Рэфлексіўныя нататкі пасля жнівеньскай канферэнцыі

- 12:38Адукацыйная прастора

Артыкул складаецца з дзвюх частак: першая прысвечана ўласна гэтаму форуму, а другая — адной з яго секцый — педагагічнай студыі, праведзенай педагогамі 5-й віцебскай гімназіі.

У любой галіне дзейнасці праводзіцца мноства канферэнцый, самітаў, форумаў, бізнес-снеданняў і іншых адукацыйных падзей, дзе людзі абменьваюцца вопытам, даведваюцца пра нешта новае і карыснае. Задача арганізатараў такіх мерапрыемстваў — забяспечыць высокі ўзровень кантэнту і максімальны камфорт удзельнікаў. Што атрымліваецца далёка не заўсёды. Але ёсць і пазітыўны вопыт правядзення жнівеньскай канферэнцыі, вопыт Першамайскага раёна Віцебска.

Канферэнцыя “Сістэма адукацыі Першамайскага раёна Віцебска ў інтарэсах дзіцяці: фарміруем асобу, захоўваем здароўе”.

Каб правільна вызначыць мэту канферэнцыі, трэба вызначыцца з адказам на пытанне “Навошта настаўнікам раёна трэба прыходзіць на падобныя адукацыйныя мерапрыемствы?”.

Паспрабуйце з прыведзенага ніжэй пераліку выбраць правільны адказ:

— “падцягнуць” прафесійныя веды і ўменні;

— застацца ў курсе адукацыйных трэндаў;

— абмяняцца думкамі і вопытам з калегамі;

— пазнаёміцца з патрэбнымі людзьмі;

— знайсці новых партнёраў;

— сустрэцца са знакамітымі спікерамі;

— проста стаць часткай педагагічнай тусоўкі раёна, сярод якой даволі проста знайсці ідэі для новых праектаў на будучы навучальны год;

— працягніце шэраг ідэй.

Далей падумайце: хто вашы ўдзельнікі? Пры фарміраванні аўдыторыі абапірайцеся на кваліфікацыю педагогаў, іх стаж, прадметы, якія выкладаюць, прафесійныя каштоўнасці, стаўленне да грамадскай работы. Калі загадзя не скласці спіс удзельнікаў, не спланаваць умоўныя рабочыя групы, то можна выпусціць важныя рэчы, ад якіх будзе залежац­ь паспяховае правядзенне канферэнцыі. Імкненне зрабіць “стандартна, нескладана, як і ва ўсіх”, і атрымаць добры вынік — прыярытэты тых, хто не думае на перспектыву. Калі вы хочаце зноў і зноў прыцягваць людзей, прыйдзецца прадумаць кожную дробязь.

Мадэль работы канферэнцыі

Менавіта па гэтай схеме была праведзена наша канферэнцыя. Пры яе арганізацыі загадзя прымаліся намаганні, каб зменшыць уплыў магчымых праблем.

Праблема № 1. Дэжавю.

Здараецца, што з канферэнцыі ў канферэнцыю “вандруюць” аднолькавыя даклады. Каб гэтага пазбегнуць, трэба не грэбаваць стратэгіяй папярэдняга абмеркавання работы творчых груп з кожным спікерам і дамаўляцца аб актуальных тэмах. Няхай на вашым мерапрыемстве будуць ужо знаёмыя ўсім асобы, але, калі яны выступяць з унікальным наборам педагагічных сітуацый (кейсаў), узятых з уласнай практыкі работы за мінулы навучальны год, гэта будзе перамогай.

Работа кожнай майстэрні абапіраецца на групу ключавых паняццяў, якіх не можа быць шмат. Работа педагагічнай студыі не павінна змяшчаць больш паняццяў, чым здольны адначасова ўспрыняць чалавек (5—9 адзінак). Напрыклад, гімназія № 5 Віцебска заявіла для абмеркавання на канферэнцыі актуальную праблему прафесійнага самаўдасканалення настаўніка. Праблема вядомая, на эксклюзіў не прэтэндуе, аднак пошукі спосабаў яе вырашэння зацікавілі ўдзельнікаў канферэнцыі. Каб не прымушаць настаўнікаў перажываць дэжавю, каб работа студыі не ператварылася ў пераліванне з пустога ў парожняе, у пералічэнне агульнавядомых высноў, трэба папрасіць спікера назваць 5 ключавых паняццяў, якія стануць асновай для будучай работы.

У нашым выпадку былі выбраны наступныя паняцці: прафесійныя кампетэнцыі, цікавасць, зона камфорту, прафесійнае самавыгаранне, метадычная работа рэсурснага цэнтра.

Падрабязна пра тое, як праводзілася наша студыя, напісана ў другой частцы артыкула. Тут толькі адзначым, што дзеянні адбываліся ў інтэрактыўным рэжыме. Таму не было патрэбы прадумваць загадзя, якая рэакцыя ўдзельнікаў бу­дзе на прапанаваныя кейсы. Важна, каб спікер даваў такую зваротную сувязь, якая б скіроўвала настаўнікаў да прыняцця эксклюзіўнай адэкватнай ідэі вырашэння заяўленай праблемы.

Калі скласці лагічны ланцужок з прыведзеных паняццяў, то стане зразумелай агульная ідэя студыі: як трэба працаваць метадычнаму савету школы і метадычным аб’яднанням настаўнікаў-прадметнікаў, каб падтрымліваць педагогаў у добрай прафесійнай форме.

Праблема № 2. Эканомія часу.

Калі бярэш у рукі праграму правядзення канферэнцыі, то хочацца бачыць не толькі этапы маштабнага мерапрыемства і іх паслядоўнасць, але і ведаць час, які адведзены на правядзенне ўсіх адукацыйных івентаў. Прафесійна спланаваная адукацыйная падзея не павінна выходзіць за рамкі адведзенага часу. Чаго ўжо дакладна рабіць не варта, дык гэта эканоміць на часе для правядзення майстар-класаў і сэрвісе для ўдзельнікаў. Тут карысна яшчэ раз звярнуцца да мэт канферэнцыі і адсачыць, ці не парушаны лагічны ланцужок: мэта і час на яе дасягненне. Наўрад ці можна вучэбны май­стар-клас правесці за 30 мінут, але калейдаскоп метадычных ідэй у такі час лёгка ўкладваецца. Трэба паклапаціцца зага­дзя, каб у кабінетах былі дасведчаныя і ўмелыя мадэратары, каб работа ў секцыях не выйшла за рамкі адведзенага часу. Доўга — не азначае якасна.

Праблема № 3. З тэорыі бесканфліктнасці.

Пры падвядзенні вынікаў групавой работы на канферэнцыі важна выйсці на сапраўды значныя праблемы, якія б чаплялі кожнага прысутнага і тым самым стымулявалі на творчы пошук рашэння. Праблемы кшталту “браць прэмію ці не браць” пакідаюць уражанне бесперспектыўнасці работы. Адсутнасць сапраўднага праблемнага поля вымушае арганізатараў размяшчаць “раялі ў кустах”, штучна, па-сцэнарыі, арганізоўваць дыскусіі. Што не задае тон ініцыятыўнай работы на будучы навучальны год. Да гонару арганізатараў нашай раённай канферэнцыі пералічаныя праблемы паспяхова вырашаліся яшчэ на этапе падрыхтоўкі да мерапрыемства.

Зараз звернемся да педагагічнай студыі “Матрыца прафесійнага самаўдасканалення педагога”. Спікеры: І.В.Купрэвіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 5 Віцебска, Г.А.Сухава, настаўнік-метадыст гэтай жа гімназіі. Час правядзення: 30 мінут.

Этапы студыі:

I. З улікам наяўнасці ці адсутнасці ў настаўніка прафесійных кампетэнцый і цікавасці да работы ўдзельнікам студыі былі прадстаўлены чатыры ўмоўныя тыпы педагогаў:

— ёсць веды і ўменні, няма цікавасці (чырвоны квадрат);

— ёсць цікавасць, няма патрэбных ведаў і ўменняў (блакітны квадрат);

— ёсць цікавасць, ёсць патрэбныя веды і ўменні (зялёны квадрат);

— няма цікавасці, няма патрэбных ведаў і ўменняў (фіялетавы квадрат).

(З улікам таго, у якім квадраце знаходзіцца настаўнік, метадычная служба ўстановы адукацыі дапамагае яму выбудаваць уласную траекторыю прафесійнага самаразвіцця.)

II. Практычная частка. Удзельнікам студыі прапануецца па наступных кейсах вызначыць, у якім квадраце знаходзіцца настаўнік, пра якога ідзе размова ў кожным з іх.

  1. Да настаўніка, які вярнуўся з курсаў павышэння кваліфікацыі, звяртаецца калега з просьбай расказаць аб новых тэндэнцыях у адукацыі. На што настаўнік адказвае, што абсалютна ўсё старое, нічога новага, нічога цікавага для сябе ён не знайшоў.
  2. Педагог запрашае вас на ўрок, каб прадэманстравац­ь, як яму здаецца, удалыя метады і прыёмы па фарміраванні вучэбнай матывацыі навучэнцаў. Вы адзначаеце захопленасц­ь педагога, але заўважаеце сур’ёзныя сістэмныя памылкі ў працы.
  3. У рамках падрыхтоўкі да педагагічнай нарады вы звяртаецеся да дасведчанага настаўніка з просьбай правесці вучэбны майстар-клас для эфектыўнага абмену вопытам. На што педагог адказвае, што яго веды — гэта яго інтэлектуальная ўласнасць.
  4. Для метадычнага весніка педагог прадставіў даволі пярэстую карціну метадычных распрацовак: гэта творчыя заданні, метадычныя сцэнарыі перавернутага ўрока французскіх майстэрань і выхаваўчых мерапрыемстваў, заданні для бесперапыннай алімпіяды па прадмеце.
  5. Педагог ужо не першы раз адмаўляецца прыняць удзел у рабоце МА. Вы вымушаны задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс. Настаўнік і на гэтае ваша рашэнне ніяк не адрэагаваў.
  6. Вызначаючы склад творчых груп для падрыхтоўкі і правядзення раённага МА, вы адзначаеце, што аднаго і таго ж педагога жадаюць бачыць у сваёй камандзе некалькі кіраўнікоў груп. Як гэта характарызуе “дэфіцытнага” настаўніка.
  7. Праглядаючы чарговы нумар “Настаўніцкай газеты”, вы адзначаеце для сябе разумны артыкул педагога вашай установы адукацыі па актуальнай праблеме педагагічнай практыкі. Вы прыемна здзіўлены, паколькі артыкул — асабістая ініцыятыва вашага настаўніка.
  8. Вы звяртаецеся да дасведчанага настаўніка з просьбай даць адкрыты ўрок для слухачоў ІРА. На што настаўнік вам заўважае, што для той прэміі, якую ён атрымаў у мінулым месяцы, гэта занадта вялікая просьба.

III. Падсумоўванне практычнай работы.

У ходзе дыскусіі былі зроблены наступныя высновы:

  • вялікая праблема — прафесійна “падгарэлыя” настаўнікі з чырвонага квадрата (кейсы 1, 3, 8);
  • у любым калектыве ёсць настаўнікі з фіялетавага квадрата (кейс 5), іх не так шмат, але яны ёсць;
  • вельмі важна заўважыць настаўнікаў з перспектыўнага блакітнага квадрата (кейсы 2 і 4);
  • на жаль, у зялёным квадраце, ідэальным для выбудоўвання паспяховай як гарызантальнай, так і вертыкальнай кар’еры, настаўнік можа знаходзіцца даволі кароткі час. Прымяненне адных і тых жа метадаў і прыёмаў работы, нават тых, якія гарантуюць якасць навучання, непазбежна прыводзяць да руціны, што паступова выцясняе цікавасць. Хуткія змены ў грамадскім жыцці непазбежна мяняюць вучня як аб’ект навучання. Таму настаўнік амаль кожны год сутыкаецца з незнаёмай сітуацыяй, для вырашэння якой яму не хапае прафесійных ведаў і ўменняў. У такіх умовах задача метадычнай службы заключаецца ў тым, каб набліжаць настаўнікаў і затрымліваць іх як мага даўжэй у зялёным квадраце.

Вопыт гімназіі № 5 Віцебска дазваляе зрабіць адназначны вывад, што толькі ў атмасферы абмену вопытам можна шукаць і знаходзіць новыя спосабы вырашэння старых праблем. Для гэтага на базе гімназіі і быў створаны рэсурсны цэнтр — своеасаблівая пляцоўка з прадуманым планам работы, з добрымі тэхнічнымі ўмовамі для арганізацыі і правядзення майстар-класаў настаўнікаў-метадыстаў гімназіі, настаўнікаў, якія рыхтуюцца для пацвярджэння кваліфікацыйнай катэгорыі ці атрымання больш высокай. На такіх майстар-класах настаўнік можа атрымаць аб’ектыўную зваротную сувязь на сваю работу ад настаўнікаў раёна, каб скарэкціраваць сваю дзейнасць, удзельнікам майстар-класа — запаліцца нейкай ідэяй, атрымаць дадатковы інструмент для кожнадзённай практычнай работы.

Карысная інфармацыя для спікера студыі.

Вельмі важна сачыць за тым, каб удзельнікі студыі не адхіляліся ад заяўленых ключавых паняццяў. Ёсць рызыка перакладвання праблемы на чужыя плечы. Настаўнікі прапаноўвалі вырашэнне гэтай праблемы аддаць псіхолагам. Тут трэба яшчэ раз звярнуць увагу ўдзельнікаў на зададзенае праблемнае поле ключавымі паняццямі. Абмеркаванне місіі псіхолага адцягвае ўвагу ад метадычнай работы педагогаў. І такой размовай мы ўводзім яшчэ адно паняцце — псіхалагічная служба, а гэтага не было заяўлена загадзя.

Вакол паняцця зоны камфорту можна разгарнуць дыскусію, прапанаваўшы ўдзельнікам наступныя меркаванні. Зона камфорту — частка жыццёвай прасторы, у якой чалавек адчувае сябе ўпэўнена і бяспечна. Іншымі словамі, зона камфорту — гэта стан псіхалагічнай абароненасці, які ўзнікае дзякуючы захаванню паслядоўнасці звыклых дзеянняў і атрымання запланаванага выніку.

Аднак такі камфорт бывае дастаткова зманлівым і небяспечным, бо чалавек спыняецца ў развіцці, церпіць нязручнасці і абмежаванні дзеля стабільнасці. Паняцце зоны камфорту выклікае дыскусію. Да гэтага трэба быць гатовым, каб аргументавана даказаць сваю педагагічную ідэю. Зона камфорту лічыцца негатыўным станам, які перашкаджае атрыманню чалавекам новага жыццёвага вопыту. І гэта тое новае, што мы прапануем прыняць педагогам для забеспячэння яго прафесійнага росту.

Невыпадкова мы выбралі для студыі праблему прафесійнага росту настаўніка. Для нашай гімназіі гэта натуральна, бо яна з’яўляецца школай-лабараторыяй вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі.

Галіна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
гімназіі № 5 Віцебска,
настаўнік-метадыст.