Рэакцыя роўная і адэкватная

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржсакратару Савета бяспекі і міністру абароны распрацаваць і ў найбліжэйшы час прадставіць яму план мерапрыемства па адэкватным рэагаванні на дзеянні, звязаныя з размяшчэннем у Літве і ў непасрэднай блізкасці ля граніцы з Беларуссю бранятанкавай тэхнікі і кантынгенту Узброеных сіл ЗША. Пра гэта паведаміў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась.

Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі, у Літву прыбываюць падраздзяленні амерыканскай бранятанкавай дывізіі. Пры гэтым месцам дыслакацыі выбраны палігон Пабрадэ — літаральна за 15 км ад граніцы з Беларуссю. “Гэта адзін з самых буйных ваенных палігонаў на тэрыторыі Літвы. Да гэтага часу амерыканскіх падраздзяленняў у гэтай краіне не было. Цяпер яны там з’яўляюцца. Перш за ўсё прыбылі танкавыя падраздзяленні”, — сказаў Станіслаў Зась.

Ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі нельга быць проста наглядальнікам. “У любой краіне прапрацоўваюцца меры ў адказ (на такія крокі з боку краін-сусе­дзяў. — Заўвага БелТА.). І кіраўнік дзяржавы паставіў задачу Дзяржсакратарыяту і Міністэрству абароны ўнесці прапановы па рэагаванні на гэты факт. Такія прапановы будуць адпрацаваны і даложаны прэзідэнту ў пачатку наступнага тыдня”, — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Станіслаў Зась асабліва падкрэсліў, што гэтыя дзеянні прымаюцца на фоне ўсё большай напружанасці ў рэгіёне і свеце, што ўплывае і на стан бяспекі. “Нам гэта не трэба. Ці патрэбна Літве такая дадатковая напружанасць паміж нашымі дружалюбнымі народамі? Няхай яны самі прымаюць рашэнне”, — выказаўся ён.

Тое ж тычыцца і пытання заклапочанасці беларускага боку наконт маштабных вучэнняў НАТА Defender Europe, якія плануецца правесці вясной 2020 года. Чакаецца, што ў манеўрах на тэрыторыі 10 еўрапейскіх краін, уключаючы сумежныя Польшчу, Літву і Латвію, пры­муць удзе­л ваеннаслужачыя 18 дзяржаў. “Рэакцыя Прэзідэнта Беларусі на гэтыя вучэнні не нейкая асаблівая. Яна роўная і адэкватная тым падзеям, якія намячаюцца ў наступным годзе, — адзначыў Станіслаў Зась. — Гэта адны з самых буйных вучэнняў за апошнія 25 гадоў. У іх пры­муць удзе­л каля 40 тысяч ваеннаслужачых з 18 краін — членаў НАТА. І прытым амаль палова гэтых ваеннаслужачых — з ЗША”.

Паводле яго слоў, асаблівасцю вучэнняў з’яўляецца тое, што шырока плануецца адпрацаваць пытанні перакідкі войскаў з тэрыторыі ЗША на еўрапейскі кантынент. “Рознымі спосабамі: марскім, паветраным транспартам — з выкарыстаннем марскіх партоў еўрапейскіх дзяржаў, аэрадромаў. І сухапутным спосабам з тых баз, якія створаны ў Еўропе”, — растлумачыў Станіслаў Зась.

“Важна разумець, на якім фоне праводзяцца гэтыя вучэнні. Усе мы з’яўляемся сведкамі нарастання су­працьстаяння паміж цэнтрамі сілы. На жаль, адбываецца практыка вяртання да палітыкі мілітарызацыі, гонкі ўзбраенняў. Ваенныя расходы ва ўсіх нашых суседзяў у апошнія гады растуць. Мала таго, што яны большыя, чым у Беларусі, і ў грашовых адзінках, і ў працэнтах ад ВУП, але яны растуць. Гэта значыць, відавочная мілітарызацыя гэтага рэгіёна. Вось у такой сітуацыі плануецца праводзіць вучэнні”, — канстатаваў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка на саміце СНД у Ашхабадзе выказаў занепакоенасць наконт маштабных ваенных вучэнняў НАТА, што пройдуць ля граніцы Беларусі. “НАТА чамусьці вырашыла літаральна праз некалькі месяцаў правесці каля нашых граніц буйнамаштабныя вучэнні і задзейнічаць столькі тысяч, колькі ніколі не задзейнічала. Гэта Польшча і краіны Балтыі. Гэта ненармальна. Гэта не сведчыць пра тое, што мір прыйшоў на тэрыторыю Еўропы і ачагоў такіх не ўзнікне ў будучыні. Гэта незразумелыя вучэнні”, — сказаў беларускі лідар.

У гэтым жа ключы кіраўнік дзяржавы выказваўся і 8 кастрычніка на праведзенай у Мінску Міжнароднай канферэнцыі “Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані”.