Рэальна, а не фармальна, або Аб актуальных праблемах СППС

- 10:31Сацыяльны ракурс

Калі задацца мэтай коратка вызначаць сутнасць работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі і сацыяльна-педагагічных цэнтраў, то можна сказаць, што ўменне разгледзець праблему і прафесійна дапамагчы тым, хто ад яе пакутуе, і ёсць гэтая сутнасць. Канечне, пры гэтым канкрэтных задач перад сацыяльнымі педагогамі і педагогамі-псіхолагамі намнога больш. Якія гэта задачы і як іх вырашаць у сучасных умовах, абмеркавалі спецыялісты на рэспубліканскім семінары-нарадзе, што нядаўна прайшоў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску.

Адкрытая размова

— Нам ёсць чым ганарыцца — кожнаму рэгіёну. Але сёння ў нас ёсць тэмы, пра якія Міністэрства адукацыі прапаноўвае гаварыць прама, адкрыта і абсалютна праўдзіва, — сказала, адкрываючы семінар, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Станіславаўна Сідарэнка. — Нас з вамі сур’ёзная армія — 2058 сацыяльных педагогаў, 2052 псіхолагі, у 138-і СПЦ 388 і 366 спецыялістаў адпаведна.

Намеснік міністра нагадала, што разам з зацікаўленымі ведамствамі галіновае міністэрства распрацавала даволі вялікі аб’ём нарматыўнай дакументацыі: 2 пастановы ўрада, 10 нарматыўных актаў Міністэрства адукацыі, 6 міжведамасных рэкамендацый рознага плана. Але чаму частка гэтых дакументаў застаецца незапатрабаванай у жыцці?

Абсалютна справядліва Раіса Станіславаўна заўважыла, што, калі нават самыя правільныя рашэнні застануцца толькі на словах або на паперы, яны нічога не дадуць. І нагадала, што ва ўзаемадзеянні з іншымі ведамствамі, якія таксама ўдзельнічалі ў нарадзе, можна вырашыць любое пытанне.

— Давайце паглядзім, якую ролю ў кожнай канкрэтнай установе адыгрываюць педагог-псіхолаг і сацыяльны педагог, якія патанулі ў справаздачах, паперках, якія нярэдка бачаць сваю асноўную функцыю ў тым, каб своечасова аформіць дакументы, — заклікала Раіса Станіславаўна.

Між іншым Р.С.Сідарэнка расказала, што па яе просьбе ў некалькіх школах васьмікласнікам задалі пытанне аб тым, што больш за ўсё іх не задавальняе ў рабоце СППС. Адказ атрымаўся дзіўным — школьнікам не падабаецца вялікая колькасць апытанняў і тэсціраванняў, якія праводзяцца не зразумела для чаго. Вось і атрымліваецца, што працуюць спецыялісты многа, а вынікі такой работы не заўсёды задавальняючыя. Напэўна, ні дня не праходзіць без выкрыцця фактаў насілля, знявагі, трагедый, звязаных з наркотыкамі, суіцыдамі і г.д. Абмеркаваць, канечне, ёсць што, вырашаць праблемы неабходна не адкладваючы. Прычым максімальна адкрыта, як да таго і заклікала намеснік міністра.

Рашэнні і справы

І абмеркаванне сітуацыі адбылося, прычым не толькі з пункту гледжання педагогаў, але і спецыялістаў іншых зацікаўленых службаў. Пачаў гэтае абмеркаванне начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, які канстатаваў, што па-ранейшаму даводзіцца сутыкацца з павярхоўным, фармальным падыходам да работы.

— Часам СПЦ з памочнікаў у арганізацыі дзейнасці органаў апекі і папячыцельства ператвараюцца ў непасрэдных выканаўцаў функцый названых органаў, — падкрэсліў Э.В.Тамільчык. — А кіраўнікі ўстаноў адукацыі, здараецца, бачаць у спецыялістах СППС выканаўцаў разавых даручэнняў і ставяць ім у абавязак неўласцівыя функцыі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі вызначыў яшчэ нямала праблем у рабоце названых службаў, а вынік такіх недахопаў — нізкі ўзровень прафілактычнай работы з навучэнцамі.

Верагодна, павышэнню якасці работы можа паспрыяць удасканаленне паслядыпломнай падрыхтоўкі сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў з улікам спецыфікі работы гэтых спецыялістаў ва ўстановах адукацыі розных узроўняў, відаў і тыпаў.

Эдуард Валянцінавіч таксама нагадаў прысутным аб дакументах, якія нядаўна распрацаваны для павышэння якасці прафілактычнай работы па розных напрамках, асабліва вылучыўшы нарматыўны акт Міністэрства адукацыі, які рэгулюе работу сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Дакумент распрацаваны з непасрэдным удзелам органаў кіравання адукацыяй і заснаваны на практыцы работы, якая склалася ў СПЦ краіны. У прыватнасці, прадугледжана такая неабходная мера, як увядзенне ва ўсіх цэнтрах пасады юрысконсульта.
Важна звярнуць увагу на тое, што з улікам патрабаванняў часу ў спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы з’явіліся новыя функцыі. Гэта ўдзел у постынтэрнатным суправаджэнні навучэнцаў з катэгорыі дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, рэалізацыя комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх.

Варта ўзгадаць і пра тое, што ў сувязі з рэзананснымі выпадкамі насілля над дзецьмі загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь вызначаны першачарговыя меры, накіраваныя на прафілактыку здзяйснення злачынстваў у адносінах да навучэнцаў устаноў адукацыі і выхаванцаў замяшчальных сем’яў. Гэта, як нагадаў Эдуард Валянцінавіч, маніторынг дзіцячых інтэрнатных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, уключэнне ў вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў адукацыі і г.д. І ўсе гэтыя меры надзвычай важныя, бо факты насілля перакрэсліваюць усю работу СППС і сведчаць аб адсутнасці належнага кіраўніцтва іх работай.

Міністэрства адукацыі, акрамя таго, плануе на працягу бягучага года прыняць шэраг практычных мер па ўдасканаленні дзеянняў па папярэджанні парушэння правоў непаўналетніх. Сярод іх — унясенне дапаўненняў і змяненняў у парадак маніторынгу становішча дзяцей у замяшчальных сем’ях, распрацоўка комплекснай праграмы, якая ўтрымлівае арганізацыйныя, прафілактычныя і практычныя мерапрыемствы ў сферы процідзеяння злачынствам у сферы палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх.

Індывідуальна і пастаянна

Улічваючы тэматыку форуму, яго ўдзельнікі не маглі не спыніцца і на пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх. Дарэчы, па выніках 2017 года ў параўнанні з 2016 годам адзначана зніжэнне колькасці злачынстваў, якія здзейснілі непаўналетнія або якія адбыліся з іх удзелам, на 13%. І гэта, канечне, добра. Але ў той жа час нельга сказаць, што ва ўсіх установах адукацыі прафілактычны патэнцыял выкарыстоўваецца ў поўнай меры, прэвентыўная дзейнасць заўсёды носіць мэтанакіраваны і сістэматычны характар. Хаця цалкам зразумела, што такая работа павінна быць індывідуальнай, пастаяннай, а не эпізадычнай, з улікам характарыстыкі асобы падлеткаў, умоў іх пражывання і выхавання. А індывідуальныя планы і комплексныя праграмы работы, здараецца, занадта аднатыпныя, таму і не эфектыўныя.

Для забеспячэння кантролю за станам прафілактычнай работы па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх неабходна дадаткова прааналізаваць работу ўстаноў адукацыі па прафілактыцы і прыняць дзейсныя меры па яе ўдасканаленні, лічаць у галіновым міністэрстве. А для выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія былі дадзены на педагагічным савеце ў жніўні 2017 года, і з мэтай далейшага ўдасканалення прафілактычнай работы з непаўналетнімі міністэрствы адукацыі і ўнутраных спраў распрацавалі комплекс мер па падтрымцы дысцыпліны і парадку ва ўстановах адукацыі, прафілактыцы проціпраўных паводзін.

У лік актуальных кірункаў работы СППС, канечне, уваходзіць і работа па прафілактыцы суіцыданебяспечных паводзін непаўналетніх. Праблема актуальная, таму лагічна рэалізоўваць дадатковыя меры па мінімізацыі суіцыдальнай актыўнасці ў маладзёжным асяроддзі. Фармалізм у прафілактыцы тут таксама абсалютна не дапушчальны, неабходна пастаянная работа не толькі сацыяльных педагогаў і псіхолагаў, але і іншых педработнікаў.

— Па нашым меркаванні, мэтазгодна па кожным выпадку суіцыду адміністрацыі ўстановы адукацыі праводзіць унутраныя праверкі, — заўважыў Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

А для таго каб павысіць якасць работы СППС, акрамя карэкціроўкі заканадаўчых норм, Міністэрства адукацыі правяло шэраг практыка-арыентаваных рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Безумоўна, на ўсім гэтым работа не заканчваецца, яе галоўная мэта — ранняе выяўленне праблем, што дазваляе своечасова аказаць неабходную псіхалагічную дапамогу і сацыяльна-педагагічную падтрымку навучэнцам.

Больш увагі

Зразумела, што рэспубліканскі семінар-нарада па актуальных пытаннях работы з дзецьмі і моладдзю не мог прайсці без удзелу ў ім сацыяльных партнёраў педагагічнай галіны. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі ЮНІСЕФ (Дзіцячага фонду ААН), міністэрстваў аховы здароўя, унутраных спраў, Генеральнай пракуратуры.

— Зніжаецца колькасць злачынстваў, але расце колькасць правапарушэнняў сярод непаўналетніх, больш за 50% з іх звязаны з п’янствам, — звярнуўся да прысутных начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Аляксей Аляксандравіч Падвойскі. — Больш за палову такіх правапарушальнікаў — падлеткі, якія вучацца ва ўстановах прафтэхадукацыі. Расце і колькасць дзяцей, якія пацярпелі ад злачынстваў, паказчыкі сямейнай нядобранадзейнасці.

Такім чынам, аб’ёмы прафілактычнай работы не памяншаюцца, пры тым што многія крымінальныя выпадкі з удзелам падлеткаў або супраць іх рэальна было папярэдзіць. Як, напрыклад, выпадак, калі непаўналетні забіў сваіх бабулю і дзядулю. Бацькі на працягу 10 гадоў не займаліся выхаваннем сына, жылі асобна, маці — нават за мяжой. Канечне, адпаведным службам неабходна было звярнуць увагу на гэтую сям’ю, узяць яе на асаблівы кантроль, хаця знешне, магчыма, усё было добра.

І такі выпадак не адзіны: за знешняй добранадзейнасцю хаваюцца сур’ёзныя канфлікты, якія перарастаюць у сапраўдныя трагедыі, як тая, калі сын забіў маці самаробным мячом. Магчыма, маці занадта кантралявала, прыніжала падлетка, уплыву бацькі доўгі час не было, а на хлопца адмоўнае ўздзеянне аказвала яго дзяўчына з нядобранадзейнай сям’і, якая, тым не менш, не стаяла на ўліку СНС. І не варта спасылацца на тое, што не было ніякіх зваротаў і скаргаў. Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры перакананы, што працаваць неабходна не па заяўным, а па выяўным прынцыпе. Тое ж можна сказаць і пра выпадкі падлеткавых суіцыдаў, гвалту ў адносінах да дзяцей і падлеткаў — роля спецыялістаў у прафілактыцы і выяўленні такіх здарэнняў вельмі значная.

Працягнуў размову начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Віталь Алегавіч Янчын. Ён заўважыў, што сёння можна гаварыць аб тым, што на ўзроўні двух міністэрстваў — унутраных спраў і адукацыі — дасягнута поўнае ўзаемаразуменне ў пытаннях выхавання і прафілактыкі. Спецыяліст асабліва спыніўся на тым, што зараз, на жаль, адбываецца больш злачынстваў, у якіх ахвярамі становяцца непаўналетнія. З гэтай праблемай таксама неабходна ўзмоцнена працаваць, як і са злачынствамі ў сферы збыту і распаўсюджвання наркотыкаў, іншых сферах. А яшчэ выступоўца ў чарговы раз заклікаў не хаваць праблем, не пакрываць правапарушэнні падлеткаў, а выяўляць іх і супрацоўнічаць з зацікаўленымі ведамствамі. Важна, канечне, каб пры гэтым не было перагібаў у пакаранні супрацоўнікаў тых устаноў адукацыі, дзе адбыліся нейкія надзвычайныя здарэнні.

Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі мерапрыемства працавалі ў некалькіх секцыях, сканцэнтраваўшыся на канкрэтных надзённых тэмах: аб ролі ўпраўленняў адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама ў павышэнні эфектыўнасці работы СППС і СПЦ; аб удасканаленні сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім; аб стратэгічных напрамках прафілактычнай работы, накіраванай на процідзеянне злачынствам у адносінах да непаўналетніх, і аб вучэбна-метадычным забеспячэнні падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі спецыялістаў СПЦ і СППС.

Па выніках нарады было вырашана падрыхтаваць практычныя рэкамендацыі, сярод якіх — правядзенне інстытутамі развіцця адукацыі вучэбных семінараў, дзе спецыялістам будуць растлумачаны ўсе новыя нарматыўныя акты.

Марына ХІДДЖАЗ.