Рэалізаваць сваю творчую мару на ўроках мастацтва

- 12:24Адукацыйная прастора

Настаўніца мастацтва, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў эстэтычных дысцыплін у гімназіі № 7 Гродна Вольга Вітольдаўна Сідар з дзяцінства была ўпэўнена, што яе прафесія будзе звязана з творчасцю. Калі ў яе, зусім маленькай дзяўчынкі, дарослыя пыталіся, кім яна стане, калі вырасце, то яна адказвала: “Я буду іграць на піяніна”. І гэтая думка жыла ў ёй, пакуль нарэшце Вольга не рэалізавала сваю мару.  

“Каб паступіць у школу з музычным ухілам, дзе я з задавальненнем займалася, мне давялося вытрымаць конкурс у 5 чалавек на месца, — адзна­чае Вольга Сідар. — Затым я паступіла ў Гро­дзенскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Музычнае выхаванне” з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік музыкі. Арганізатар пазакласнай работы”. Скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Музыка і спевы” з дадатковай спецыяльнасцю “Айчынная і сусветная культура”. Мая запаветная мара  — граць на піяніна (фартэпіяна) ажыццявілася. Сёння гэта мой асноўны інструмент, а дадатковы інструмент, якім я валодаю, — акардэон. Настаўніцай мастацтва ў гімназіі № 7 Гродна працую чацвёрты год. Да гэтага ў сваёй жа гімназіі на працягу 10 гадоў была педагогам-арганізатарам, канцэртмайст­рам. У нашай установе дзейнічаюць шэсць узорных калектываў харэаграфічнай, музычнай, тэатральнай і мастацкай накіраванасці. Таму ўся мая работа і мае захапленні, а таксама ўрочная і пазаўрочная дзейнасць цесна звязаны. З вучнямі мы прыдумваем розныя творчыя праекты, сцэнарыі, удзельнічаем у конкурсах, канцэртах, пастаноўках, займаемся афарміцельскай работай”. 

Вольга Вітольдаўна лічыць, што настаў­нік — гэта не проста прафесія, а прызванне. Сапраўднаму настаўніку заўсёды ёсць чаму навучыць іншых, ён робіць гэта з задавальненнем і любоўю да дзяцей. Калі педагог пачала выкладаць дзецям прадмет “Мастацтва” (“Айчынная і сусветная мастацкая культура”), то адразу адчула, што форма факультатыўных заняткаў па гэтым прадмеце і безадзнакавая сістэма ўплываюць на стаўленне да яго вучняў. Дзеці пыталіся Вольгу Вітольдаўну: “А навошта нам мастацтва? Што гэты прадмет нам дае?”

“Адказ, напэўна, дыктуе сам час, бо ў сучасным свеце паспяховы чалавек павінен быць не толькі фінансава забяспечаным, але і культурным, адукаваным. Падарожні­чаць, ведаць традыцыі, звычаі іншых народаў, знаёміцца з помнікамі мастацтва розных краін, разумець, што ў свеце шмат цікавага і што ўсё ўзаемазвязана, — для гэтага і існуюць урокі мастацтва. Для мяне мастацтва — гэта жыццё, і мне хочацца далучыць дзяцей да яго, каб яны адчувалі тое, што адчуваю я, — адзначыла Вольга Вітольдаўна. — Праз пэўны час мае вучні прывыкаюць, што нашы ўрокі праходзяць творча, і пытанняў аб неабходнасці вывучаць мой прадмет у іх не ўзнікае.

