У першыя вераснёўскія дні на прасторах нясвіжскай зямлі, у цудоўным гістарычным Нясвіжы на базе дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа прайшла нарада кіраўнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінскай вобласці. Мэтай гэтых традыцыйных для ўпраўлення адукацыі рэгіёна мерапрыемстваў з’яўляецца акцэнтаванне ўвагі кіраўніцтва ўстаноў на тых задачах, якія мяркуецца выканаць у новым навучальным годзе, і вызначэнне шляхоў для іх вырашэння. Таму невыпадкова да размовы дырэктараў далучыліся работнікі метадычнай службы адукацыі Міншчыны, фінансавання, аховы працы. Вяла пасяджэнне першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама М.А.Саротнік.
Марыя Аляксандраўна Саротнік адзначыла, што пры ўсіх тых станоўчых здабытках, якіх дасягнула сістэма адукацыі рэгіёна ў папярэднія гады, у новым навучальным годзе ніхто не збіраецца спыняцца. Ставіцца задача выйсці на новы ўзровень развіцця, які закране не толькі сетку навучальных устаноў, змест прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але і паўплывае на ўзровень кіравання ўстановамі, на самога кіраўніка.
— Сёння, калі наша адукацыя развіваецца імкліва і дынамічна, роля кіраўніка навучальнай установы набывае новыя рысы, — адзначыла Марыя Аляксандраўна. — Менавіта ад яго асобы, ад ініцыятывы, энергіі яго характару залежаць зладжанасць, працаздольнасць усяго педагагічнага калектыву. Сёння імідж кіраўніка стварае імідж навучальнай установы. Узняццю гэтага іміджу на яшчэ больш высокі ўзровень паспрыяе правядзенне прафесійнага конкурсу сярод кіраўнікоў навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Ва ўнісон гэтаму спаборніцтву будуць праведзены такія конкурсы, як “Адкрыццё года”, “Прарыў года”, “Надзея года”, што дазволіць не толькі прадэманстраваць прафесіяналізм кіраўніцтва навучальных устаноў, але і прыдаць іх дзейнасці новыя, больш сучасныя рысы, што станоўча паўплывае на развіццё сістэмы адукацыі Мінскай вобласці.
Алена Віктараўна Марцінкевіч, начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама паведаміла, што на развіццё прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэгіёна па-ранейшаму істотна ўплывае дэмаграфічная сітуацыя, якая пакуль не паляпшаецца. За апошніх 10 гадоў кантынгент навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі скараціўся амаль у 2 разы: з 18 765 чалавек у 2003/2004 навучальным годзе да 9414 чалавек у 2012/2013 навучальным годзе. З улікам дэмаграфічнай сітуацыі, перспектыў развіцця рэгіёна і запытаў насельніцтва на адукацыйныя паслугі, была зацверджана праграма аптымізацыі рэгіянальнай сеткі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на 2013—2015 гады. Згодна з праграмай, і далей будзе весціся актыўная работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і структуры падрыхтоўкі кадраў. На сёння 11 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 1 установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэарганізаваны шляхам зліцця альбо далучэння. Так, у прыватнасці, Навасадскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 12 стала філіялам Барысаўскага будаўнічага прафесійнага ліцэя. У вёсцы Камарова Мядзельскага раёна створаны філіял Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Радуюць і такія пераўтварэнні, як замена віду ўстановы адукацыі з “прафесійна-тэхнічнага каледжа” ў “каледж” Слуцкага ПТК і Маладзечанскага ПТК. Акрамя таго, Мінаблвыканкам прыняў рашэнне аб перадачы Мінскага дзяржаўнага каледжа харчовай прамысловасці з уласнасці Міністэрства адукацыі ва ўласнасць Мінскай вобласці.
— Праведзеная рэарганізацыя ўстаноў адукацыі дазволіла больш рацыянальна выкарыстоўваць іх вучэбна-матэрыяльную базу, — адзначыла Алена Віктараўна. — На вызваленых плошчах адкрыты навучэнскія цырульні, станцыі тэхнічнага абслугоўвання, кафэ, швейныя атэлье, вучэбныя цэнтры “Ceresit”, некаторыя памяшканні здаюцца ў арэнду. Акрамя таго, аптымізацыя дазволіла пашырыць магчымасці для рэалізацыі дадатковых адукацыйных праграм, чым і займаюцца сёння цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, вучэбны бізнес-інкубатар, навучэнская бізнес-кампанія, тэлестудыя, адкрытыя ў Вілейскім прафесійна-тэхнічным каледжы.
Вясной у гэтым каледжы было адкрыта кафэ, прыбытак якога толькі за першае паўгоддзе склаў 44,8 млн рублёў. У Барысаўскім лесаагратэхнічным прафесійным каледжы арганізавана навучэнская бізнес-кампанія, у склад якой увайшлі цырульня, майстэрня па пашыве і рамонце адзення, магазін па рэалізацыі швейных вырабаў, стол заказаў. За першыя паўгода каледж зарабіў за кошт сваёй бізнес-кампаніі каля 7 млн рублёў.
