Рэакцыі хімічныя і псіхалагічныя

- 11:44Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

Днямі ў сталіцы В’етнама Ханоі завяршылася 46-я Міжнародная хімічная алімпіяда (IChO2014), у якой прынялі ўдзел каля 300 школьнікаў з 75 краін. Спаборніцтвы праходзілі на базе Ханойскага нацыянальнага ўніверсітэта адукацыі і Ханойскага нацыянальнага ўніверсітэта навукі. Выступленне беларускай каманды ў гэтым годзе было паспяховым: старшакласнікі заваявалі тры сярэбраныя медалі і адзін бронзавы.

“Серабро” атрымалі Аляксандра Радчанка з гімназіі № 7 Маладзечна (настаўніца Наталля Данілаўна Пашчук), Андрэй Лойка з сярэдняй школы № 165 Мінска (настаўніца Марыя Іванаўна Самец) і Андрэй Швед з гімназіі № 12 Мінска (настаўніца Святлана Мацвееўна Светнік). Бронзавы медаль — у Андрэя Сямёнава з сярэдняй школы № 19 Мінска (настаўніца Алена Давідаўна Янко).
Перадалімпіядныя зборы сёлета праходзілі ў два этапы. Спачатку з 12 прэтэндэнтаў (з ліку пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды) для ўдзелу ў спаборніцтвах былі выбраны 4, і затым ужо ў чэрвені была наладжана іх падрыхтоўка. Папярэдне арганізатары міжнароднай алімпіяды акрэслілі кола пытанняў і заданняў, якія належала ведаць яе ўдзельнікам. Кожны жадаючы мог адшукаць іх у інтэрнэце. Навуковым кіраўніком збораў быў дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі БДУ Віктар Мікалаевіч Хвалюк. Ён жа ўзначаліў дэлегацыю на міжнароднай алімпіядзе. Яму дапамагалі ў якасці ментараў — дацэнт кафедры ЮНЕСКА па прыродазнаўчай адукацыі БДУ Юрый Сяргеевіч Галаўко і навуковы назіральнік — дацэнт кафедры электрахіміі БДУ Яўген Уладзіміравіч Паўлечка.
Традыцыйна змест алімпіядных заданняў ахопліваў амаль увесь універсітэцкі курс хіміі, уключаючы спецкурсы, а ў аснову задач былі пакладзены пытанні, якія абмяркоўваюцца сёння вучонымі ў навуковых артыкулах. На тэарэтычным туры прапаноўвалася 9 задач. Яны былі прадстаўлены больш чым на 50 старонках і ўключалі некалькі заданняў па фізічнай хіміі, шырокі спектр задач па неарганічнай, арганічнай, аналітычнай, квантавай хіміі, хімічнай кінетыцы. На іх рашэнне адводзілася 5 гадзін. Школьнікі шукалі адказы на пытанні, што тычыліся паводзін квантавых сістэм, хімічнай раўнавагі і тэхналагічных працэсаў, якія могуць выкарыстоўвацца ў прамысловых схемах сістэм ахаладжэння; разважалі над незвычайнымі спалучэннямі серабра і плаціны; разлічвалі параметры кіслотна-асноўнай раўнавагі ў растворах; устанаўлівалі пэўныя кінетычныя заканамернасці хімічных працэсаў; расшыфроўвалі ланцужок поўнага сінтэзу артэмізініну; вывучалі будову біялагічна актыўных кампанентаў у раслінах і асэнсоўвалі хімію гетарацыклаў.

Эксперыментальны тур уключаў тры задачы, якія былі выкладзены на 35 старонках і разлічаны таксама на 5 гадзін. У першым заданні школьнікам прапаноўвалася правесці цікавую хімічную рэакцыю, якую можна назваць сапраўдным “хімічным гадзіннікам”: неабходна было змяшаць вызначаныя рэагенты, і ў пэўны момант часу ў атрыманым растворы з’яўлялася афарбоўка. Пасля вымярэнняў тэмпературы сістэмы алімпіяднікі ўстанаўлівалі заканамернасці гэтай хімічнай рэакцыі. Падчас выканання другой задачы яны сінтэзавалі рэчыва, якое валодае процімалярыйнай актыўнасцю і з’яўляецца своеасаблівым правобразам лекавага прэпарату. Трэцяе заданне патрабавала аналізу ўзору хімічнага спалучэння, прапанаванага арганізатарамі алімпіяды. Школьнікі растваралі гэтае спалучэнне, пасля чаго выконвалі цітраванне. Прырода гэтага комплекснага спалучэння была зразумелай, патрабавалася толькі зрабіць высновы аб яго колькасным складзе, колькі і якіх структурных адзінак у яго ўваходзіла. Беларускія школьнікі былі добра падрыхтаваны да эксперыментаў, абсталяванне ім было знаёма.
На алімпіядзе ацэньвалася не толькі дакладнасць рашэнняў задач, але і крэатыўны падыход да рашэнняў, пошук нестандартных лагічных шляхоў да іх, тое, наколькі яны абгрунтаваны. Па сутнасці, многія пытанні былі адкрытыя: пачатак рашэння ва ўсіх быў аднолькавы, а ў працэсе яго можна было прапаноўваць свае варыянты.
Максімальна на алімпіядзе можна было набраць 100 балаў (60 — у тэарэтычным туры і 40 — у эксперыментальным). Як і заўсёды, школьнікам не хапіла часу на выкананне ўсіх задач. Адыграў сваю ролю і псіхалагічны момант — хваляванне. Іншы раз алімпіяднікі з лёгкасцю адказвалі на самыя складаныя пытанні, а ў элементарных — дапускалі памылкі. Як пераадолець такія “псіхалагічныя памылкі”, пакуль сказаць не магчыма.
Абсалютнае першае месца на спаборніцтвах сёлета заняў школьнік з Сінгапура Сунь Цзяжуй, у яго 87 балаў. Паспяхова выступілі таксама прадстаўнікі Кітая, Польшчы, В’етнама, Тайваня, Украіны, Расіі.
У беларускай камандзе найбольшую колькасць балаў набрала Аляксандра Радчанка. Перадгісторыя яе поспеху даволі нетыповая. Цяжка паверыць, што самым складаным прадметам у школе для яе была хімія. Дзяўчына не магла пахваліцца сваімі адзнакамі па ёй, і часам прапускала ўрокі. Але прычыны такой непаспяховасці можна было зразумець: Аляксандра вучылася яшчэ ў дзвюх школах — музычнай (па класе фартэпіяна) і спартыўнай, дзе займалася лёгкай атлетыкай. Калі праблемы з хіміяй зайшлі далёка, Аляксандра падышла да настаўніцы Наталлі Данілаўны Пашчук і папрасіла дапамагчы. Кожную суботу дзяўчына стала наведваць дадатковыя заняткі па прадмеце. І з часам не толькі дагнала сваіх аднакласнікаў у ведах па хіміі, але і значна пераўзышла іх і пачала паспяхова выступаць на алімпіядах па прадмеце. Аляксандра для сябе ўжо вырашыла, што будзе вучыцца на хімічным факультэце БДУ.

Школьнікі змаглі добра адпачыць падчас паездкі ў В’етнам. Яны прынялі ўдзел у агляднай экскурсіі па Ханоі, наведалі музей літаратуры (першы ўніверсітэт В’етнама, заснаваны ў 1070 годзе) і музей этналогіі, бачылі маўзалей Хо Шы Міна і яго прэзідэнцкі палац, які сёння з’яўляецца Домам урада, пабывалі ў Чырвоным Кан’ёне і бухце Халонг. У мясцовым супермаркеце школьнікаў здзівіла празрыстая падлога, пад якой размяшчаўся вялікі падземны акварыум з экзатычнымі рыбамі. Турыстаў у Ханоі заўсёды бянтэжыць бясконцы паток матацыклістаў — на матацыклах у сталіцы ездзяць практычна ўсе в’етнамцы, а святлафоры амаль поўнасцю адсутнічаюць. Тым, хто ўпершыню бачыць такі нерэгулюемы дарожны рух, вельмі страшна пераходзіць вуліцу.
Наступная Міжнародная хімічная алімпіяда пройдзе ў сталіцы Азербайджана Баку.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.