На мой погляд, творчыя здольнасці дзяцей на ўроках лепш за ўсё развіваць праз дзейнасны падыход, не прымушаючы іх да вывучэння новай тэмы. Традыцыйныя метады работы з літаратурай, размовы, лекцыі, віртуальныя экскурсіі, тэсты не працуюць на сто працэнтаў. Урок мастацтва павінен с­таць своеасаблівым творам мастацтва, быць прыгожа аформленым у музычным і мастацкім плане. Дзецям неабходна прапанаваць формы работы, якія ім бліжэй за ўсё. Дзесьці гэта гульня, а дзесьці заданні на лагічнае мысленне. У арганізацыі і правядзенні ўрока трэба адмовіцца ад шаблону, руціны і фармалізму. Варта максімальна ўцягнуць вучняў у актыўную дзейнасць, падтрымліваць множнасць меркаванняў, альтэрнатыўнасць, шукаць узаемаразуменне. Трэба паважліва ставіцца не толькі да дзіцячых ведаў, але і да няведання, выкарыстоўваць слоўную ацэнку для падтрымання станоўчага настрою ў класе і жадання ствараць. Урокі мастацтва павінны быць не забаўляльнымі, а займальнымі і захапляючымі”.  

Актыўныя формы работы і метады навучання, нетрадыцыйныя ўрокі развіваюць у вучняў творчыя здольнасці, самастойнасць у падрыхтоўцы і адборы матэрыялу, складанні сцэнарыяў. Гэта слоўныя метады (аповед, размова, чытанне); наглядныя (дэманстрацыя вучэбных дапаможнікаў, доследаў), праблемна-пошукавыя і рэпрадуктыўныя метады. Выбар формы нетрадыцыйнага ўрока зале­жыць ад многіх умоў: узросту вучняў, узроўню іх падрыхтоўкі, інфармаванасці, псіхалагічных асаблівасцей, кантакту настаўнікаў з вучнямі і г.д. Можна праводзіць традыцыйныя ўрокі з новымі аспектамі: урок-лекцыя (семінар, экскурсія, канферэнцыя, кансультацыя), залікова-тэматычны ўрок або ўрок — навуковае пасяджэнне па пэўнай тэме. Да ўрокаў, якія адлюстроўваюць сучасныя тэндэнцыі ў грамадстве, адносяцца ўрок-дыспут (грамад­скі агляд ведаў з прымяненнем камп’ютараў), а таксама ўрокі з выкарыстаннем гульнявых сітуацый: ролевая гульня, прэс-канферэнцыя, КВЗ, падарожжа, аўкцыён, тэатралізаваны паказ і г.д. Праводзяцца і творчыя ўрокі — выпускі “жывой газеты” (вынаход­ствы), комплексна-творчы ўрок.

“Галоўная мая задача — ствараць умовы для творчай дзейнасці вучняў. Рыхтуючыся да ўрокаў, я распрацоўваю творчыя заданні, у працэсе выканання якіх увесь неабходны матэрыял засвойваецца вучнямі лёгка і нязмушана. Асабліва добра гэтыя заданні спрацоўваюць, калі закранаюць асабістыя інтарэсы вучня, — гаворыць Вольга Вітольдаўна. — Напрыклад, калі мы праходзім тэму мацярынства ў мастацтве, даю заданне вучням сфатаграфаваць сваю маму так, каб яе партрэт перадаў яе ўнутраны стан, яе якасці, захапленні. Пры вывучэнні тэмы “Сям’я” складаем радавод. Дзеці падыходзяць да выканання такіх заданняў з вялікай цікавасцю. Часам мы малюем музыку. Спачатку слухаем, фантазіруем, а затым малюем. Або, наадварот, разглядваем мастацкі твор і падбіраем да яго музычны матэрыял, агучваем карціны, робім тэатральныя пастаноўкі. У сваіх калег я запазычыла адну цікавую гульню на замацаванне засвоенага матэрыялу. Раздаю вучням какошнікі, на якіх намаляваны, напрыклад, кампазітары, чые музычныя творы мы вывучаем. Дзіця, у якога какошнік на галаве, задае навадныя пытанні класу, і ўсе адгадваюць, які перад імі кампазітар. Клас адказвае на пытанні “так” або “не”. Выкарыстоўваецца інфармацыя і пра творчасць кампазітара, і пра час, у які ён жыў, і пра яго жыццё, звычкі, знешнасць і г.д.

