Рэарганізаваць гімназію ў… звычайную школу

Адна з галоўных задач, што стаяць перад сістэмай адукацыі, — аказаць навучэнцу якасныя адукацыйныя паслугі. Таму гэтаму пытанню надаецца значная ўвага і  праводзіцца адпаведны кантроль за ім. Не выключэнне ў гэтым плане і рэгіёны.

Так, на Магілёўшчыне ў мінулы аўторак адбылася нарада “Аб павышэнні якасці адукацыі ў 2013/2014 навучальным годзе”, удзельнікамі якой сталі работнікі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, дырэктары гімназій і ліцэяў вобласці. Прысутнічалі на пасяджэнні таксама намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Анатольевіч Малашка і начальнік упраўлення адукацыі Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў. Мэтай нарады стаў аналіз дзейнасці агульнаадукацыйных устаноў новага тыпу, а таксама сумесны пошук шляхоў уплыву на павелічэнне якасці і ўзроўню ведаў вучняў на ўсіх ступенях адукацыі.
Як адзначыў начальнік упраўлення адукацыі вобласці Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў, кіраўнічымі органамі ў гарадах, раёнах, установах рэгіёна вядзецца мэтанакіраваная работа па павышэнні якасці адукацыі навучэнцаў, аднак, разам з тым, маюцца і пэўныя недапрацоўкі па шэрагу кірункаў.
Больш падрабязна гаварыў пра гэта падчас свайго даклада першы намеснік начальніка Алег Уладзіміравіч Сцельмашок.
— Планаванне работы па павышэнні якасці адукацыі праводзіцца на аснове аналізу мінулагодніх вынікаў. Гэта значыць, органамі кіравання выяўляюцца недахопы ў рабоце, высвятляюцца прычыны іх узнікнення, пасля чаго вызначаюцца канкрэтныя крокі далейшага шляху развіцця, — праінфармаваў Алег Уладзіміравіч. — Вынікам працы ў такім напрамку з’яўляецца шэраг значных зрухаў ва ўдасканальванні якасці навучання.

З гэтым выказваннем складана не пагадзіцца, бо ў бягучым годзе магілёўскімі навучэнцамі заваяваны пяць медалёў на міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах, а гэта лепшы паказчык у рэспубліцы сярод абласцей. Палепшыліся вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, якое здавалі выпускнікі агульнаадукацыйных устаноў.
Але, як канстатаваў дакладчык, пры станоўчай у цэлым дынаміцы якасці агульнай сярэдняй адукацыі ў рэгіёне па некаторых асноўных паказчыках работы ў гэтым кірунку Магілёўшчына знаходзіцца пакуль на апошніх месцах. Напрыклад, не лепшым чынам выступіла вобласць на рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах. Удзельнікамі магілёўскай каманды было заваявана восемдзесят дыпломаў і дваццаць тры пахвальныя водзывы, што дазволіла выйсці на чацвёртае агульнакаманднае месца сярод абласцей. Вынік, здаецца, і нядрэнны. Аднак калі яго параўнаць з дасягненнямі мінулых гадоў, то карціна вымалёўваецца не зусім жаданая. Напрыклад, у
2012 годзе вобласць была ў агульнакамандным заліку трэцяй, а ў 2011 — першай.
У чым жа прычына здачы дасягнутых раней пазіцый, калі планавая работа па падрыхтоўцы навучэнцаў для ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах за апошнія гады толькі ўмацоўвалася? Дарэчы, сістэма работы з адоранымі дзецьмі, створаная ў вобласці, уключае ў сябе штогадовы дэталёвы аналіз вынікаў алімпіяд на ўсіх узроўнях, розныя семінары-практыкумы для спецыялістаў і настаўнікаў, арганізацыю і правядзенне вучэбных збораў па падрыхтоўцы каманд, канферэнцый даследчых работ, “малышковых” і дыстанцыйных алімпіяд, працу летняга лагера “Алімпіец”, школ юных, вочна-завочных школ, сацыяльную падтрымку адораных навучэнцаў і педагогаў. І тое, што гэтая праца можа прыносіць жаданы вынік, пацвярджаюць дасягненні 2011 года. Але вось захаваць дасягнутае і павысіць узровень удзелу магілёўскіх навучэнцаў у рэспубліканскай алімпіядзе можна толькі максімальна актывізуючы дзейнасць па іх падрыхтоўцы, выбудаваўшы працу па суладным ланцужку, усе звёны ў якім будуць настроены на выніковасць.

Не менш складаная сітуацыя назіраецца сёння і па адным з галоўных паказчыкаў якасці адукацыі — выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Калі ў 2009 годзе па дадзеным паказчыку вобласць займала трэцяе месца ў рэспубліцы, то год цяперашні такіх вынікаў не прынёс. Немалаважным фактарам, які пацвярджае праблемы ў гэтым напрамку, выступае і недабор у некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгіёна. Але, бадай, самае негатыўнае ў дадзеным становішчы — гэта нізкія паказчыкі на цэнтралізаваным тэсціраванні выпускнікоў гімназій і ліцэяў, устаноў, якія павінны выступаць прыкладам працы для агульнаадукацыйных школ. Нонсэнс і тое, што ў некаторых ліцэях і гімназіях сярэдні бал па ўсіх прадметах ЦТ значна ніжэйшы, чым нават у сельскіх школах.
Так, у абласным ліцэі № 5, размешчаным у Быхаве, сярэдні бал выпускнікоў па выніках тэсціравання склаў крыху больш за 27 балаў, тады як у Мішнеўскім ВПК Мсціслаўскага раёна па некаторых прадметах ён даходзіў да 71 бала. Маюцца ў вобласці і іншыя падобныя прыклады. У той час выпускнікі абласных ліцэяў №№ 1, 3, ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, шэрагу гімназій Магілёва і Бабруйска паказваюць на ЦТ стабільныя вынікі, якія значна перавышаюць сярэдне-абласныя. Нельга не адзначыць тут выпускнікоў Магілёўскай гарадской гімназіі № 1. Сёлета пяцёра з іх атрымалі стабальныя сертыфікаты.
Пагадзіцеся, розніца праведзенай педагагічнымі калектывамі працы і, адпаведна, якасці навучання ў вышэйназваных навучальных установах істотная. А яны ж з’яўляюцца ўстановамі аднаго тыпу і ўмовы для працы ў кожнай з іх створаны аднолькавыя. Значыць, у ліцэях і гімназіях, якія адстаюць, праца пабудавана не належным чынам?
Адказаць на гэтае пытанне ў ходзе пасяджэння спрабавалі дырэктары дадзеных навучальных устаноў. Іх кіраўнікі прызналі: ва ўстановах маецца недабор вучняў, адпаведна, адсутнічае конкурсны адбор. Прычына ж канстатаваных дырэктарамі ўстаноў фактаў, як высветлілася, крыецца ў недастатковай агітацыйнай рабоце з вучнямі і бацькамі, нядобрасумленнай арганізацыі кантролю ўнутры ўстановы, а таксама адсутнасці зладжанага ўзаемадзеяння з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму.
Падобная негатыўная статыстыка гаворыць аб тым, што выніковасць работы дадзеных навучальных устаноў не адпавядае ўстановам заяўленага тыпу. У ходзе нарады востра паўстала пытанне аб працягу іх функцыянавання, а таксама вывучэння магчымасці рэарганізацыі такіх гімназій і ліцэяў у школы. Такое рашэнне на практыцы можа быць мэтазгодным. Пацвярджэнне таму ўдзельнікі пасяджэння пачулі падчас выступлення начальніка Бялыніцкага аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідзіі Леанідаўны Шчацінка.
Як аказалася, аддзел адукацыі выступіў ініцыятарам рэарганізацыі раённай гімназіі ў звычайную школу. Наяўнасць у гарадскім пасёлку ўсяго дзвюх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, адной з якіх і з’яўлялася гімназія, не дазволіла адпаведна арганізаваць там працу. Сітуацыя пагаршалася яшчэ і тым, што ў выніку конкурснага адбору навучальная ўстанова не ў поўным аб’ёме была ўкамплектавана вучнямі. Але, у той жа час, у другой установе — агульнаадукацыйнай школе — з-за наплыву навучэнцаў прыйшлося арганізаваць другую змену. Павысілася і трывожнасць бацькоў. Таму рашэнне наконт рэарганізацыі гімназіі ў сярэднюю школу, па словах Лідзіі Леанідаўны, было прынята правільнае, да таго ж, і на якасці адукацыі навучэнцаў яно ніяк не адбілася.

Вопыт, прадстаўлены Бялыніцкім раёнам, станоўчы. Аднак адназначна сказаць, ці патрэбны гімназіі і ліцэі ў раёнах, як было агучана на нарадзе, немагчыма. Гэтае пытанне патрабуе дэталёвай прапрацоўкі на месцах, што і будзе зроблена хуткім часам.
У ходзе пасяджэння вопытам работы і рэкамендацыямі з калегамі падзялілася таксама рэктар Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Анатольеўна Старавойтава. Яна акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў нарады на тым, што ў забеспячэнні якасці адукацыі галоўную ролю іграе настаўнік. А значыць, варта надаваць большае значэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, павышэнню іх кваліфікацыі, матываванасці на самастойны прафесійны рост і развіццё. Выступіла рэктар МАІРА і з ініцыятывай стварэння прадметных рэсурсных цэнтраў, дзе б абагульняўся і распаўсюджваўся лепшы педагагічны вопыт.
Падчас нарады было агучана шмат пытанняў, зроблены адпаведныя высновы і прапановы для ліквідацыі праблем. Аднак самым важным з прынятых было рашэнне працягваць мэтанакіраваную работу па павышэнні якасці адукацыі ў школах.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.