Адзіны рэестр адміністрацыйных працэдур пачне працаваць у Беларусі 1 студзеня 2018 года, паведаміла намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч.
“Адзіны рэестр адміністрацыйных працэдур ужо ствараецца. Да 1 студзеня 2018 года, упэўнена, ён пачне працаваць. З другога паўгоддзя 2017 года органы дзяржкіравання будуць напаўняць яго сваімі адміністрацыйнымі працэдурамі, што нам дасць магчымасць інвентарызаваць гэтыя працэдуры, забяспечыць празрыстасць па складзе, дакументах, якія прад’яўляюцца, і кошце і ў выніку перайсці на іх праходжанне ў электронным выглядзе”, — адзначыла Ірына Касцевіч. Паводле яе слоў, цяпер у электронным выглядзе можна прайсці амаль 110 адміністрацыйных працэдур. Да 2020 года доля адміністрацыйных працэдур, ажыццявіць якія можна ў электронным выглядзе, павінна скласці не менш за 75 працэнтаў.
Ірына Касцевіч падкрэсліла, што прапановы, якія складаюць праект Нацыянальнай платформы бізнесу на 2017 год, вынесены на Асамблею дзелавых колаў 1 сакавіка, — гэта не навацыі. Больш як палова ёсць у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады і комплексе мер па яе рэалізацыі з канкрэтнымі тэрмінамі і адказнымі.
Ірына Касцевіч адзначыла, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва прапанаваў праект закона аб самарэгулюемых арганізацыях. “Мы сур’ёзна яго на грамадска-кансультацыйным савеце абмяркоўвалі, праводзілі мазгавы штурм. Пры Мінэканомікі створана рабочая група, якая яго адпрацоўвае”, — паведаміла намеснік міністра.
Што тычыцца зніжэння адміністрацыйнай адказнасці і дэкрыміналізацыі эканамічных рызык, то, паводле слоў намесніка міністра, таксама створана рабочая група, якая напрацоўвае пакет прапаноў, якія будуць унесены ў Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях ужо ў бягучым годзе.