Першы ў вобласці Цэнтр сельскага развіцця адкрыўся на базе Асінаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна.
Як паведаміў дырэктар установы Дзяніс Нікіфараў, рэалізацыя патрэбнага праекта стала магчымай дзякуючы актыўнасці мясцовага педагагічнага калектыву.
— Сельскія ўстановы адукацыі павінны быць цэнтрамі развіцця, бо часта гэта сапраўды галоўны культурны і сацыяльны аб’ект у вёсцы. Сваё меркаванне мы выказалі, стварыўшы адпаведны праект. У мінулым годзе ён стаў адным з лепшых на конкурсе ініцыятыў ЕС-ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” і атрымаў значную фінансавую падтрымку, — расказаў Дзяніс Уладзіміравіч.
Стварэнне Цэнтра сельскага развіцця сіламі педагогаў і навучэнцаў ВПК вялося на працягу паўгода. Але сумесныя намаганні апраўдаў канчатковы вынік. Цяпер у вучэбна-педагагічным комплексе кожны жыхар аграгарадка зможа атрымаць інфармацыю аб прынцыпах устойлівага развіцця, навыкі эканомнага энергарэсурсаспажывання, а таксама бясплатны доступ у сетку інтэрнэт.
Акрамя таго, у рамках рэалізацыі праекта тут быў распрацаваны турыстычны брэнд “Пачастунак ад радзімічаў”. Вучні ўстановы адукацыі доўгі час дэталёва вывучалі старадаўнія рэцэпты. На іх аснове стварылі друкаваны зборнік каларытных мясцовых прысмакаў. Калі ж нехта лянуецца гатаваць, вучэбна-педагагічны комплекс запрашае ў Цэнтр гатавання і дэгустацыі страў нацыянальнай кухні. Тут усё зроблена максімальна аўтэнтычна. Інтэр’еры школьнай сталовай пераабсталявалі ў стылі беларускай вясковай хаты. Можна ў цэнтры атрымаць і майстар-клас па гатаванні традыцыйных народных страў.
— Прынцыпы ўстойлівага развіцця мы актыўна ўкараняем і ў вучэбны працэс. Ужо наладжана практыка правядзення адпаведных інтэграваных урокаў, — адзначыў Дзяніс Нікіфараў.
Падобны падыход дазваляе захаваць культурна-гістарычную спадчыну ў свядомасці падрастаючага пакалення, таму ініцыятывай Асінаўскага ВПК ужо зацікавіліся прадстаўнікі іншых устаноў адукацыі з розных рэгіёнаў краіны.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.