“Рэдкі” астравок батанічнага саду

Трапляючы ва ўладанні загадчыка сектара захоўвання і аднаўлення раслінных рэсурсаў Алесі Кручонак у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі, міжвольна ловіш сябе на думцы, што стаў госцем цяпліц гарыпотэраўскай мадам Сцебль. Праз абвітую вінаградам агароджу нельга заўважыць брамку, якая вядзе да калекцыі “Рэдкія віды і віды прыроднай флоры Беларусі, якія знікаюць”.

Гісторыя калекцыі пачалася больш за сорак гадоў назад. За гэты час жывыя экспанаты набылі статус нацыянальнага здабытку краіны. Калекцыя папаўняецца з прыродных месцапражыванняў раслін Беларусі і замежных батанічных садоў.

Спачатку спецыялісты, якія стаялі ля вытокаў, вывучалі асаблівасці і рэсурсны патэнцыял рэдкіх відаў, распрацоўвалі метады іх рэпрадукцыі і захавання. У 80-я гады мінулага стагоддзя каманда ўпершыню апрабавала спосабы прыродаахоўных перамяшчэнняў раслін. Зараз батанікі ствара­юць біябанк гермаплазмы рэдкіх раслін беларускай і сусветнай флоры, які бу­дзе ўключаць некалькі блокаў. Першы ахопіць прыродныя ўзоры, другі блок змесціць гермаплазму раслін, выра-шчаных у батанічным садзе (прадстаўнікі лекавых, вострадухмяных, тэхнічных, кармавых і біяэнергетычных раслін), а трэці будзе абслугоўваць міжнародны абмен.

Не разбэшчаныя спецыяльнымі ведамі, наведвальнікі бачаць у калекцыі знаёмыя расліны: пірэтрум шчыткавы яны прымаюць за рамонак, адэнафору — за званочак. Але ёсць людзі, якія не толькі адрозніваюць іх сярод тысячы падобных, але і памятаюць адмысловыя лацінскія назвы. Гэта каманда батанікаў лабараторыі біяразнастайнасці раслінных рэсурсаў, што займаецца рэдкімі прадстаўнікамі беларускай флоры: Настасся Гуліс, Аляксандр Мялік, Ірына Агейчык, Барыс Аношанка, Ларыса Сідор і Наталля Самахвалава. Іх дзейнасць складаецца з многіх аспектаў. Спецыялісты рэзервуюць гермаплазму (насенне, споры, пылок) для захавання генафонду, распрацоўваюць прыёмы аднаўлення папуляцый, што знаходзяцца ў крытычным стане, прымаюць меры для паляпшэння іх стану і расказваюць людзям пра пагрозы, якія ўзнікаюць перад раслінамі.

Добрым падмуркам для работы вучоных стаў праект “Зялёныя скарбы Беларусі”, які спрыяе прыпыненню страты відаў раслін і захаванню іх генетычнай разнастайнасці. Дзякуючы яму, батанікі неаднаразова знаходзілі добраахвотных памочнікаў-аматараў сярод насельніцтва і ўстаноў дадатковай адукацыі.

За гады існавання калекцыю вялі некалькі куратараў, кожны з якіх прыўнёс нешта сваё. Ядро калекцыі сабраў Іван Лазнуха, рэсурсны патэнцыял вывучала Лідзія Кухарава, пад кіраўніцтвам Святланы Торчык яна была абноўлена і дапоўнена раслінамі з замежных батанічных садоў. Не выключэнне і цяперашні куратар Алеся Кручонак. Навуковец расказвае, што задача яе калектыву — сабраць у калекцыі ўсе рэдкія віды, што растуць у беларускай прыродзе.

Нядаўна Алеся Уладзіміраўна вярнулася з экспедыцыі ў заказніку “Дзівін Вялікі Лес”, дзе вяліся папуляцыйныя даследаванні венерынага чаравічка — самай прыгожай расліны з ліку паўночных архідэй, якая знаходзіцца ў Чырвонай кнізе Беларусі.