Калі вывучалі тэатр старажытнагрэчаскай камедыі і трагедыі, вучні самі майстравалі маскі, рабілі музычнае суправаджэнне. Рыхтуючыся да пастаноўкі, я цікаўлюся, хто з вучняў іграе на гітары ці іншым музычным інст­руменце. У кожным класе ёсць дзіця, якое займаецца ў музычнай школе. Вучні прыносяць на заняткі музычны інструмент, я раздаю ім тэкст будучай пастаноўкі, яны вучаць ролі, падбіраюць касцюмы. Такім чынам, кожны з вучняў задзейнічаны і кожны адчувае сябе акцёрам. Мы пішам вершы, шыем батлеечных лялек, а затым робім невялікія пастаноўкі. Часам праводжу ўрокі ў музеі сялянскага побыту гімназіі, дзе мы майструем лялек і працуем з батлейкай. Тут вучні могуць убачыць, як працуе батлеечная лялька, наколькі гэта складана, калі твой твар не бачаць і толькі пры дапамозе голасу трэба перадаць настрой і характар героя. Мы ставім фрагменты абрадаў, калі ў 6 класе праходзім адпаведную тэму.

Глядзім, вывучаем абрады, выконваем песні, танцуем. Ладзім таксама фотасалоны, музычныя салоны, гуляем ва “Угадай мелодыю”. Музычны матэрыял, які выкарыстоўваецца ў гульні, адпавядае матэрыялу, што вывучаецца. Вучні не проста яго слухаюць, яны яго адгадваюць, запамінаюць і атрымліваюць заслужаную перамогу. Барацьба за лідарства ў гульні спрыяе засваенню класічных мелодый, якія непадрыхтаванаму слухачу складана ўспрымаць, тым больш доўга праслухоўваць. Вывучаючы тэму “Кінамастацтва” ў 6 класе, робім кінастужкі з паперы. Вучні атрымліваюць заданне намаляваць на двух кадрах кінастужкі матэрыял сцэнарыя і тэкст. Напрыклад: Наташа, седзячы за партай у школе, не ведала, што праз 10 гадоў стане сцюардэсай; неўзабаве снежная зіма змянілася сонечнай вясной. Дзеці малююць кадры, якія ўзаемазвязаны паміж сабой, размалёўваюць іх, склейваюць у выглядзе доўгай кінастужкі, якую ў канцы ўрока вывешваюць на дошцы.

У 7 класе па тэме “Архітэктурныя пабудовы Старажытнага Рыма” даю вучням заданне стварыць сваю Трыумфальную арку, з дапамогай дэкору ўвасобіць свой асабісты трыумф у жыцці. Адным з відаў дзейнаснага падыходу з’яўляецца праектная дзейнасць. Так, у 8 класе пры вывучэнні тэатра батлейка прапаную вучням удзел у праекце, падчас якога яны авалодваюць ведамі і практычнымі ўменнямі: дзеці ствара­юць батлеечную ляльку, выбіраюць сцэнарый пастаноўкі батлеечнага тэатра, працуюць над акцёрскім майстэрствам, становяцца артыстамі. Дзейнасны метад навучання дазваляе навучэнцам самастойна адкрываць новыя веды, арыентавацца ў выкананні нестандартных заданняў, лагічна думаць, свабодна выказваць свае думкі, штосьці абмяркоўваць”.

Вольга Вітольдаўна імкнецца да таго, каб ствараць для дзяцей сітуацыю поспеху, каб у іх атрымлівалася тое, што было задумана першапачаткова. Ёсць вучні, якія вельмі ярка праяўляюць сябе на ўроках мастацтва, пры гэтым часта не здагадваюцца пра свой творчы патэнцыял, нават не задумваюцца, што яго можна развіваць. Такіх зорачак педагог запрашае ва ўзорныя калектывы гімназіі: ансамбль танца “Ліхтарыкі”, дзе ставяцца эстрадныя і народныя танцы, вакальную студыю “Фаэтон”, якую можна наведваць пачынаючы з 1 класа, студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка” і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чароўнае шкло”, фальклорны калектыў “Талака” і тэатр “Батлейка”. Гэтыя калектывы ўдзельнічаюць у розных творчых конкурсах, у тым ліку міжнародных, маюць перамогі і ўзнагароды.