Як падкрэсліла А.В.Марцінкевіч, упраўленнем адукацыі вобласці была пастаўлена задача адкрыць бізнес-кампаніі альбо іншыя структуры ў іншых навучальных установах. Так, у прыватнасці, нядаўна Капыльскі ПТК адкрыў цэнтр па падтрымцы прадпрымальніцтва. А ўжо ў кастрычніку пачне працаваць бізнес-кампанія, у складзе якой будуць адкрыты швейнае атэлье, навучэнская цырульня, цэх па вытворчасці пліткі, а ў зварачнай майстэрні будзе арганізавана вытворчасць кветачніц.
На базе Барысаўскага будаўнічага прафесійнага ліцэя і Салігорскага прафесійна-тэхнічнага каледжа за кошт сродкаў замежнага партнёра “Хенкель Баўтэхнік” нядаўна былі адкрыты вучэбныя цэнтры “Ceresit”. Амаль гэтымі днямі з’явіцца трэці такі цэнтр у Маладзечанскім ПТК .
У новым навучальным годзе не будзе спыняцца і такі кірунак, як адкрыццё рэсурсных цэнтраў. У гэтым годзе быў адкрыты 7-ы рэсурсны цэнтр вытворчага навучання ў Жодзінскім прафесійным ліцэі па спецыяльнасці “Тэхналогія зварачных работ”. Сёлета на базе створаных цэнтраў прайшлі высакаякасную прафесійную падрыхтоўку 1772 навучэнцы аднапрофільных устаноў адукацыі. Мяркуецца ў гэтым навучальным годзе ўзмацніць кірунак, звязаны з падрыхтоўкай дарослага насельніцтва на базе рэсурсных цэнтраў, што, безумоўна, дазволіць зарабіць дадатковыя фінансавыя сродкі. Разам з тым, кіраўніцтва ўстаноў, дзе адкрыты рэсурсныя цэнтры, павінна на гэтым не супакойвацца, а актыўна займацца ўмацаваннем і развіццём базы рэсурсных цэнтраў, імкнуцца быць флагманам сярод іншых устаноў па тым ці іншым профілі.
Алена Віктараўна Марцінкевіч адзначыла, што, улічваючы патрабаванні заказчыкаў кадраў да прафесійнай падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў, упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама будзе дасканала вывучаць узровень навучання па такіх спецыяльнасцях, як “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, “Гандлёвая справа”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. Будзе аналізавацца арганізацыя адукацыйнага працэсу па праграмах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, стан выкладання вучэбных прадметаў “Інфарматыка”, “Замежная мова”, эфектыўнасць прымянення ў адукацыйным працэсе электронных сродкаў навучання, інфармацыйных тэхналогій, узровень працаўладкавання выпускнікоў на вытворчасці.
Для павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў будзе працягнута работа па практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі навучэнцаў для больш хуткай адаптацыі на прадпрыемствах, засваення імі новых тэхналогій, матэрыялаў, тэхнікі, і, безумоўна, яшчэ большага ўмацавання адносін з заказчыкамі кадраў і тым самым павелічэння адраснасці падрыхтоўкі кадраў, забеспячэння структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў адпаведнасці з тэндэнцыямі развіцця рэгіёна.
— Упраўленнем адукацыі ў адпаведнасці з графікам вывучэння гатоўнасці ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі да пачатку новага навучальнага года былі арганізаваны выезды ва ўстановы адукацыі камісій з удзелам аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, — расказала Т.П.Хамякова, намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. — Праверка паказала, што ўсе навучальныя ўстановы правялі мэтанакіраваную работу для паспяховага правядзення новага навучальнага года, для стварэння камфортных умоў для навучання сваіх выхаванцаў.
Для гэтага былі адрамантаваны будынкі, абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, эстэтычна аформлены інфармацыйныя стэнды, добраўпарадкаваны тэрыторыі з выкарыстаннем сучаснага дызайну кветнікаў. У Жодзінскім прафесійным ліцэі працуе фантан, а ў Капыльскім прафесійна-тэхнічным каледжы — водны каскад. Сума, якая была выдаткавана ўстановамі для правядзення рамонтных работ, склала больш за 7,8 млрд рублёў, у тым ліку з пазабюджэтных сродкаў больш чым на 2 млрд рублёў.
Значную дапамогу ў падрыхтоўцы вучэбна-матэрыяльнай базы аказалі навучальным установам базавыя арганізацыі і спонсары. Так, у прыватнасці, як ужо гаварылася, на базе Барысаўскага будаўнічага прафесійнага ліцэя і Салігорскага прафесійна-тэхнічнага каледжа створаны вучэбныя цэнтры “Ceresit”, што дало магчымасць рыхтаваць кадры для будаўнічай галіны па новых тэхналогіях і з выкарыстаннем сучасных будаўнічых матэрыялаў. Для стварэння такіх цэнтраў прадпрыемства “Хенкель Баўтэхнік” накіравала навучальным установам больш за мільярд рублёў. Барысаўскаму будаўнічаму ліцэю базавае прадпрыемства “Будтрэст № 21” аказала дапамогу на суму 5,2 млн рублёў, а БУ-153 і ААТ “Будкрэпасць” дапамаглі будаўнічымі матэрыяламі.
Вучэбна-матэрыяльная база кабінетаў, майстэрняў і лабараторый навучальных устаноў вобласці ў цэлым забяспечвае неабходны ўзровень навучання па праграмах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Навучальныя ўстановы аснашчаны неабходным абсталяваннем, тэхнічнымі сродкамі, сродкамі навучання, вучэбна-нагляднымі дапаможнікамі і стэндамі.
Калі раней здараліся недапрацоўкі ў некаторых навучальных установах па стане інтэрнатаў, то сёлета гэтыя пытанні вырашаны на належным узроўні. Кіраўніцтвам, педагагічнымі калектывамі праведзена значная работа па стварэнні і падтрыманні ў інтэрнатах камфортных жыллёва-бытавых умоў для навучэнцаў. Амаль ва ўсіх пакоях заменена мэбля, зроблены бягучы рамонт. Прыведзены ў адпаведнасць з санітарна-гігіенічнымі нормамі памяшканні агульнага карыстання. Фае, пакоі адпачынку абсталяваны тэле- і відэатэхнікай.
Знаходзячыся ў такім славутым жывапісным месцы было лагічным адкрыць у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа спецыяльнасць “Турызм і гасціннасць”, якая адразу заваявала папулярнасць сярод моладзі гэтага раёна і навакольных. Сёлетняя прыёмная кампанія не стала выключэннем і яшчэ раз пацвердзіла, наколькі даспадобы выпускнікам школ турыстычныя маршруты. На 25 бюджэтных месцаў было пададзена 35 заяў, і, такім чынам, конкурс склаў 1,4 чалавека на месца. Усе абітурыенты паспяхова здалі ўступныя іспыты па гісторыі Беларусі і беларускай (рускай) мове. Група была сфарміравана з 25 навучэнцаў, якія паступілі на бюджэт, і 5 чалавек, якія будуць вучыцца на платнай аснове. На сёння ў каледжы па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” вучыцца 90 чалавек, з іх — 75 на бюджэтнай аснове.
Дырэктар каледжа А.В.Жураўлёва паведаміла, што прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў у сферы турызму немагчыма без правядзення практычных заняткаў, якія праходзяць на гістарычных аб’ектах Нясвіжа, у першую чаргу ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку. У час практыкі ў выхаванцаў каледжа не толькі замацоўваюцца тэарэтычныя веды, практычныя ўменні і навыкі, але, што немалаважна, фарміруюцца прафесійна значныя якасці асобы, грамадзянская пазіцыя нашай моладзі, выхоўваюцца пачуцці патрыятызму і нацыянальнай годнасці, якія вельмі неабходны для экскурсавода пры арганізацыі турысцка-экскурсійных паслуг. На практычных занятках навучэнцы паглыбляюць свае веды па гісторыі і культуры Беларусі і непасрэдна Нясвіжчыны, вучацца рэкламаваць экскурсіі ва ўстановах і арганізацыях, прымяняць краязнаўчыя веды ў экскурсійнай рабоце.
— Фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму — працэс складаны і няспынны, — адзначыла Алена Васільеўна. — Таму ў педагогаў і навучэнцаў нашага каледжа шмат планаў. Навучэнцаў чакаюць цікавыя, плённыя вучэбныя і практычныя заняткі, насычаныя прыкладамі жывой гісторыі і культуры. Працягнуць сваю дзейнасць аб’яднанні па інтарэсах і факультатыўныя заняткі, пры правядзенні прадметных тыдняў будуць прадугледжаны новыя інтэрактыўныя формы навучання, сустрэчы з вядомымі землякамі стануць добрай традыцыяй.
Не менш значнымі для фарміравання патрыятычных пачуццяў і грамадзянскасці выхаванцаў з’яўляюцца інтэграваныя заняткі. Адзін з такіх урокаў на тэме “Падарожжа па Палессі і беларускім краі” ўключаў у сябе такія прадметы, як “Краязнаўства” і “Гісторыя падарожжаў і турызму”. Гэта дазваляе найбольш яскрава пазнаць гісторыю, культуру сваёй Радзімы, свайго народа. Эфектыўнай формай вучэбных заняткаў па экалагічнай адукацыі з’яўляюцца экскурсіі, дыскусіі, дыспуты, канферэнцыі, падрыхтоўка дакладаў, рэфератаў, сачыненняў, эсэ, сцэнарыяў дзелавых гульняў. У каледжы арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”. Змест яго заняткаў прадугледжвае стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі, развіцця даследавання Нясвіжскага краю і ўвогуле Беларусі.
Практычным увасабленнем прафесійнай падрыхтоўкі будучых экскурсаводаў стала правядзенне экскурсіі па Нясвіжскім палацы для ўдзельнікаў нарады.