Па словах Алесі Кручонак, для захавання расліны трэба высветліць прычыны, па якіх яна знікае, і пралічыць напрамкі і ступень магчымых пагроз. Калі спецыялісты пераконваюцца, што па розных прычынах расліна не зможа існаваць на звыклым месцы, яе выма­юць з прыродных умоў (шляхам вымання дарослай асобіны ці яе насення). Як правіла, каманда навукоўцаў працуе з насеннем, паколькі яно дае большае ўяўленне пра біялагічную разнастай­насць папуляцыі. Вынятае насенне дзеліцца на дзве часткі: адна — для біябанка, другая — для размнажэння ў Цэнтральным батанічным садзе. У працэсе вырошчвання з’яўляецца некалькі ўзроставых станаў расліны — ад праросткаў да сталых генератыўных асобін, каб новая папуляцыя мела поўны ўзроставы склад, як са­праўдная сям’я. Гэта мэтазгодна таму, што пры высадцы аднаўзроставых раслін папуляцыя становіцца штучнай і страчвае шансы на выжыванне. Некаторыя даследаванні калектыву право­дзяцца ўпершыню і з’яўляюцца новымі не толькі для Беларусі, але і для суседніх краін.

— Найбольш распаўсюджаная прычына знікнення раслін — асушэнне балот і знікненне натуральных месцапражыванняў. Сучасная Чырвоная кніга складаецца ў асноўным з прадстаўнікоў балотнай флоры. Наступная будзе, мне здаецца, ужо “лугавой”, паколькі некранутыя лугі знікаюць, а сенакосныя ператвараюцца ў хмызнякі, — расказвае Алеся Кручонак. — Нешта, напрыклад наступствы неасэнсаванай меліярацыі, можна зменшыць. На гэта накіравана шмат рэспубліканскіх і міжнародных праграм. Так, дзякуючы ўзнаўленню воднага рэжыму, аднаўляюцца біятопы заказнікаў Спораўскі, балоты Ельня, Жада, Дзікі Нікар і інш. А вось наступ­ствы змянення клімату ліквідаваць амаль немагчыма.

Дзякуючы міжнароднаму абмену, спецыялісты маюць магчымасць параўноўваць асаблівасці і генетычны статус рэдкіх раслін з розных пунктаў і арэала. Акрамя таго, у краіне з’яўляюцца віды, зніклыя з пэўнага рэгіёна. Дзякуючы такому падыходу, у калекцыі можна сустрэць расліны, якіх ужо няма ў прыродзе: шпажнік балотны, сверцыю шматгадовую і інш. Цікава паназіраць і за славутай папараць-кветкай — чыставустам каралеўскім. Выгляд расліны адрозніваецца ад казачных апісанняў, але тое, што яна свеціцца ў цемры, — праўда. Трэба толькі прыйсці на змярканні і пасвяціць УФ-ліхтарыкам на яе спараноснае лісце.

Геаграфія раслін даволі шырокая. Напрыклад, астранцыя вялікая трапіла ў калекцыю з Белавежскай пушчы, шпажнік балотны — з-пад Бранска (у Беларусі апошні раз яго збіралі ў гербарый на пачатку мінулага стагоддзя ў Магілёў­скай вобласці). А насенне асоту балотнага збіралі ў сумесных экспедыцыях з літоўскімі калегамі.

Куратар калекцыі гаворыць, што яе “падыспытныя” не такія эфектныя, як, напрыклад, півоні ці рададэндраны, але ні ў чым не саступаюць маляўнічым кветкам. Алеся Кручонак лічыць, што, калі людзі імкнуцца пазнаёміцца з рэдкімі раслінамі, гэтае жаданне трэба падмацаваць цікавымі гісторыямі пра іх. Спецыялісты нават стварылі альпійскую горку з узорамі сваіх гадаванцаў, і зараз у Цэнтральным батанічным садзе ла­дзіцца новая экспазіцыя — “Легенды беларускай флоры”. Батанікі расказва­юць, што да наступнага лета пляцоўка, дзе знаходзяцца рэдкія расліны, будзе мадэрнізавана. Там з’явяцца тры стаўкі, а неабходныя для розных відаў умовы бу­дуць створаны дзякуючы гідратэхнічным прыстасаванням і спецыяльным грунтам.

Адметна, што некаторыя ўзоры калекцыі з’яўляюцца адзінымі прадстаўнікамі генафонду віду ў краіне (паколькі ў прыродзе яны могуць знікнуць). Так, за апошнія гады былі адноўлены цэнапапуляцыі астранцыі вялікай і бадзяку шэрага, пачата работа па рэканструкцыі тафільдыі чарачкавай (пасадачны матэрыял аднавілі з прыроднага насення, сабранага з адзі­най у краіне папуляцыі). У планах вучоных — аднаўленне парушаных папуляцый цыны шырокаліставой і чарнакораню голага.

— Вылучыць любімую сярод раслін немагчыма. Калі ідзеш за імі ў гушчары і прыкладваеш нямала высілкаў, каб дастаць іх аднекуль, — кожная становіцца быццам дзіця, — рэзюмуе Алеся Ула­дзіміраўна.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва Алесі Кручонак.