Рэчыцкія школьнікі разам з настаўніцай разважалі аб важнасці такога паняцця, як народнае адзінства

- 13:29Главная, Образование

Настаўніца сярэдняй школы № 2 Рэчыцы Святлана Коўзік падчас урока, прысвечанага Дню народнага адзінства, адзначыла, наколькі важна не забываць падзеі мінулага і імкнуцца да згоды, канцэнтравала ўвагу дзяцей на духоўных, маральных каштоўнасцях. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На першым паверсе сярэдняй школы № 2 Рэчыцы — Школы міру — тэматычная фотазона, якая чарговы раз нагадвае ўсім навучэнцам: Беларусь адзіная. Ва ўсіх класах прахо­дзяць урокі, класныя гадзіны, ключавая тэма якіх — “Дзень народнага адзінства”. Дзеці з 4 “Б” вельмі ўважліва ловяць кожнае слова настаўніцы пачатковых класаў Святланы Коўзік. Для вопытнага педагога расказваць пра важныя падзеі маладому пакаленню не ў навінку. Тэматычна ўпрыгожаная школьная дошка дапамагае акцэнтаваць увагу на гістарычных старонках і падзеях, якія адбываліся ў краіне. Разам з настаўніцай школьнікі разважаюць аб важнасці такога маладога і адначасова значнага свята, аб гісторыі рэспублікі, аб такім паняцці, як народнае адзінства. Хлопчыкі і дзяўчынкі праяўля­юць актыў­насць на ўроку, цягнуць рукі, адказваючы на пытанні педагога.

— Дзень народнага адзінства — свята, якое заклікае лю­дзей успомніць найважнейшыя гістарычныя падзеі, — падкрэс­лівае Святлана Іванаўна. — Грамадзяне Беларусі сваёй працай імкнуцца прынесці карысць, унесці ўклад у развіццё краіны і яе прызнанне на сусветнай арэне. Нам ёсць кім і чым ганарыцца!

Святлана Іванаўна расказвае дзецям пра вядомых ва ўсім свеце беларускіх пісьменнікаў, якія праслаўлялі Радзіму ў сваіх творах, знакамітых спартсменаў, якія адстойвалі гонар краіны на алімпіядах, пра касманаўтаў, вядома, згадваючы першую беларускую жанчыну-касманаўта Марыну Васілеўскую. Педагог адзначае, наколькі важна не забываць падзеі мінулага і імкнуцца да згоды, канцэнтруе ўвагу дзяцей на духоўных, маральных каштоўнасцях. Падкрэслівае, наколькі мы, беларусы, моцныя. Нас аб’ядноўвае агульная гісторыя, традыцыі, культура. А каб дабіцца поспеху, усе павінны быць ра­зам, незалежна ад узросту і роду заняткаў. Настаўніца таксама задае пытанне кемлівым школьнікам, які ўклад у развіццё рэспублікі могуць унесці менавіта яны. Дзеці не губляюцца і па чарзе адзначаюць важнасць беражлівых адносін да прыроды, горада, немалаважныя ўменні слу­хаць і чуць адно аднаго, паважаць розныя меркаванні, імкнуцца да кампрамісу і, вядома, добра вучыцца.

Пасля разважанняў навучэнцы прыступаюць да практыкі, разбіўшыся на дзве каманды, і беспамылкова суадносяць галоўныя дзяржаўныя святы з іх датамі. Назваўшы самыя значныя з іх, самастойна каля дошкі складаюць кветку адзінства з пялёсткамі “Дружба”, “Дабрыня”, “Мір”, “Надзея”. На пытанне педагога, у якой народнай казцы можна сустрэць праяўленне адзінс­тва і згоды герояў, вучні разам адказваюць: “У казцы “Рэпка”. І сапраўды, у ёй закладзена народная мудрасць: агульная мэта дасягаецца сумеснымі намаганнямі.

Самым кранальным і знакавым акцэнтам тэматычнага ўрока стаў момант, калі ўсе навучэнцы ў класе ўзяліся за рукі і выстраіліся ў форме сэрца. Так рэчыцкія разумнікі і разумніцы, якія з ранніх гадоў праяўляюць беражлівыя адносіны да гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, паказалі любоў да Ра­дзімы.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара