Рэха “Пасвят”

- 15:03Нам пішуць

Снежань — незвычайны месяц для калектыву вучняў і настаўнікаў Ладзеніцкай базавай школы. Асаблівым ён з’яўляецца па той прычыне, што менавіта ў снежні кожны год традыцыйна для першакласнікаў праводзіцца абрад ініцыяцый “Пасвяты”.

Вось і сёлета гэтую падзею адсвяткавалі дзесяць першакласнікаў са сваёй першай настаўніцай Ірынай Міхайлаўнай Пікта. Гэта першыя ўрачыстасці ў школьным жыцці дзяцей, пасля якіх яны лічацца сапраўднымі школьнікамі. Абрад ініцыяцый складаўся з трох аддзяленняў: літаратурна-музычнай кампазіцыі “Сем цудаў маёй вёскі”, урока-выпрабавання “Залацінкі народнай мудрасці”, на якім першакласнікі дэманстравалі свае веды, уменні і навыкі за чатыры месяцы наведвання школы, і вялікай канцэртнай праграмы-віншавання ў іх гонар, якую рыхтавалі ўсе вучнёўскія і мастацкія калектывы школы.

Сёлета першакласнікі вельмі адказна і сур’ёзна падышлі да падрыхтоўкі справаздачы перад гасцямі, настаўнікамі, бацькамі і старэйшымі вучнямі. Кожны змог паказаць свае здольнасці і ўменні, набытыя за такі кароткі час. На сцэне дзеці з хваляваннем чыталі вершы на роднай мове, прамаўлялі скорагаворкі, адгадвалі загадкі, гулялі ў народныя гульні, пазнаёміліся з цудамі роднай вёскі Ладзенікі.

Нас, гледачоў, першакласнікі здзівілі сваёй непасрэднасцю, смеласцю і артыстызмам падчас выканання задання па напаўненні чароўнага куфэрка творамі беларускага фальклору. Яны выдатна справіліся з усімі выпрабаваннямі, каб быць сапраўднымі маленькімі беларусамі.

Пасля свайго выступлення першакласнікі занялі ганаровыя месцы ў зале ў чаканні самага жаданага моманту для іх — канцэрта-віншавання. Эстафету “Хто людзям жадае дабра, тое ж сам атрымае” пачалі іх бацькі і меншыя таварышы — дашкольнікі. Затым гаспадароў свята па чарзе павіншавалі вучні 2—9 класаў, якія падрыхтавалі для сваіх малодшых сяброў вершы, песні, міні-спектаклі, вітанні-зычанні, а таксама цацкі, настольныя гульні, кнігі, мячы. Завяршылі эстафету-віншаванне дзіцячы фальклорны калектыў “Забаўлянка” і вакальны гурт настаўнікаў “Ладзея”, якія падарылі першакласнікам свае музычныя кампазіцыі і салодкія пачастункі.

Свята ўдалося! Прыемна было бачыць радасныя і задаволеныя твары дзяцей, якія разглядалі шматлікія падарункі. Няхай свецяцца заўсёды шчасцем іх вочы! Няхай у іх жыцці будзе больш такіх момантаў!

Ірына ТАЛКАЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.