асобасна арыентаванае ўзаемадзеянне педагогаў і бацькоў з дзецьмі. Заняткі ва ўстанове дашкольнай адукацыі не павінны атаясамлівацца з заняткамі як дыдактычнай формай вучэбнай дзейнасці, а разглядацца як захапляльны і займальны працэс у адпаведнасці з узроставымі магчымасцямі выхаванцаў.
Што тычыцца вучэбна-метадычнай літаратуры да новага навучальнага года, то ўвесь пералік вучэбных выданняў, якія былі рэкамендаваны для выкарыстання Міністэрствам адукацыі (іх каля 150), прадстаўлены ў інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі. З навінкамі літаратуры для дашкольнікаў удзельнікаў нарады пазнаёміла начальнік аддзела метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Раіса Раманаўна Касянюк. Сярод вучэбнай літаратуры, выдадзенай у 2014 годзе, — вучэбна-метадычны дапаможнік І.У.Жытко “Фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў у дзяцей ад 4 да 5 гадоў” (змест гэтага вучэбнага выдання накіраваны на рэалізацыю адукацыйнай галіны “элементарныя матэматычныя ўяўленні”, уключае перспектыўны тэматычны план заняткаў і канспекты іх правядзення); дапаможнік Н.С.Старжынскай, Д.М.Дубінінай “Народная цацка — люстэрка культуры (ад 3 да 7 гадоў)” з электронным дадаткам; вучэбна-наглядны дапаможнік Л.П.Царовай “Чытаем разам” (змест накіраваны на рэалізацыю задач адукацыйнай галіны “навучанне грамаце”) і інш.

Увага прысутных была звернута на ўдасканаленне сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі, павышэнне іх сацыяльнага статусу. Колькасць педагагічных работнікаў, якія маю ць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, павялічваецца, хаця і нязначна. Для тых спецыялістаў, якія не маюць яе, рэкамендуецца атрымаць профільную адукацыю праз перападрыхтоўку. І АПА, і БДПУ імя Максіма Танка, і многія рэгіянальныя ўніверсітэты прадастаўляюць гэтую магчымасць. Кіраўнікам устаноў адукацыі варта матываваць работнікаў на атрыманне профільнай адукацыі, бо ад гэтага будзе залежаць іх заработная плата.
Як заўважыў намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч, неабходна не толькі разлічваць на тыя меры, што прымае Міністэрства адукацыі і ўрад, але і на мясцовым узроўні шукаць магчымасць павышэння заработнай платы педагогам дашкольнай адукацыі. Неабходна выкарыстоўваць станоўчы вопыт рэгіёнаў. Так, Мінскі гарвыканкам ажыццяўляе штомесячныя даплаты выхавальнікам дашкольных устаноў. У Лепельскім раёне Віцебскай вобласці рашэннем выканкама ўстаноўлена 40 працэнтаў надбаўкі кухарам, загадчык установы адукацыі атрымлівае прэмію ў памеры свайго акладу ў выпадку адсутнасці парушэнняў. “Высакакласным спецыялістам, якія маюць добрыя вынікі, варта плаціць адпаведную заработную плату. І людзі гэта ацэняць і застануцца на сваіх месцах, будуць расці прафесійна, — лічыць В.А.Будкевіч.

Пытанні кіравання ўстановай дашкольнай адукацыі, выкарыстання камп’ютарных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці, развіцця матывацыі прафесійнага ўдасканалення педагога былі разгледжаны на пасяджэнні Рэспубліканскага савета кіраўнікоў дашкольнай адукацыі.
“Якія б змены сёння ні адбываліся ў грамадстве, кіраўнік установы дашкольнай адукацыі застаецца па-ранейшаму ключавой фігурай. Менавіта ад узроўню яго прафесійнай кампетэнтнасці залежыць стварэнне эфектыўнай сістэмы ўзаемасувязі, якая забяспечвае дакладную зладжаную работу ўсёй установы дашкольнай адукацыі, якая па сваёй форме, змесце і структуры з’яўляецца складанай”, — адзначыў В.А.Будкевіч.
Якім жа павінен быць кіраўнік XXI стагоддзя? На думку намесніка міністра, сучасныя кіраўнікі павінны валодаць навыкамі стратэгічнага праектавання, сістэмнага мадэлявання працэсаў, што працякаюць ва ўстанове, арганізацыі эфектыўных, асобных і прафесійных камунікацый педагогаў. Сучасны кіраўнік не можа не ўсведамляць, што без гатоўнасці да пастаяннага самааднаўлення і самаразвіцця немагчыма разлічваць на поспех і развіццё педагагічнага калектыву ўстановы дашкольнай адукацыі як арганізацыі.
Праблема станаўлення інфармацыйна-педагагічнай кампетэнтнасці педагогаў-дашкольнікаў набывае сёння асаблівую тэарэтычную і практычную значнасць. Па меркаванні загадчыцы санаторнага дзіцячага сада № 360 Мінска Святланы Іванаўны Наркевіч, прымяненне інфармацыйных тэхналогій у кіраванні найбольш перспектыўнае і актуальнае, уплывае на якасць адукацыі, павышэнне эфектыўнасці і якасці кіраўніцкай дзейнасці, змяненне прафесійнай кампетэнтнасці кіраўніка. Падчас рэалізацыі праекта “Канцэпцыя выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці ўстановы дашкольнай адукацыі” распрацаваны праграмны прадукт, які дазваляе ствараць адзінае інфармацыйнае поле для павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і іншых структур у межах сістэмы адукацыі. У першую чаргу былі аўтаматызаваны працэсы арганізацыі харчавання, кадравага справаводства. “Мадэрнізацыя працэсу харчавання на сёння ў значнай ступені панізіла працавыдаткі на правя-дзенне аналітыкі, пазбавіла ад руцінных аперацый пры фарміраванні меню, забяспечыла празрыстасць праведзенай работы і паскорыла прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў, якія ліквідуюць крытычныя сітуацыі”, — адзначыла С.І.Наркевіч.

Аб развіцці матывацыі прафесійнага ўдасканалення педагога на аснове дыферэнцыраванай сістэмы метадычнай работы расказала загадчыца ясляў-сада № 86 Магілёва Алена Іванаўна Крукоўская. Метадычная работа ва ўстанове дыферэнцыравана з улікам асобасных якасцей кожнага педагога, яго запытаў і вопыту работы. Асноўныя катэгорыі педагогаў — маладыя спецыялісты, якія маюць недастатковую сфарміраванасць асобных кампанентаў педагагічнай культуры і дастаткова нізкую патрэбу ў далейшым яе ўдасканаленні, і педагагічныя работнікі, якія дасягнулі пэўнай стадыі прафесійнага развіцця, але ў якіх адзначаецца супярэчнасць сістэмы самаразвіцця, што склалася, залежнасць прафесійнага развіцця ад умоў, меркавання тых, хто іх акружае.
Павысіць матывацыю і прафесійны ўзровень педагогам дазваляюць педагагічныя майстэрні. Іх тэматыка вызначаецца зыходзячы з праблем, заяўленых педагогамі. Работа будуецца праз семінары-практыкумы, творчыя распрацоўкі, дзелавыя гульні. Выкарыстанне разнастайных форм дазваляе павысіць інтарэс да гэтага мерапрыемства, змяніць ролевыя дзеянні педагогаў (скептык, аналітык, эксперт і інш). Праблемны метад і метад мадэлявання — найбольш прадукцыйныя ў арганізацыі майстэрняў.
Асаблівае месца ў метадычнай рабоце адводзіцца маладым педагогам. Менавіта ў перыяд прафесійнай адаптацыі яны набываюць першы асабісты вопыт. Для маладога спецыяліста яго ўласны прэстыж, рэпутацыя стаяць на першым месцы, таму ва ўстанове імкнуцца не ўпусціць гэты момант. Работа з педагогамі пабудавана так, каб кожны змог адпрацаваць праблемную тэму на практыцы, а затым прадэманстраваць свае напрацоўкі калегам. Такая магчымасць прадастаўляецца праз выніковыя мерапрыемствы: выставы дыдактычных дапаможнікаў, выставы-кірмашы педагагічных ідэй, прэзентацыі метадычных распрацовак і педагагічных праектаў, прэзентацыі “Мой першы год у дашкольнай установе”, дыспуты “Складаныя сітуацыі на занятках і ваш выхад з іх”, “Педагагічны капуснік” і інш.
Павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў у працэсе дыферэнцыраванай метадычнай работы павінна будавацца так, каб у педагога праяўлялася гатоўнасць да абагульненага і гнуткага аналізу сваёй дзейнасці, атрымання ўмоў для самавызначэння, праяўлення сваёй непаўторнасці. Ад прафесіяналізму педагогаў залежыць якасць адукацыйных паслуг, запатрабаванасць дашкольнай установы соцыумам і прэстыж сярод іншых устаноў адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота БелТА.