Як навучыць дзяцей прадпрымальнасці? Як развіць у іх самастойнасць, уменне рэалізоўваць свае ініцыятывы? Адказы на гэтыя актуальныя сёння пытанні ведаюць настаўнікі Касцюковіцкай раённай гімназіі. Не так даўно навучальная ўстанова стала адзінай у вобласці інавацыйнай пляцоўкай рэспубліканскага адукацыйнага праекта “Прадпрымальная школа”.
У гімназіі змаглі эфектыўна арганізаваць сістэмную работу ў гэтым напрамку. Станоўчых напрацовак назапасілася нямала, таму педагагічны калектыў установы прыняў у сябе ўдзельнікаў адпаведнага рэспубліканскага семінара-практыкуму. У Касцюковічы з мэтай удасканалення шляхоў рэалізацыі праекта “Прадпрымальная школа” з’ехаліся педагогі-наватары з усёй рэспублікі. Удзел у семінары прынялі таксама прадстаўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і шэрага іншых вышэйшых навучальных устаноў.Настаўнікам раённай гімназіі было што паказаць і расказаць калегам. Гімназісты тут сапраўды захоплены ініцыятыўнай дзейнасцю. Дасягнуць такога выніку атрымалася дзякуючы ўстанаўленню свайго роду партнёрскіх адносін паміж педагогамі, дзецьмі, бацькамі. Ініцыятарамі ідэй у асноўным выступаюць вучні, а настаўнікі становяцца дарадцамі і каардынатарамі. Пасля пачынаецца сумесная работа над стварэннем праектаў, пошук магчымасцей іх увасаблення.
— Не менш важным мы лічым наладжванне сяброўскіх адносін, плённага супрацоўніцтва з арганізацыямі і ўстановамі не толькі ў горадзе, але і па ўсім раёне. Стараемся падтрымліваць любыя ініцыятывы: педагагічныя, дзіцячыя, дзіцяча-дарослыя. Дзякуючы такому падыходу, многія праекты ўжо рэалізоўваюцца, — адзначыла дырэктар Касцюковіцкай раённай гімназіі Антаніна Максімава.
У ходзе невялікай экскурсіі ў праўдзівасці слоў дырэктара маглі пераканацца ўсе ўдзельнікі семінара. Гімназісты распрацавалі шэраг цікавых турыстычных маршрутаў. Так, маршрут “Касцюкоўшчына літаратурная” дазваляе азнаёміцца з месцамі, звязанымі з жыццём і творчасцю вядомых беларускіх пісьменнікаў А.Куляшова, А.Пісьмянкова, І.Чыгрынава. Прагуляўшыся па маршруце “Крыніцы Касцюкоўшчыны”, можна ўбачыць прыроду раёна. Пры падтрымцы педагогаў дзеці рэалізоўваюць праекты па захаванні зялёнага масіву Баравец, закладцы новага сквера на гарадской пустцы, прымаюць удзел у рэстаўрацыі праваслаўнага храма ў вёсцы Забычанне. І гэта толькі малая частка ад агульнай колькасці распрацаваных вучнямі і настаўнікамі гімназіі праектаў.Як было адзначана, падобная работа над сацыяльнымі ініцыятывамі значна спрыяе правільнаму самавызначэнню і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. Гімназісты вучацца бачыць надзённыя праблемы, знаходзіць шляхі іх вырашэння. Адметна і тое, што яны арыентуюцца не столькі на атрыманне даходу, колькі на развіццё ўласнай прадпрымальнасці, стварэнне сацыяльна значных праектаў.
У ходзе метадычнага практыкуму ўдзельнікі семінара шмат гаварылі пра станоўчыя вынікі рэалізацыі праекта “Прадпрымальная школа”. Разам педагогі правялі карэкціроўку напрацаваных матэрыялаў, абмяняліся думкамі. Прапанаваны былі і новыя ідэі. У прыватнасці, у Касцюковіцкай раённай гімназіі плануецца стварэнне маладзёжнага бізнес-цэнтра. Наколькі эфектыўным будзе такое рашэнне — пакажа час. Пакуль жа ў кожнай навучальнай установе, якая з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай праекта “Прадпрымальная школа”, будуць планамерна імкнуцца да фарміравання ў вучняў фінансавай дасведчанасці, сацыяльна-эканамічных ведаў, а таксама ўменняў знайсці ім годнае прымяненне.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ.