Рэгуляванне інфармацыйнай прасторы з’яўляецца сусветнай практыкай

Законапраект аб СМІ, які абмяркоўваецца, заснаваны на сусветным вопыце. На гэта звярнуў увагу міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч у інтэрв’ю газеце “СБ. Беларусь сегодня”.

Заканадаўчае рэгуляванне інфармацыйнай прасторы ў цэлым з’яўляецца сусветнай практыкай, падкрэсліў міністр. Так, у Вялікабрытаніі за парушэнне журналісцкай этыкі па такіх паняццях, як “дакладнасць апублікаванай інфармацыі” (уключаючы інфармацыю, апублікаваную на інтэрнэт-рэсурсах), “паважанне прыватнага жыцця” і “публікацыя персанальных даных аб здароўі або лячэнні тых ці іншых грамадзян”, устаноўлены вялікія штрафныя санкцыі. Многія правапарушэнні, што ўчыняюцца ў інтэрнэце, уключаны ў Крымінальны кодэкс.

У Германіі ў заканадаўстве таксама змешчаны нормы, якія рэгулююць пытанні адказнасці ўладальнікаў сайтаў за процізаконны кантэнт. З 1 сту-дзеня 2018 года там уступіў у сілу закон аб мерах адносна сацыяльных сетак. Цяпер сацсеткі абавязаны больш аператыўна апрацоўваць скаргі на апублікаваны кантэнт, ліквідаваць парушаючыя заканадаўства запісы і каментарыі. Аператары сацыяльных сетак, якія ігнаруюць гэтыя патрабаванні, могуць быць аштрафаваны на 5 млн еўра.

У Францыі ўжо сем гадоў дзейнічае закон аб інтэрнэце, накіраваны на захаванне ўнутранай бяспекі краіны. Ён прадугледжвае абавязковую фільтрацыю сеткі для спынення распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі, а таксама неадкладнае блакіраванне рэсурсаў па прадстаўленні МУС Францыі (без неабходнасці прадстаўлення судовага рашэння). Ужо ў гэтым годзе Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прапанаваў перагледзець заканадаўства адносна сродкаў масавай інфармацыі з мэтай барацьбы з фэйкавымі навінамі і заявіў аб неабходнасці ўзмацніць кантроль над распаўсюджваннем ілжэнавін у сацыяльных сетках.

“Кожная краіна выбірае і рэалізуе найбольш аптымальны варыянт кантролю за інтэрнэтам зыходзячы са сваіх асаблівасцей развіцця”, — адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.

“Законапраект, які абмяркоўваецца цяпер, заснаваны на сусветным вопыце. Ён абяцае роўныя ўмовы работы для ўсіх журналістаў. Забяспечыць адказнасць уладальнікаў парталаў і сайтаў за любую інфармацыю, размешчаную ў сетцы. Замест гуляйполя зласлоўя мы атрымаем камфортнае інтэрнэт-асяроддзе, абароненае законам, што зробіць наведванне сеткі больш зручным, а знаходжанне там нашых дзяцей больш бяспечным”, — рэзюмаваў міністр.

“Немалая частка новаўвядзенняў прысвечана абароне дзяцей ад негатыўнага ўплыву інтэрнэту і незаконнага распаўсюджвання іх асабістых даных. Асобна прапісана забарона інфармацыі, якая прапагандуе самазабойства і схіляе да яго”, — расказаў ён.