Прадмет “Мастацтва” спрыяе раскрыццю дзіцячых талентаў. Менавіта ў гэтым Вольга Вітольдаўна бачыць сваю асноўную ролю як педагога. Калі дзеці ідуць у творчыя калектывы, выбіраюць творчыя спе­цыяльнасці або хобі на ўсё жыццё, гэта і ёсць самае галоўнае дасягненне для настаўніка эстэтычных дысцыплін! Дзеці часам і самі з’яўляюцца скарбніцай каштоўных ідэй для дарослых. Пачынаюць нешта прыдумляць, прапаноўваць, а педагог, разумеючы, што гэта выдатна, запісвае іх ідэі і бярэцца за рэалізацыю. Адзін вучань падаў ідэю, а ўвесь клас падхапіў. Вольга Вітольдаўна вучыць дзяцей прыслухоўвацца да сабе, свайго сэрца, выбіраць тое, што ім сапраўды цікава, чым па-сапраўднаму хочацца займацца, калі не ў прафесіі, то ў штодзённым жыцці. Бывае так, што чалавек шмат гадоў працуе на сумнай і нелюбімай рабоце, а ў 40 гадоў раптам усве­дамляе, што ўсё жыццё марыў аб іншым, аб тым, каб маляваць ці займацца іншым відам мастацтва. 

“У нашай гімназіі працуе вялікая дружная творчая педагагічная сям’я, дзейнічае вакальны калектыў педагогаў гімназіі, — адзначае Вольга Вітольдаўна. — Як кіраўнік метадаб’яднання настаўнікаў эстэтычных дысцыплін курырую метадычную работу з настаўнікамі харэаграфіі, вакалу, музыкі, працоўнага навучання — усе яны кіраўнікі нашых узорных калектываў, вопытныя лю­дзі, якія адбыліся ў прафесіі. З імі мы вя­дзём размову на роўных аб метадах і падыходах у рабоце з дзецьмі, аб тым, якія для гэтага патрэбны рэсурсы. У эстэтычнай сферы галоўнае — набыццё практычнага вопыту. Удзе­л у конкурсе — вялікі штуршок для самаразвіцця калектыву. Але за 5 гадоў руціннай работы, выступаючы толькі ў гімназіі або ў раёне, не атрымаеш такі моцны зарад на будучую дзейнасць, як ад адной паездкі на сур’ёзны конкурс. Гэта тычыцца не толькі вакальных і танцавальных спаборніцтваў, але і фестываляў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Лепш за ўсё недахопы ў сваёй рабоце бачны падчас удзелу ў такіх мерапрыемствах. Гэта найлепшы метадычны памочнік для педагогаў. Сустрэнешся з канкурэнтамі і адразу разумееш, да чаго трэба імкнуцца, бачыш свой рэальны ўзровень падрыхтоўкі і недапрацоўкі, напрыклад, дзе падчас выступленняў на сцэне выступоўца не так спявае, не так рухаецца і г.д. Усе практычныя пытанні мы абмяркоўваем з нашай камандай прафесіяналаў, у тым ліку падчас пасяджэнняў метадаб’яднанняў”.

Вольга Вітольдаўна дзеліцца вопытам сваёй работы не толькі ў школе, але і на абласным узроўні: праводзіць майстар-класы па вырабе батлеечнай лялькі. Зараз удзельнічае ў распрацоўцы электроннай версіі ўрокаў па прадмеце “Мастацтва”, якія дазво­ляць вучням асвойваць школьную праграму па гэтым прадмеце дыстанцыйна.

Надзея ЦЕРАХАВА.