Рэабілітацыя ў руху

Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ленінскага раёна Мінска выйшаў у фінал ІІ Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Аб дасягненнях, атрыманых калектывам цэнтра ў рабоце з дзецьмі, расказваюць яго спецыялісты.

“Сёння ў цэнтры функцыянуюць 3 класы і 1 дашкольная група, займаецца 41 дзіця з 3 да 18 гадоў, — гаворыць дырэктар установы Таццяна Барысаўна Піваварчык. — З кожным годам мы адзначаем павелічэнне колькасці навучэнцаў і выхаванцаў з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі (ЦМП). Для некаторых з іх навучанне арганізоўваецца дома. Супрацоўнікі цэнтра аказваюць дзецям псіхолага-медыка-педагагічную дапамогу, у тым ліку раннюю комплексную дапамогу малышам ва ўзросце да трох гадоў. Вучэбныя заняткі ў класах праводзяць настаўнікі ў суправаджэнні выхавальніка і памочніка выхавальніка. Штат установы ўкамплектаваны настаўнікамі-дэфектолагамі ўсіх спецыяльнасцей (тыфлапедагог, сурдапедагог, алігафрэнапедагог, лагапед), медыцынскімі работнікамі. Цэнтр з’яўляецца філіялам кафедры клінічнай і кансультацыйнай псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка”.

Для дзяцей з ЦМП маюць значэнне не канкрэтныя веды, а навыкі самаабслугоўвання, працоўныя ўменні. Педагогі цэнтра распрацавалі наглядныя алгарытмы выканання гаспадарча-бытавых і працоўных дзеянняў — карткі з пазначэннем пэўных аперацый. На занятках выкарыстоўваецца кухонная бытавая тэхніка, працоўнае абсталяванне і інвентар. Большасць навучэнцаў установы не валодаюць вусным маўленнем, таму ім прапаноўваецца асвоіць альтэрнатыўную (з дапамогай жэстаў, малюнкаў, знакаў, слоў) і падтрымліваючую камунікацыю — іканічныя жэсты (простыя, зразумелыя для людзей без спецыяльнай падрыхтоўкі), якія часова замяняюць вусную мову, простыя электронныя сродкі для камунікацыі, карцінныя сімвалы. Эфектыўным з’яўляецца метад PECS (сістэма абмену малюнкамі). Карцінныя сімвалы PECS дапамагаюць арыентавацца ў прасторы, у візуальным распарадку дня, у камунікатыўных табліцах, дошках і альбомах, служаць для вядзення дыялогу. Электронныя сродкі камунікацыі гавораць за дзяцей запісаным голасам іншага чалавека або голасам, сінтэзаваным на камп’ютары. Такія прыстасаванні не патрабуюць умення чытаць — можна самому ствараць і прайграваць паведамленні пры дапамозе знакаў і малюнкаў.

На працягу 2016/2017 навучальнага года ў рабоце з выхаванцам, які мае інтэлектуальную недастатковасць у спалучэнні з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату і парушэннем слыху выкарыстоўваўся дадатак, усталяваны на планшэце, “Гавары моўчкі”— гэта камунікатар ад IndigoKids. Дзіця выбірала жаданыя прадметы, вучылася складаць прапановы-просьбы, выбудоўваць дыялог. Гэты дадатак заснаваны на спецыяльна распрацаваных малюнках PECS.

Спецыялісты таксама вучаць выхаванцаў, прымяняючы візуалізацыю часу і прасторы ў сістэме структураванага навучання (гэта стратэгія навучання, распрацаваная аддзяленнем ТЕАССН). Пры дапамозе малюначкаў з намаляванай на іх паслядоўнасцю дзеянняў можна засвойваць навыкі гігіены і самаабслугоўвання.

“Важны кірунак развіцця ўстановы — інфарматызацыя, — падкрэсліла Таццяна Барысаўна. — Мы падключылі оптавалаконны інтэрнэт у рэсурсным кабінеце, музычнай зале, кабінетах спецыялістаў і псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. Набылі праграмна-апаратны, мультымедыйны комплекс (інтэрактыўная дошка, ноўтбук, праектар), комплекс “Працоўнае месца настаўніка-дэфектолага”. Кабінеты спецыялістаў абсталявалі камп’ютарнай тэхнікай. Для таго каб павысіць якасць работы псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі (ПМПК) таксама прымяняюцца камп’ютарныя тэхналогіі. Створаны электронны журнал запісу на абследаванне, вядзецца яго відэазапіс. У фае для наведвальнікаў цэнтра дэманструецца прэзентацыя аб дзейнасці ПМПК, трансліруюцца відэаролікі, накіраваныя на фарміраванне талерантнага стаўлення да людзей з інваліднасцю”.

Эфектыўнасць рэабілітацыі дзяцей з ЦМП залежыць ад абсталявання, якое для гэтага выкарыстоўваецца. Для перамяшчэння дзяцей з выяўленымі рухальнымі парушэннямі на другі паверх усталяваны лесвічны пад’ёмнік падвеснага тыпу беларускай вытворчасці, бытавы механічны пад’ёмнік для перамяшчэння з ложка на крэсла, канапу і інш. Для дзяцей ранняга ўзросту (да 3 гадоў) набыты сенсорна-дынамічны зал — навясное абсталяванне “Сава-нянька”, дапаможнае рэабілітацыйнае абсталяванне “Арэлі”, “Яйка Савы”, “Дошка Савы”, “Савалёт”, батут, “Камізэлька Савы”, “Коўдра Савы”, абцяжараны плед, “Панчоха Савы”. У пакоях цэнтра створаны куткі для дзяцей з аўтызмам, прадугледжаны элементы для работы па сістэме Мантэсоры. Усё неабходнае абсталяванне закуплена за сродкі ўпраўлення адукацыі і спонсарскую дапамогу. Спецыялісты, якія працуюць на новым абсталяванні, прайшлі адпаведнае навучанне.

“Комплекс, набыты для дзяцей ранняга ўзросту, спрыяе рэалізацыі метаду сенсорнай інтэграцыі — рэабілітацыйнага метаду, накіраванага на папаўненне сенсорнага вопыту ў дзяцей, — адзначае выхавальнік Валянціна Іванаўна Карончык. — Такі вопыт садзейнічае развіццю маўлення, навыкаў хадзьбы. Важнае значэнне ён мае для дзяцей з парушэннямі аўтыстычнага спектра і для гіперактыўных дзяцей. Так, абсталяванне для абцяжарання дапамагае лепш адчуваць сваё цела”.

Для стварэння ўмоў для развіцця рухальнай актыўнасці навучэнцаў была цалкам пераабсталявана зала адаптыўнай фізічнай культуры. Тут устаноўлены трэнажор Гроса, які дазваляе вертыкалізаваць позу дзіцяці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, уключаць у работу ўсе мышцы цела. З’явіліся і спецыяльныя арэлі для гэтага, а таксама горка для навучання хадзьбе, шматфункцыянальны трэнажор “Аксіцыкл”, трэнажор “Пападзі ў цэль”, пазіцыйны шматфункцыянальны модуль, камплект грузаў, падушак клінападобнай формы і тэрапеўтычных валікаў. Выраблена нетрадыцыйнае спартыўные абсталяванне. Для кожнага дзіцяці педагогі і медыкі складаюць індывідуальны маршрут руху. Нават выхаванцы з цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю са значнымі рухальнымі абмежаваннямі, што перамяшчаюцца на калясках, не пасіўныя назіральнікі, а актыўныя ўдзельнікі рэабілітацыі.

У 2014 годзе педагогі цэнтра падрыхтавалі адукацыйны праект “Адаптыўная фізічная культура як сродак паляпшэння жыццядзейнасцi вучняў з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі”, які быў удастоены гранта Мінгарвыканкама. Рэалізацыя праекта дазволіла спецыялістам ЦКРНіР прыняць удзел у карэкціроўцы вучэбнай праграмы для цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі “Адаптыўная фізічная культура”, прапанаванай Нацыянальным інстытутам адукацыі.

Наступны кірунак штодзённай работы спецыялістаў цэнтра — фарміраванне ў дзяцей сацыяльна прымальных паводзін, асваенне імі даступных сацыяльных роляў. Своеасаблівым вынікам праведзенай работы з’яўляецца паспяховы ўдзел выхаванцаў у раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Апошнія чатыры гады ў цэнтры дзейнічаюць два гурткі, дзе з выхаванцамі займаюцца педагогі, якія не маюць спецыяльнай прафесійнай падрыхтоўкі да работы з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці. Тым не менш гэта дазваляе навучэнцам цэнтра ўдзельнічаць і перамагаць у гарадскім фестывалі-конкурсе мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

У бягучым навучальным годзе 6 навучэнцаў ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска заканчваюць 9 клас. Іх далейшае жыццеўладкаванне плануецца ва ўзаемадзеянні з раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

“Заняткі ў гуртках з выпускнікамі ЦКРНіР, якія па медыцынскіх паказаннях і стане здароўя не могуць штодня наведваць ТЦСАН, арганізуюцца дома, — адзначыла Таццяна Барысаўна Піваварчык. — Педагогі і бацькі нашых выпускнікоў пабывалі ў працоўных майстэрнях для людзей з АПФР у прыходзе храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых радасць”.

