Рэгістрацыя на ЦТ завяршаецца 1 чэрвеня ў Беларусі

- 11:23Абитуриент, Главная, Образование, Приложение

У краіне 1 чэрвеня заканчваецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Усяго задзейнічаны 41 пункт рэгістрацыі. Нагадаем, да 1 чэрвеня ўсе абітурыенты павінны ўнесці плату за прыём і афармленне дакументаў для атрымання допуску да здачы ЦТ. Завітаўшы на пункт рэгістрацыі ў БНТУ, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася, з чаго складаецца працэдура, пагутарыла з абітурыентамі і прадстаўнікамі ўніверсітэта.

У 8 корпусе БНТУ, дзе дзейнічае адзін з 13 сталічных пунктаў рэгістрацыі на ЦТ, папярэднія заяўкі падалі 5059 чалавек. Учора было вядома, што 4650 абітурыентаў унеслі плату, а 3341 з іх забраў свае пропускі. Заўважым, толькі пры атрыманні на рукі прапускных дакументаў працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершаным. Без пропуска на тэсціраванне не пус­цяць. І яшчэ адзін важны момант: на пропуску абавязкова павінна ста­яць пячатка ўстановы — пункта рэгістрацыі, подпіс упаўнаважа­нага прадстаўніка гэтага пункта і рэгістрацыйны нумар.

— На нашым пункце рэгістрацыя праходзіць у звычайным працоўным рэжыме, без чэрг і мітусні. Раніцай назіраецца некаторае зацішша, а вось пасля абеду абітурыенты актывізуюцца, — расказвае пра завяршальны этап рэгістрацыі на ЦТ Ганна Валянцінаўна Герасікава, начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі ІІФНіМА БНТУ. — Варта нагадаць, што за пропускам юнакам і дзяўчатам трэба прыходзіць з дакументам, які сведчыць асобу. А таксама не забыцца ўнесці плату праз сістэму “Разлік” (АРІП) на рахунак па ўліку пазабюджэтных сродкаў РІКВ у памеры 0,1 базавай велічыні (3,7 руб.) за адзін вучэбны прадмет. Абітурыенты-льготнікі, з якіх не бярэцца плата, не рэгіструюцца папярэдне, а асабіста падаюць заяву на атрыманне пропуску і забіраюць яго ў пункце рэгістрацыі, прад’явіўшы дакумент, які свед­чыць асобу, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць права на льготу, і іх ксеракопіі. Пад катэгорыю льготнікаў падпадаюць сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды і абітурыенты з мнагадзетных сем’яў (больш поўны пералік ільготнікаў размешчаны на сайце РІКВ). Тыя, хто не прайшоў папярэднюю рэгістрацыю анлайн, могуць зрабіць усё пры асабістым наведванні пункта рэгістрацыі.

Узначальвае топ-3 самых папулярных прадметаў, на якія зарэгістраваліся выпускнікі ў БНТУ, фізіка, на другім месцы — англійская мова, а завяршае тройку лі­дараў матэматыка.

— Я папярэдне зарэгістравалася на ЦТ яшчэ 18 мая, запоўніўшы электронную форму на сайце РІКВ. Адразу ўнесла патрэбную суму анлайн, — расказвае Марыя Раманоўская, выпускніца гімназіі № 39 Мінска, трымаючы ў руках пропуск на ЦТ па гісторыі Беларусі. — Ні­якіх цяжкасцей з рэгістрацыяй не ўзнікала. Праходзіць тэсціраванне па гісторыі Беларусі вырашыла ў БНТУ, бо тут ужо здавала два папярэднія цэнтралізаваныя экзамены па рускай мове і біялогіі, а таму ўсе арганізацыйныя моманты мне знаёмыя і зразумелыя. Паступаць збіраюся ў Інстытут псіхалогіі БДПУ.

Выпускніца ліцэя № 1 Мінска Таісія Літвінава плануе здаваць на ЦТ фізіку:

— Я буду паступаць у БДУІР, фізіку люблю і вывучаю з вялікай цікавасцю на курсах і з рэпетытарам, таму пакінула яе на ЦТ. Па матэматыцы бал хацелася падцягнуць — яе здавала ў выглядзе ЦЭ.

Яшчэ адзін абітурыент прыз­наўся, што плануе паступаць на факультэт маркетынгу, мене­дж­менту, прадпрымальніцтва ў БНТУ:

— Я зарэгістраваўся на ЦТ па матэматыцы, — гаворыць Павел Цвірко, выпускнік гімназіі № 24 Мінска. — У гімназіі мы вывучаем матэматыку на павышаным узроўні, гэта профільны прадмет. Да таго ж дадаткова наведваю курсы.

— Перажываеце, хвалюецеся? — цікаўлюся ў юнака.

— Не. Адчуваю сябе дастаткова ўпэўнена, асаблівых хваляванняў не адчуваю. Думаю, у дзень ЦТ, 20 чэрвеня, усё пройдзе добра.

Важна адзначыць, што ў абітурыентаў да заканчэння рэгістрацыі, гэта значыць да 19.00 1 чэрвеня, ёсць магчымасць абмяняць атрыманы пропуск на пропуск па іншым прадмеце.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара