Рэчыцкая “чацвёрка” адрамантавана на “дзясятку”

- 10:20Адукацыйная прастора

665 вучняў сярэдняй школы № 4 Рэчыцы атрымалі цудоўны падарунак да пачатку навучальнага года: установу адукацыі, якой сёлета споўніцца 85 гадоў, адкрылі пасля капітальнага рамонту. Да таго ж, яшчэ адзін падарунак — сертыфікат на Br20 тысяч для абсталявання камп’ютарнага класа — кіраўнік школы Галіна Ушава атрымала з рук старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя.

Менавіта настаўнікі Рэчыцкага раёна сёлета падрыхтавалі 10 стабальнікаў на ЦТ. Гэта лепшы вынік на Гомельшчыне. Таксама па выніках мінулага навучальнага года ў гэтым раёне 27 залатых медалістаў, 61% сёлетніх выпускнікоў сталі студэнтамі УВА.

Віншаванні з уваходзінамі школьнікам, педагогам, бацькам на ўрачыстай лінейцы да Дня ведаў адрасаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

— У вашай школе ў роўнай ступені ўдзяляецца павышаная ўвага вывучэнню дакладных, прыродазнаўчых і гуманітарных навук. Вы прывіваеце дзецям любоў да працы: вучні асвойваюць прафесіі швачкі і сталяра. Развіваецца і спартыўны кірунак: з гэтага года сфарміраваны спецыялізаваны клас па спорце. На рамонт вашай школы выдаткаваны сур’ёзныя фінансавыя сродкі, але няма лепшых інвестыцый, чым інвестыцыі ў адукацыю, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Ён пажадаў, каб вучні школы любілі Радзіму, працу і людзей навокал. Дырэктар установы Галіна Ушава выказала прадстаўнікам абласной і раённай улады, прадпрыемствам-шэфам, будаўнічым арганізацыям, бацькам, калектыву словы падзякі.

Рэчыцкую “чацвёрку” цяпер сапраўды не пазнаць — яркі фасад бачна здалёк. Дарэчы, пры капрамонце цалкам абнавілі корпус, дзе займаюцца старшакласнікі. Памяшканні плошчай 2,4 тысячы кв.м. адрамантавалі за тры месяцы. Узмоцнены пліты, заменены падлогі, сцены абшыты гіпсакартонам, зроблены сучасныя столі, усталяваны вокны, адрамантаваны санвузлы. 

Новыя кабінеты маюць індывідуальны дызайн і колеравае афармленне. На сценах кабінета біялогіі з’явіліся выявы жывёл, класа гісторыі — выявы помнікаў і храмаў, геаграфіі — карта Беларусі. Калідоры пафарбавалі так, што нават у пахмурнае надвор’е яны будуць сонечнымі. Абноўленае аблічча школы натхняе і школьнікаў, і педагогаў, і бацькоў. 

На ўрачыстай лінейцы першакласнікі атрымалі падарункі ад прэзідэнта — кнігі “Беларусь — наша Радзіма”. Некаторыя адразу ж сталі вывучаць яе змест. А пасля першага званка пачаўся першы ўрок, які сёлета быў прысвечаны тэме адзінства беларускага народа.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.