Рэгіянальнае развіццё мае прынцыповае значэнне для эфектыўнага развіцця дзяржавы

Парламенцкі маніторынг за збліжэннем заканадаўстваў краін СНД неабходна ўзмацніць. Пра гэта на адкрыцці вясенняй сесіі Савета Рэспублікі заявіў яго старшыня Міхаіл Мясніковіч.

У красавіку пройдзе пасяджэнне Міжпарламенцкай асамблеі СНД, дзе плануецца разгледзець вынікі дзейнасці МПА за мінулы год. “Беларускай дэлегацыі, лічу, неабходна выступіць з прапановай аб узмацненні парламенцкага маніторынгу за збліжэннем заканадаўства дзяржаў — удзельніц СНД. У тым ліку шляхам імплементацыі распрацаваных асамблеяй мадэльных заканадаўчых актаў у нацыянальнае заканадаўства”, — сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

МПА СНД за 25 гадоў распрацавала больш за 300 мадэльных законаў, якія закранаюць практычна ўсе сферы грамадскіх адносін. На думку Міхаіла Мясніковіча, трэба прааналізаваць эфектыўнасць гэтай работы.

Кіраўнік верхняй палаты звярнуў увагу, што адкрыццё вясенняй сесіі парламента супала з асаблівым святам — Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. “Упэўнены, што палітычная воля, выкладзеная ў Дагаворы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, будзе ў поўным аб’ёме рэалізавана на карысць нашых народаў і краін”, — адзначыў ён.

Міхаіл Мясніковіч таксама назваў развіццё прамысловых тэрытарыяльных кластараў адказнай задачай, якую сумесна вырашаюць урад, мясцовыя ўлады і парламентарыі. “Актыўна ідзе работа па аршанскім кластары. Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне па Баранавічах і Баранавіцкім раёне. Будуць і іншыя праекты. Лічу, што гэта будзе рэальнай кропкай росту новай эканомікі”, — падкрэсліў ён.

У Беларусі 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. “Рэгіянальнае развіццё мае прынцыповае значэнне для эфектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы. Задача Савета Рэспублікі — мабілізаваць сілы на тое, каб кожны населены пункт быў добраўпарадкаваны, людзі жылі на дастойным узроўні”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Кіраўнік верхняй палаты парламента выказаў упэўненасць, што ў новых рэаліях неабходна павышаць і ролю мясцовых Саветаў дэпутатаў, і іх адказнасць за ажыццяўленне правоў і абавязкаў, якімі яны надзелены. У лютым гэтага года адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў склад цяперашняга дэпутацкага корпуса ўвайшлі дастойныя, актыўныя і неабыякавыя людзі, якія ведаюць чаканні сваіх выбаршчыкаў і здольны эфектыўна арганізаваць работу. “А галоўнае — яны ўмеюць працаваць з людзьмі — гэта рэальны кадравы рэзерв нашай дзяржавы”, — рэзюмаваў ён.