Рэгата талентаў

- 16:00Нам пішуць

Гэтым летам упершыню ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка быў адкрыты 9-дзённы аздараўленчы лагер “Рэгата талентаў” з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. 20 хлопчыкаў і дзяўчынак адправіліся ў захапляючае падарожжа на казачным караблі “Рэгата талентаў” на чале з капітанам Крукам (дырэктар лагера А.М.Уціна) і памочнікам капітана Зоркае Вока з верным сябрам папугаем Кешам (старшы выхавальнік В.М.Крывапуст).

“Мараходы” кожны дзень наведвалі новыя астравы, куды запрашаў іх папугай Кеша: Навукаландыя, Тэхналандыя, Патрыётландыя, Спартландыя, Колерландыя. Праграма лагера была насычана спартыўнымі, даследчымі, творчымі мерапрыемствамі, гульнямі, якія спрыялі актыўнаму адпачынку выхаванцаў. Вядома ж, гатовага рэцэпту карыснага адпачынку дзяцей летам не існуе. Але педагогі школы перакананы, што паразуменне і добры настрой — залог поспеху ў аздараўленні выхаванцаў.

А што думаюць бацькі пра работу такога лагера? Таццяна Бокша, мама Вадзіма і Алены, адзначыла: “У гэты лагер мае дзеці трапілі таму, што паўстала пытанне надзейнага нагляду за імі ў час, пакуль я на працы. Ужо ў першы дзень знаходжання ў лагеры дзеці з захапленнем расказвалі пра праведзены час. Я адразу ацаніла добразычлівасць выхавальнікаў лагера, іх высокі прафесіяналізм. Мае дзеці адпачылі выдатна. Лічу, што аздараўленне дзетак у фармаце такога адпачынку трэба працягваць і далей”.

Вікторыя КРЫВАПУСТ,
старшы выхавальнік аздараўленчага лагера сярэдняй школы № 5 Навагрудка.