Рэха вайны

Вялікая Айчынная вайна для нашых дзяцей — далёкая гісторыя. І калі мы, унукі і праўнукі тых, хто ваяваў, не перададзім сваім дзецям сведчанне мінулых гадоў, то сувязь часоў, сямейная нітка абарвецца. Пачынаць рабіць гэта трэба як мага раней. 40 навучэнцаў нашай установы, выхаванцаў аздараўленчага лагера “Вясёлая вёсачка” і лагера працы і адпачынку “РЫТМ” сталі ўдзельнікамі экскурсіі “Рэха Вялікай Айчыннай вайны”. Экскурсія пачалася з наведвання мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

Сустрэла экскурсантаў скульптура Няскоранага чалавека. Гэтая скульптура мае свой правобраз і гісторыю, якую вучні слухалі ў цішыні. І толькі званы кожныя дзве хвіліны нагадвалі пра страшную трагедыю. Далей дзеці прайшлі да Могілак вёсак (адзінае месца ў свеце, куды прывезена зямля са 186 спаленых вёсак) і Сцяны смерці, дзе занатаваны імёны ахвяр фашысцкіх лагераў і турмаў.

Потым экскурсанты наведалі Курган славы, змаглі падняцца на яго вяршыню, акінуць вокам ваколіцы Мінска. Хлопчыкаў зацікавіла ваенная тэхніка. Яны маглі ўласнымі рукамі дакрануцца да гісторыі. Завяршылася экскурсія наведваннем мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”, які размешчаны на месцы гітлераўскага канцэнтрацыйнага лагера.

Шмат уражанняў прывезлі дзеці дадому. І смутак, і жаль, і страх, і надзея, што больш такое не паўторыцца. Яшчэ доўгі час у сэрцах будуць жыць напаміны пра пакуты, праз якія давялося прайсці ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Веданне гісторыі дазволіць пазбегнуць паўтарэння памылак мінулага. Менавіта таму так важна наведваць падобныя комплексы, слухаць апавяданні экскурсаводаў, шанаваць памяць загінулых.

Ірына РАДЗЮК,
дырэктар лагера працы і адпачку “РЫТМ”
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.