Неад’емная частка нашай работы — падтрымка сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з АПФР, у прыватнасці сіблінгаў (здаровых братоў і сясцёр). Менавіта яны звычайна далучаюцца да догляду сваякоў з інваліднасцю. Работа з імі ўключае тры блокі: інфармацыйная падтрымка (інфармаванне сіблінгаў аб стане, асаблівасцях і прагнозе развіцця іх брата або сястры з інваліднасцю); прымяненне псіхакарэкцыйных тэхналогій (арт-тэрапія, выяўленчая тэрапія, музыкатэрапія, кінезатэрапія і інш.); арганізацыя сумеснай дзейнасці ўсіх членаў сям’і ў музычных і спартыўна-забаўляльных мерапрыемствах (сумесныя музычныя і танцавальныя нумары, святочныя сцэнкі). Цікавая форма работы — камандныя кансультацыі спецыялістаў для бацькоў дзяцей з АПФР. Адным з кірункаў работы з сем’ямі асаблівых дзяцей, якія атрымліваюць дапамогу ў ЦКРНіР, з’яўляецца павышэнне кампетэнтнасці бацькоў пры фарміраванні сацыяльна-станоўчых паводзін дзіцяці з аўтыстычнымі парушэннямі з выкарыстаннем метаду сацыяльных гісторый. На карэкцыйных занятках педагог працуе з пэўнай сацыяльнай гісторыяй і тым самым фарміруе ў бацькоў разуменне неабходнасці замацавання новага стэрэатыпу паводзін у рэальных жыццёвых сітуацыях.

Варта нагадаць і тое, што спецыялісты ЦКРНіР аказваюць карэкцыйна-педагагічнуюдапамогу не толькі дзецям, якія маюць цяжкія парушэнні, але і звычайным дашкольнікам і школьнікам, што маюць цяжкасці ў засваенні зместу агульнаадукацыйных праграм. З гэтай мэтай нашы педагогі выкарыстоўваюць элементы лагапедычнага масажу, метад нагляднага мадэлявання, метад кінезіялогіі, дыдактычныя гульні, ствараюць праекты ў праграме Smart Notebook, распрацоўваюць шматфункцыянальныя дапаможнікі, якія маюць на ўвазе выкананне дзецьмі заданняў у спалучэнні з рухам. Для дасягнення лепшых вынікаў па пастаноўцы гукаў прымяняецца метад біяэнергапластыкі”.

“З 2014 па 2017 год ва ўстанове рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання спецыяльных прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў па рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пры дапамозе сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі”, — расказала метадыст цэнтра Наталля Ігараўна Гульцова. — У рамках праекта спецыялісты цэнтра распрацоўвалі і праводзілі мерапрыемствы для педагогаў, якія не маюць спецыяльнай прафесійнай падрыхтоўкі ў кірунку навучання і выхавання дзяцей з АПФР. Узаемадзеянне адміністрацыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі са спецыялістамі цэнтра паспрыяла прыняццю эфектыўных кіраўніцкіх рашэнняў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу для дзяцей з АПФР. Другі кірунак прадугледжваў работу па фарміраванні спецыяльных прафесійных кампетэнцый у педагагічных работнікаў. Трэці напрамак работы — фарміраванне талерантнага стаўлення да асоб з АПФР. Нароўні з традыцыйнымі інфармацыйнымі кампаніямі, прымеркаванымі да значных дат, перспектыўнай з’яўляецца арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на ўключэнне ў сумесную дзейнасць дзяцей з АПФР і іх звычайных аднагодкаў.

Зараз педагагічны калектыў цэнтра працуе над новым адукацыйным праектам “Інтэрактыўная пляцоўка як сродак фарміравання інклюзіўнай культуры насельніцтва”. У ім разглядаюцца магчымасці стварэння на базе цэнтра пляцоўкі для ўзаемадзеяння, якую будуць наведваць як дзеці, так і дарослыя і дзе кожны зможа адчуць, што на самай справе перажывае чалавек, які не бачыць, не чуе, мае парушэнні функцыі апорна-рухальнага апарату. Для работы пляцоўкі будуць падабраны інтэрактыўныя гульні, удзельнікам якіх спатрэбіцца рашыць задачу або прыйсці да зададзенай мэты, і кожны падчас выканання задання прымерае на сябе ролю чалавека з асаблівасцямі развіцця”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *