Рэалізацыя ініцыятыў як другое дыханне для рэгіёнаў

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Нядаўна на Гомельшчыне прайшоў прэс-тур для рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі па выніках рэалізацыі праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Праект накіраваны на стварэнне ўмоў для аб’яднання намаганняў і наладжвання партнёрства паміж органамі ўлады і грамадзянскімі ініцыятывамі для развіцця рэгіёнаў з улікам іх унікальных асаблівасцей. Ён фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Цікава, што шмат такіх ініцыятыў рэалізуецца ў адукацыйнай сферы — у невялічкіх сельскіх школах, дзіцячых садках і ўстановах дадатковай адукацыі. І калі нехта глядзіць на гэта скептычна, спяшаюся пераканаць, што дарма, на жывых прыкладах.

За апошнія 2 гады ў 11 раёнах Гомельскай вобласці была рэалізавана 51 ініцыятыва розных тэматычных напрамкаў: эканамічнае развіццё і развіццё інфраструктуры, турызм і экалогія, здароўе і сацыяльныя паслугі, але найбольшая колькасць ініцыятыў — амаль трэць — рэалізуецца менавіта ў адукацыі.

Мэта — утрымаць моладзь

Нам давялося правесці на Брагіншчыне ўвесь дзень. Гэта адзін з найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы рэгіёнаў Гомельскай вобласці. У мінулым даволі вялікі раён з урадлівымі землямі і густанаселенымі вёскамі, зараз налічвае ўсяго каля 12 тысяч чалавек. Пасля 1986 года значная частка сельскіх населеных пунктаў назаўсёды знікла з карты.

Сёння Брагінскі раён жыве звычайным жыццём. Адзінае, што турбуе больш дарослых яго жыхароў і мясцовыя органы ўлады, — як зрабіць родныя мясціны прывабнымі для малодшага пакалення, каб дзецям было цікава ў роднай вёсцы, каб для іх быў занятак і яны хацелі тут заставацца. Добрае рашэнне праблемы — развіццё прадпрымальніцтва, у тым ліку і ў рамках вышэйназванага праекта. Улічваючы, што Брагінскі раён — сельскагаспадарчы рэгіён, развіццё фермерства — адзін з лепшых напрамкаў. Многія мясцовыя сем’і дзякуючы праграме тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця навучыліся выкарыстоўваць асабістыя гаспадаркі з эканамічнай выгадай для сябе і раёна.

— Зараз адток моладзі з правінцыі і скарачэнне сельскага насельніцтва — гэта агульнаеўрапейская тэндэнцыя, — гаворыць старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калесан. — Але гэта не значыць, што непатрэбна рэагаваць на сітуацыю. Наша задача — паказаць моладзі, як можна стварыць камфортныя ўмовы пражывання і зарабляць грошы на сваёй зямлі.

Знаёмства з ініцыятывамі, якія рэалізуюцца на Брагіншчыне, пачалося з турыстычнага аб’екта — гістарычнага музея і карціннай галерэі. Журналісты паназіралі за рэпетыцыяй спектакля “Карчма на Брагінцы”, акцёрамі ў якім выступаюць маладыя людзі з інваліднасцю, удзельнікі мясцовага тэатра “Натхненне”. Далей шлях ляжаў па прасёлачных дарогах. Мы пераязджалі з адной вёскі ў другую, з адной сельскай школы ў іншую, і кожная нечым нас здзіўляла. Мяне асабіста здзіўлялі самі вяскоўцы: настаўнікі, работнікі культасветы, проста мясцовыя жыхары — ветлівыя, гасцінныя, поўныя жыцця і добрага гумару.

Свой брэнд

Аўтобус спыняецца на сялянскай плошчы вёскі Мікулічы. З аднаго боку — школа, з другога — зялёны парк з арэлямі, лаўкамі для адпачынку, мангалам і адкрытай вярандай з сапраўднай беларускай печкай, каля паркавай зоны — стылізаваны млын.

— Гэта наш турыстычны праект, — расказвае настаўнік гісторыі Мікуліцкай сярэдняй школы Вольга Ходар. — Млын ужо стаў візітоўкай вёскі. Насамрэч ён сімвалізуе пачатак гісторыі нашага куточка. Згодна з мясцовай легендай, некалі жыў на гэтай зямлі асілак Мікула, які працаваў усё жыццё на карысць людзей і пабудаваў для іх млын. Лічыцца, што імя гэтага чалавека і дало назву вёсцы.

Каардынатар міні-ініцыятывы, мясцовая жыхарка Ганна Дашук расказвае, што рэалізацыя праекта не толькі паслужыла турыстычнай прывабнасці, але і аб’яднала вяскоўцаў. Зараз кожнае свята людзі збіраюцца сем’ямі ў парку і праводзяць час разам. А яшчэ наладзілі выпуск сувенірнай прадукцыі: пальчаткі з абрэзкаў тканіны для кухні ці лазні, якія ствараюць сваімі рукамі ўдзельнікі сямейнага клуба “Мікуляначка”. Цяпер гэта брэнд вёскі.

Значны ўклад у праект уносіць школа. Настаўнікі і вучні ўзялі на сябе адукацыйна-забаўляльную праграму. Як гэта праходзіць мы, журналісты, адчулі на сабе. Каля школьнага ганку нас віталі педагогі і прапанавалі стаць удзельнікамі квеста па гісторыі Мікуліч. Спачатку трэба было праявіць сябе ў гаспадарчых справах: перавярнуць, падкінуўшы ў паветра, на патэльні блін, пранесці чыгунок з вадой, падхапіўшы яго вілкамі. Далей чакала сур’ёзная праграма на веданне беларускай мовы і прылад працы, якімі карысталіся продкі. У школьным этнаграфічным музеі нам давалі падказкі, і трэба было знайсці рэч, якая адпавядала апісанню.

Ужо знаёмая нам настаўнік гісторыі Вольга Уладзіміраўна расказала, што часта праводзіць падобныя гульнявыя заняткі з вучнямі. Гэта, на яе думку, дапамагае дзецям не толькі даведацца пра мінулае продкаў, але і выхоўвае беражлівыя адносіны да роднага краю, павагу да чалавека працы.

Наступным у праграме прэс-туру значылася знаёмства з ініцыятывай “Малы бізнес, бяспека, здаровы лад жыцця для ўстойлівага развіцця Брагін-шчыны”. У адным з памяшканняў Хракавіцкай сярэдняй школы абсталявалі трэнажорную залу, дзе займацца могуць як школьнікі, так і дарослыя. Ініцыятарам яе стварэння стаў мясцовы жыхар Міхаіл Якаўлеў, а каардынатар ініцыятывы — прадпрымальнік Алена Малочка, якая разам з мужам у свой час сталі піянерамі ў развіцці ўласнай фермерскай гаспадаркі ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Творчая майстэрня

Едзем далей. На парадку дня — наведванне Чамярыскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і прадстаўленне ініцыятывы “Стварэнне ўмоў для развіцця малога прадпрымальніцтва са школьнай парты — “Творчая майстэрня”.

Здавалася б, звычайны кабінет працоўнага навучання. Але, агледзеўшы яго, разумеем: далёка не ў кожнай установе адукацыі можна ўбачыць майстэрню з такім сучасным тэхналагічным абсталяваннем. За сталамі і станкамі — дзеці і дарослыя, усе занятыя вырабамі з дрэва: нехта робіць рамкі і сувеніры, нехта качалку ці табурэткі. Кіраўнік творчай майстэрні настаўнік працоўнага навучання Сяргей Пішчук расказвае, што зацікаўленасць такой работай вялікая, іншы раз збіраецца столькі жадаючых, што ў памяшканні не хапае месца. Сярод вучняў школы ёсць дзясятак тых, для каго майстэрня стала амаль працоўным месцам. Дзеці спяшаюцца сюды пасля ўрокаў, а на канікулах ужо з раніцы ідуць майстраваць.

— Цікавасць вельмі ўзрасла, калі ў нас з’явіліся электрыфікаваныя ручныя інструменты, — тлумачыць Сяргей Рыгоравіч. — Дагэтуль было абсталяванне, што набывалася яшчэ ў савецкія часы. Вядома, яно ўжо даўно выпрацавала свой рэсурс, і працаваць на ім было нязручна. Калі раней на выраб простай рэчы неабходна было затраціць недзе 3 гадзіны, то цяпер — 20 мінут.

Паколькі сучасныя станкі дазваляюць працаваць на якасць, значна пашырыліся магчымасці: цяпер дзеці не абмяжоўваюцца толькі невялічкімі сувенірамі для родных і блізкіх, а займаюцца вырабам рэчаў, якія паспяхова прадаюцца на выставах і кірмашах. Гэта значыць, што школьнікі зарабляюць грошы. Таму не дзіўна, што ў майстэрні над дрэвам варожаць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі.

Трэба сказаць, што большасць з тых вучняў, што прыходзяць у майстэрню ў пазаўрочны час — з сямей, што знаходзяцца ў няпростым сацыяльным становішчы. Тут дзеці знаходзяць нейкую аддушыну і працуюць сумленна.

Кіраўнік майстэрні марыць пра большае па плошчы памяшканне. Жартуе, што калі пашырацца, можна ўстанаўліваць канвеер: многія дзеці ўжо добра ведаюць усе аперацыі, таму справа гарыць у іх руках.

Жыццё — маліна

Апошнім прыпынкам першага дня прэс-туру стала Іялчанская сярэдняя школа. Тут рэалізуецца ініцыятыва “Развіццё вытворчага патэнцыялу прышкольнага ўчастка Іялчанскай сярэдняй школы Брагінскага раёна для арганізацыі вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі і развіцця школьнага прадпрымальніцтва”.

Дырэктар школы Таццяна Нікалаенка сустракае нас цёплай усмешкай і вядзе па зялёнай алейцы ў будынак. Па дарозе заўважаем, як прыгожа і з густам аформлены школьны двор: кветнікі, лаўкі для адпачынку і нават невялікая сажалка.

— Гэта ўсё з’явілася дзякуючы дзецям, іх рукам, — расказвае з гордасцю Таццяна Іванаўна. — І лаўкі самі майстравалі, і сажалку капалі. Мы нават карасёў там развялі.

Мы падымаемся на другі паверх у кабінет інфарматыкі. Настаўнік Аляксандр Сятко дэманструе розныя механізмы і абсталяванне для заняткаў і правядзення вопытаў. Зразумела, калі б не падтрымка арганізацыі “Беларускі зялёны крыж”, такой сучаснай і даволі дарагой тэхнікі ў маленькай вясковай школе ніколі б не з’явілася.

Ініцыятыва, звязаная з прафтэхадукацыяй старшакласнікаў і накіраваная на больш дасканалае вывучэнне фізікі і механікі, ужо дала пэўны плён. У мінулым годзе прайшлі два адкрытыя турніры тэхнічнай творчасці, дзе вучні Іялчанскай школы паказалі даволі добрыя вынікі, а ўзнагародай для найбольш паспяховых стаў удзел у маладзёжным лагеры ў Швейцарыі “Моладзь за зялёную будучыню”. Варта адзначыць, што ацэньвалі работы старшакласнікаў выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, у тым ліку і ўкраінскіх.

Калі першы турнір для іялчанскіх школьнікаў быў складаны, то да другога рыхтавацца, маючы практыку, было значна лягчэй і работы былі больш сур’ёзнымі. Вынікам удзелу ў другім турніры стала паездка ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны з наведваннем лабараторый факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій. Трэба адзначыць, што выкладчыкі факультэта ў пошуку таленавітых студэнтаў гатовыя прыязджаць у аддаленыя куточкі рэгіёна, каб весці заняткі і факультатывы для мясцовых навучэнцаў. Гэтыя абставіны, безумоўна, спрыялі выніковаму ўдзелу юнакоў у турніры. Вялікая заслуга вучнёўскіх поспехаў і настаўніка інфарматыкі. Аляксандр Васільевіч хаця і не фізік па спецыяльнасці, але, як кажа дырэктар школы, бесперапынна займаецца самаадукацыяй, што дазваляе яму рыхтаваць сваіх вучняў да сур’ёзных спаборніцтваў.

На прафтэхадукацыі не спыніліся і пайшлі далей, узяўшы кірунак на школьнае прадпрымальніцтва. Залажылі першы ўчастак, высадзілі саджанцы. Сёлета ўжо збіраюць ураджай малін. Як паведаміў прадстаўнік “Зялёнага крыжа”, у планах яшчэ паставіць на прышкольным участку цяпліцы і закупіць культыватар для апрацоўкі глебы. Так, з дапамогай педагогаў і экспертаў вучні будуць засвойваць асновы сельскай працы, палюбяць яе. Дырэктар школы Таццяна Нікалаенка спадзяецца, што нехта з іх, атрымаўшы навыкі прадпрымальніцтва, захоча арганізаваць свой бізнес. Магчыма, гэта дазволіць у некаторай ступені вырашыць праблему адтоку моладзі.

Усяго на Брагіншчыне было разгорнута сем ініцыятыў, на рэалізацыю якіх, як паведаміў старшыня райсавета Аляксандр Калесан, накіравана 147 тысяч еўра. Некаторыя ўжо завяршыліся, але гэта не азначае, што работа спынілася. Ініцыятыва — гэта часовая падтрымка і дапамога ў развіцці таго ці іншага кірунку. Як адзначыла каардынатар конкурсаў мясцовых ініцыятыў ПРААН Наталля Адамчык, людзі вучацца, назапашваюць вопыт, а далей працуюць самастойна. “Пасля рэалізацыі ініцыятывы гэтая пляцоўка працягвае працаваць, ствараецца самастойны кластар рэгіянальнага развіцця”, — патлумачыла яна.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.