Рэалізаваць творчыя задумы і дабіцца поспеху

У цяперашні час, каб быць канкурэнтаздольнымі, паспяхова развівацца, установы адукацыі краіны актыўна ўдзельнічаюць у інавацыйнай дзейнасці. Інавацыйныя пераўтварэнні ўзбагачаюць кіраўніцкую і адукацыйную практыку, стымулююць прафесійны рост педагогаў, садзейнічаюць стварэнню творчай прасторы для развіцця навучэнцаў. Гэта яскрава засведчыла рэспубліканская канферэнцыя “Інавацыйная адукацыйная практыка як стратэгія развіцця”, арганізаваная Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі ў дыстанцыйным фармаце.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Ва ўмовах маральнага выбару

У сярэдняй школе № 1 Горак з 2018 года рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання вопыту маральных паводзін навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Паводле слоў намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Аксаны Катковай, асноўная ідэя інавацыйнага праекта заключаецца ў фарміраванні вопыту маральных паводзін у дзяцей малодшага школьнага ўзросту ў працэсе рэалізацыі практыка-арыентаванай праграмы “Маральныя асновы этыкету” (аўтар-складальнік В.І.Вязгіна). Ва ўстанове створаны наступныя педагагічныя ўмовы: па-першае, у змест адукацыі ўключаны курс факультатыўных заняткаў “Маральныя асновы этыкету”, які паслядоўна развівае этычнае бачанне свету, закладвае фундамент маральных ведаў, уменняў, перажыванняў вучняў; па-другое, у адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца тэхналогіі фарміравання ацэначных меркаванняў, аналітычных і рэфлексіўных уменняў, якія даюць навучэнцам магчымасць маральнага самавызначэння, асэнсаванай ініцыятывы ў сітуацыях маральнага выбару; па-трэцяе, у курсе ўкараняецца сістэма практычных заданняў, якая ўключае навучэнцаў у такія віды актыўнай дзейнасці, якія патрабуюць самаацэнкі матываў, развіваюць эмацыянальна-адчувальную і валявую сферу, садзейнічаюць выпрацоўцы алгарытмаў маральных паводзін.

Адукацыйны працэс у школе пабудаваны так, каб дзеці не толькі сістэматычна атрымлівалі маральныя веды, уменні і навыкі, але і адчувалі эмацыянальныя перажыванні, якія садзейнічаюць іх засваенню. Факультатыўны курс прадугледжвае правядзенне практыкумаў, якія накіраваны на развіццё ўменняў і навыкаў маральных паводзін і замацаванне іх у маральных звычках. Заняткі разлічаны на 4 гады, па адной гадзіне на тыдзень.


На факультатыўных занятках педагогі-інаватары выкарыстоўваюць навучанне праз гульні-заданні, гульні-практыкаванні, дыдактычныя і ролевыя гульні, якія ўплываюць на развіццё ўвагі, памяці, уяўлення, усіх пазнавальных працэсаў, а таксама на паспяховае засваенне норм паводзін і дзейнасці навучэнцаў (тэмы ролевых гульняў “Раніца ў сям’і”, “У госці на наваселле” і г.д.), навучанне праз практыкумы (“Як правільна выйсці і зайсці ў клас”, “Пазнаёмся з калектывам”, “Я ў аўтобусе” і іншыя садзейнічаюць набыццю вопыту маральных паводзін), навучанне праз этычныя гутаркі, дзе абмяркоўваюцца сітуацыі, канкрэтныя ўчынкі і ў якія часта ўключаюцца інсцэніроўкі, чытанне ўрыўкаў з мастацкіх твораў, дэкламацыя (так, на занятках па тэме “Пагаварыў бы хто са мной” пасля этычнай гутаркі па матывах казкі В.Сухамлінскага “Гарачая кветка” настаўнік праводзіць практыкум па маўленчым этыкеце, а на занятках па тэме “Чаго ў іншым не любіш, таго і сам не рабі” пасля этычнай гутаркі па матывах апавядання “Сладость для сердца” арганізуецца гульня “Што такое добра, што такое дрэнна”), навучанне праз праблемныя сітуацыі (праблемныя сітуацыі “Паважаючы чужое меркаванне, ты зробіш свой свет ярчэйшым?”, “Маленькае дабро для іншых лепшае за любы подзвіг?” і іншыя ставяць вучняў у сітуацыю маральнага выбару, ім даводзіцца вырашаць, ці не супярэчаць якія-небудзь прыцягальныя для іх каштоўнасці нейкім не зусім усвядомленым інтарэсам захавання і развіцця ўласнай асобы), навучанне праз перакананне (праз гутарку, тлумачэнне, прыклад і г.д.)Да работы актыўна далучаюцца бацькі. Зваротная сувязь з імі ажыццяўляецца праз чат “Старонка для бацькоў”.

— За перыяд рэалізацыі інавацыйнага праекта ўдалося павысіць маральны ўзровень выхаванасці навучэнцаў. Працягваецца працэс навучання дзяцей правілам паводзін у адпаведнасці з законамі агульначалавечай маралі. Назіранні паказалі, што ў навучэнцаў пашырыліся веды пра маральна-этычныя і духоўныя каштоўнасці, існуючыя этычныя нормы і правілы паводзін, з’явіліся ўменні прымаць правільныя рашэнні ў сітуацыях маральнага выбару, вырашаць канфліктныя сітуацыі, набываць навыкі і звычкі культуры паво­дзін у быце, — заўважае Аксана Каткова.

Усё геніяльнае проста

— Своечасова разгледзець здольнасці дзіцяці і падрыхтаваць глебу для таго, каб гэтыя здольнасці былі рэалізаваны, — адна з задач педагогаў пачатковай школы. У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць падрыхтоўкі навучэнцаў да такой дзейнасці, якая вучыць разважаць, прагназаваць і планаваць свае дзеянні, развівае пазнавальную і эмацыянальна-валявую сферу, стварае ўмовы для самастойнай актыўнасці і супрацоўніцтва і дазваляе адэкватна ацэньваць сваю работу, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Салігорска Нэлі Журавель. — Вопыт арганізацыі праектнай дзейнасці навучэнцаў сродкамі LEGO-канструявання калектывам нашай школы ствараўся праз рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання праектных уменняў навучэнцаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набора LEGO”. Сёння канструктары LEGO Education “Пабудуй сваю гісторыю”, “Вучыся вучыцца”, наборы кубікаў LEGO і новы канструктар “ПершаРобат LEGO® Education WeDo 1,2” выкарыстоўваюцца не толькі на ўроках, але і на факультатыўных занятках, у аб’яднаннях па інтарэсах, пазакласнай рабоце (стварэнне міні-тэатра, творчых міні-праектаў, прадуктаў у лабараторыі “Робататэхніка”). Вучні канструю­юць паступова, крок за крокам, што дазваляе рухацца, развівацца ва ўласным тэмпе, стымулюе да рашэння новых, больш складаных задач.

Кіраўнікі факультатыўных заняткаў “Першыя крокі ў адукацыйную робататэхніку з WeDo” (настаўніца пачатковых класаў Святлана Макаранка, настаўніца інфарматыкі Таццяна Драздовіч) з чацвёртакласнікамі вырашылі ажывіць створаныя канструкцыі з дапамогай канструктара “ПершаРобат LEGO® Education WeDо” і даказаць, што асновы праграмавання нястрашныя і для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Канструктар дазваляе сабраць і запраграмаваць пры дапамозе камп’ютара мноства базавых мадэлей па інструкцыі, а таксама прыдумваць свае. Дэталі ў наборы сумяшчальныя са стандартнымі цаглінкамі LEGO. Дзіцячыя праекты, якія на першы погляд здаюцца проста фантастыкай, даказваюць, што ўсё геніяльнае проста.

Як расказала Святлана Макаранка, асноўныя этапы распрацоўкі LEGO-праекта прак­тычна не адрозніваюцца ад стандартных этапаў вучнёўскага праектавання. Навучэнцы вызначаюць тэму праекта, яго мэту і задачы, затым вылучаюць гіпотэзу і распрацоўваюць мадэль на аснове канструктара. Пасля складання праграмы для работы сабранай ма­дэлі ці механізма адбываецца тэсціраванне ці ліквідаванне дэфектаў і няспраўнасцей.

Заняткі па робататэхніцы праводзяцца ў групах па 10 чалавек. Пры гэтым кожная пара дзяцей атрымлівае свой набор і свой персанальны камп’ютар. Вучні працуюць у камандах, дзе адзін іграе ролю інжынера, які дае ўказанні, бачыць агульны ход зборкі ці праграмавання мадэлі, а другі — рабочага, які строга выконвае ўказанні кіраўніцкага звяна. На працягу заняткаў ролі дзяцей мяняюцца. Такім чынам, з ранніх гадоў яны вучацца як ставіць задачы і кантраляваць іх выкананне, так і працаваць у адпаведнасці з інструкцыяй, як вынаходзіць, так і дакладна выконваць задачы.

— LEGO-канструяванне, пачынаючы з кубікаў LEGO ў 1 класе і працягваючы праз робататэхніку ў сярэднім звяне, удала ўпісаліся ў сістэму работы школы. На сёння ва ўстанове LEGO-канструяваннем і робататэхнікай займаюцца 5 педагогаў пачатковай школы і 1 настаўнік сярэдняга звяна, 103 навучэнцы пачатковай школы і 52 навучэнцы 5—6 класаў. LEGO-канструяванне і робататэхніка сталі адной з такіх праектных пляцовак, дзе навучэнцы маюць магчымасць праявіць сваю індывідуальнасць, рэалізаваць творчыя задумы і дасягнуць поспеху, — падкрэслівае Нэлі Журавель.

Даследаванне ў дзеянні

Сярэдняя школа № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.Н.Халасцякова Баранавіч у 2019 го­дзе стала ўдзельніцай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця прадметна-метадычных кампетэнцый педагогаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі на аснове тэхналогіі “Даследаванне ў дзеянні”.

Па словах дырэктара ўстановы Юліі Тарасавай, тэхналогія “Даследаванне ў дзеянні” (Lesson Study) арыентуе педагогаў на сумеснае даследаванне магчымасцей прымянення на практыцы методык і тэхналогій навучання з улікам умоў, якія створаны ў канкрэтнай установе адукацыі, і дапамагае ім уключыцца ў даследаванне уласнай адукацыйнай практыкі. Гэтая тэхналогія носіць практыка-арыентаваны характар, накіравана на даследаванне ўрока, на паляпшэнне яго планавання і правядзення, пераасэнсаванне педагагічнай практыкі.

Інавацыйная дзейнасць школы мае на мэце стварэнне сацыяльна-адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае развіццё прадметна-метадычных кампетэнцый педагогаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі шляхам укаранення тэхналогіі “Даследаванне ў дзеянні”. З ліку ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці былі сфарміраваны 4 групы педагогаў, аб’яднаныя пошукам адказу на даследчае пытанне па актуальнай для пэўнага класа тэме. Першая група педагогаў шукала адказ на пытанне “Як выкарыстанне праблемнага навучання ўплывае на самастойнасць навучэнцаў?”, другая — “Як прымяненне элементаў інтэрактыўнай тэхналогіі павышае вучэбную матывацыю?”, трэцяя — “Як выкарыстанне зваротнай сувязі на кожным этапе ўрока паляпшае якасць ведаў навучэнцаў?”. Як шляхам укаранення кампетэнтнаснага падыходу павышаецца эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, высвятляла чацвёртая група. Непасрэдная работа педагогаў-інаватараў уключала сумеснае планаванне і правядзенне цыкла з трох урокаў, назіранне падчас урока за дзейнасцю трох навучэнцаў (моцнага, сярэдняга, слабага), сумесны аналіз праведзеных урокаў, абмеркаванне станоўчых і нездавальняючых вынікаў даследчай работы, прадстаўленне настаўнікамі — удзельнікамі групы вынікаў дзейнасці калегам з мэтай укаранення іх у педагагічную практыку.

Практычныя вынікі прамежкавага этапу інавацыйнай дзейнасці паказалі недасканаласць некаторых педагагічных форм, метадаў і прыёмаў навучання ў дасягненні мэты даследавання. Адна з творчых каманд педагогаў прыйшла да высновы, што эфектыўнымі формамі, метадамі і прыёмамі павышэння якасці ведаў васьмікласнікаў шляхам зваротнай сувязі на кожным этапе ўрока з’яўляюцца франтальнае і індывідуальнае апытанне (вуснае і пісьмовае), узаемакантроль (работа ў парах), сігнальныя карткі, эксперымент падчас вырашэння праблемнай сітуацыі, выкарыстанне мультымедыйных сродкаў навучання. Адказваючы на пытанне, як выкарыстанне элементаў інтэрактыўнай тэхналогіі павышае вучэбную матывацыю сямікласнікаў, педагогі адзначылі, што эфектыўным прыёмам з’яўляецца ўзаемадзеянне высокаматываванага і слабаматываванага вучняў. Вучэбную матывацыю павышаюць заданні творчага характару, але яны павінны быць неадназначнымі, цікавымі, мець практычную накіраванасць. Педагогі гэтай групы сутыкнуліся з праблемай: прыцягнуць кожнага навучэнца ў актыўную дзейнасць на ўроку немагчыма пры ўмове, калі навучэнец не выконвае дамашняга задання. Работа ў малых групах (3—4 чалавекі) не з’яўляецца эфектыўнай для навучэнцаў з нізкай вучэбнай матывацыяй.

Работа школы ў інавацыйным рэжыме дазваляе захаваць якасць навучання школьнікаў. Акадэмічная паспяховасць у моцных навучэнцаў узрастае, у слабых — нязначна зніжаецца. Станоўчы вынік інавацыйнай дзейнасці пацверджаны вучэбнымі дасягненнямі навучэнцаў пад кіраўніцтвам педагогаў, якія прымаюць удзел у праекце: за паўтара года атрыманы 22 дыпломы на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды, 4 дыпломы — на трэцім этапе, 7 дыпломаў на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі “Моладзь. Творчасць. Інтэлект”.

— У 2020/2021 навучальным годзе педагогі плануюць апрабаваць новыя формы, метады, прыёмы і сродкі ў адукацыйным працэсе для павышэння паспяховасці навучэнцаў з нізкай вучэбнай матывацыяй, распрацаваць іх індывідуальныя траекторыі развіцця. Сёлета павялічылася колькасць груп педагогаў, змяніліся тэмы даследаванняў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Шкурко. — Неабходнасць аб’яднання педагогаў фізічнай культуры ў асобную групу была звязана са спецыфікай арганізацыі вучэбнага працэсу па прадмеце. У першым паўгоддзі гэтага навучальнага года быў праведзены першы цыкл урокаў, прааналізаваны вынікі. Даследаванне па тэме “Павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу шляхам рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу” рэалізуецца шляхам практыка-арыентаваных заданняў, накіраваных на ўдасканаленне асобаснай кампетэнцыі навучэнцаў. Падчас правядзення другога цыкла ўрокаў група плануе разгле­дзець павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу ў межах міжпрадметнай кампетэнцыі. Павышэнне якасці ведаў навучэнцаў шляхам арганізацыі самастойнай работы ажыццяўляецца на аснове паўтарэння алгарытму дзеянняў і правядзення педагагічнага майстар-класа. Актывізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў магчыма дзякуючы выкарыстанню метаду праектаў і практычных практыкаванняў. Дыферэнцыраваны падыход на ўроках прасочваецца на падрыхтоўчым і асноўных этапах і выяўляецца ў дыферэнцыяцыі фізічнай нагрузкі ў адпаведнасці з групамі фізічнага здароўя навучэнцаў.

Як адзначае Юлія Тарасава, наведванне ўрокаў удзельнікамі даследчай дзейнасці пацвярджае рост педагагічнай творчасці настаўнікаў-прадметнікаў. На занятках назіраецца якасны рост і мэтанакіраванае спалучэнне зместу, форм і метадаў навучання, выкарыстанне творчых магчымасцей шляхам узаемаадносін з навучэнцамі. У выніку ўкаранення тэхналогіі “Даследаванне ў дзеянні” настаўнік аналізуе сваю педагагічную практыку, уцягваецца ў працэс рэфлексіі, выкарыстоўвае даследчы падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу, робіць акцэнт на ступені якасці адукацыі, вылучае эфектыўныя педагагічныя практыкі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.