У Мінску стартаваў конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Настаўнік”. Урачыстая цырымонія яго адкрыцця, на якой былі прадстаўлены ўдзельнікі гэтых спаборніцтваў, прайшла заўчора ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.С.Кіндзірэнка, рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Т.І.Мароз.
Конкурс “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” праводзіцца з 1991 года. Яго заснавальнікамі з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне ажыццяўляе Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.
Сёлета конкурс арганізаваны ў новым фармаце — па 7 намінацыях: “Правільнае рашэнне” (прадстаўлены настаўнікі фізікі, астраноміі, матэматыкі, інфарматыкі), “Калі цябе разумеюць” (настаўнікі замежнай мовы), “Разумнае, добрае, вечнае!” (настаўнікі рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры), “Пачатак пачаткаў” (настаўнікі пачатковых класаў), “Мудрасць у абліччы прыгажосці…” (настаўнікі музыкі, выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання, чарчэння, фізічнай культуры і здароўя, дапрызыўнай падрыхтоўкі), “Валодаючы інфармацыяй…” (настаўнікі гісторыі, грамадазнаўства, геаграфіі, хіміі, біялогіі), “Дзяцінства. Творчасць. Развіццё” (выхавальнікі дашкольнай адукацыі). Пераможцы конкурсу — лепшыя ў кожнай з намінацый — прадставяць сталічную сістэму адукацыі на заключным рэспубліканскім этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014”.
За званне лепшага паспаборнічаюць 68 педагогаў — пераможцы раённых этапаў конкурсу. Гэта як вопытныя настаўнікі з вялікім стажам работы, так і маладыя педагогі. Усіх іх аб’ядноўвае неверагодная энергія і жыццёвая сіла, глыбокія веды па прадмеце, зацікаўлены погляд добрых вачэй, якія ўмеюць знаходзіць задаткі таленавітай асобы. Сярод удзельнікаў конкурсу — педагогі гімназіі № 10 Маскоўскага раёна — настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Анатольеўна Квяцінская і настаўніца фізікі Таццяна Эдуардаўна Шарамед.
Педагагічны стаж Т.А.Квяцінскай — 18 гадоў. Урокі настаўніцы вылучаюцца разнастайнасцю форм і метадаў педагагічнай дзейнасці, умелым выкарыстаннем нагляднасці і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Для фарміравання даследчых уменняў навучэнцаў Таццяна Анатольеўна прымяняе метад праектаў, што дазваляе яе выхаванцам авалодаць уменнямі пабудовы лагічных сувязей: ад ідэі праз мэты, задачы, мазгавы штурм да рэалізацыі і абароны праекта. Настаўніца актыўна ўкараняе ў практыку сваёй работы прыёмы тэатральнай педагогікі. Яе выхаванцы прымяраюць на сябе розныя сацыяльныя ролі і праектуюць сваю дзейнасць на прыкладзе літаратурных твораў. Таццяна Анатольеўна абагульніла вопыт работы па тэме “Выкарыстанне прыёмаў тэатральнай педагогікі як сродку развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў (на прыкладзе ўрокаў рускай літаратуры)”. Педагог прымае актыўны ўдзел у гарадскім адукацыйным праекце “Фабрыка электроннага кантэнту”.
Формула поспеху Т.Э.Шарамед — “каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш”. Педагог актыўна выкарыстоўвае на ўроках тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, метад дзелавой гульні, тэхналогіі групавога і праблемнага навучання, інфармацыйныя тэхналогіі. Яе вучні ўдзельнічаюць і перамагаюць на алімпіядах рознага ўзроўню. Так, і сёлета на гарадской інтэрнэт-алімпіядзе дыпломы ІІІ ступені заваявалі Святлана Шабан і Уладзіслаў Ермаловіч. Таццяна Эдуардаўна абагульніла свой вопыт работы па тэме “Развіццё крытычнага мыслення навучэнцаў на ўроках фізікі праз выкарыстанне і стварэнне схем і апорных канспектаў”.
Гімназія № 40 Ленінскага раёна таксама прадстаўлена на конкурсе двума педагогамі — настаўніцай пачатковых класаў Аленай Васільеўнай Торлапавай і настаўніцай англійскай мовы Кацярынай Мікалаеўнай Лагун. А.В.Торлапава працуе з малодшымі школьнікамі ўжо 21 год. У практыцы сваёй работы настаўніца выкарыстоўвае нетрадыцыйныя метады навучання, элементы тэхналогій праблемнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам”, інфармацыйныя тэхналогіі. Алена Васільеўна абагульніла вопыт па тэме “Дыдактычныя гульні на ўроках матэматыкі як сродак павышэння пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў”. Ёю створаны тэхналагічныя карты па прымяненні гэтых гульняў на кожным канкрэтным уроку.
К.М.Лагун зарэкамендавала сябе творчым, крэатыўным настаўнікам, які сваё захапленне прадметам перадае выхаванцам. Яна вучыць дзяцей працаваць самастойна, выкарыстоўваць электронныя рэсурсы, весці дыялог, дыскусію. Педагог выкарыстоўвае камунікатыўныя прыёмы работы ў парах, групах для папярэджання і карэкцыі памылак у маўленні. К.М.Лагун абагульніла вопыт па тэме “Развіццё ўменняў маўленчых зносін на ўроках англійскай мовы з дапамогай метадаў і прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення”. Вучні настаўніцы прымаюць актыўны ўдзел у інтэрнэт-алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах і займаюць на іх прызавыя месцы.
Першы намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.С.Кіндзірэнка павіншавала педагогаў з адкрыццём конкурсу. “Для многіх з вас гэты конкурс будзе не першым у прафесійнай дзейнасці, а хтосьці ўпершыню стаў удзельнікам гарадскіх спаборніцтваў. Адбываецца гэта ў той знакавы год, калі змянілася палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Натуральна, па-новаму гэты конкурс праводзіцца і ў сталіцы. З аднаго боку, гэта накладае пэўныя цяжкасці на рашэнне арганізацыйных пытанняў, а з другога боку, конкурс становіцца больш персаніфікаваным, бо ў 7 намінацыях мы можам выбраць лепшага настаўніка па канкрэтным прадмеце. І здорава, што ёсць такая магчымасць! Правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства, якія праходзяць зараз у кожным рэгіёне рэспублікі, дае права педагогам задаволіць свае самыя лепшыя прафесійныя амбіцыі. Няхай удзел у конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Настаўнік” стане зыходным пунктам прафесійнага росту”, — адзначыла М.С.Кіндзірэнка.
Конкурсныя спаборніцтвы пройдуць у тры туры. У першым, які будзе доўжыцца да 12 лютага, удзельнікі завочна прадставяць сваю сістэму педагагічнай дзейнасці на тэму “Навучаючы, я выхоўваю…”, адкажуць на пытанні па педагогіцы і псіхалогіі падчас тэсціравання і правядуць адкрыты ўрок у незнаёмым класе. Канкурсанты (па 3 педагогі ў кожнай намінацыі), якія набралі найбольшую колькасць балаў, выходзяць у ІІ тур, які пройдзе з 13 лютага па 10 сакавіка. Педагогаў чакаюць адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах па тэмах, вызначаных журы, і конкурснае мерапрыемства “Рэклама метадычнага прыёму”. У фінал выйдуць 7 удзельнікаў, якім трэба будзе вытрымаць яшчэ два выпрабаванні — майстар-клас і “Творчая візітоўка”. А 28 сакавіка па выніках трох тураў і будзе вызначаны пераможца.
А пакуль пажадаем сталічным педагогам творчых поспехаў, натхнення і ўдачы! Ні пуху ні пер’я!