Рэкі пад наглядам

- 11:13Адукацыйная прастора

Днямі ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі прайшоў “водны” фестываль. Яго ўдзельнікамі сталі ў тым ліку 66 педагогаў з усёй краіны, аб’яднаных праграмай “Назіранне за рэкамі”. У межах фэсту прайшло ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак заняткаў па праграме аб’яднання па інтарэсах “Назіранне за рэкамі” і майстар-класы пераможцаў.

“Водны” фэст

Адкрываючы фестываль, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце МГІРА Аксана Талкачова сказала: “Тое, што так шматлюдна ў нас сёння, гаворыць аб тым, што праблемы і пытанні, вынесеныя на абмеркаванне, значныя і актуальныя не проста для грамадства, для Рэспублікі Беларусь, але і для кожнага з вас асабіста. Мы не першы год супрацоўнічаем з Цэнтрам экалагічных рашэнняў, усе яго праекты, усе ідэі заўсёды вельмі творчыя, таму партнёры з устаноў адукацыі краіны вельмі актыўна далучаюцца да іх рэалізацыі”.

Жанна Дварэцкая, метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, член экспертнай групы па ацэнцы конкурсных метадычных распрацовак, у сваім выступленні адзначыла: “Дзякуючы ініцыятывам Цэнтра экалагічных рашэнняў, мы разам з нашымі ўстановамі дадатковай адукацыі, школамі ўжо больш за 10 гадоў знаходзімся ў эпіцэнтры экалагічных падзей. Педагогі не толькі падключаюцца да прапанаваных цікавых праектаў, але і натхняюцца на свае ўласныя. Вашы сённяшнія распрацоўкі заняткаў — яскравае таму пацвярджэнне. У многім гэта магчыма дзякуючы сур’ёзнай метадычнай дапамозе, якую мы атрымліваем на падобных мерапрыемствах. І на гэтым фестывалі, у гэтым конкурсе не будзе пераможаных: мы ўсе пераможцы. Але перамога наша ў тым, што мы расцём, развіваемся, перамагаем старыя звычкі і прымаем новае з экалагічнай афарбоўкай, з экалагічным рашэннем”.

Звязаныя рачной сеткай

Пра рэалізацыю праграмы “Назіранне за рэкамі” ў Беларусі і актуальнасць яе для іншых краін свету расказала прысутным, у тым ліку і новым яе ўдзельнікам, Наталля Парэчына, каардынатар праектаў ЦЭР: “У мяне часта пытаюцца, чаму замежным донарам цікава фінансаваць нашы праекты ў Беларусі? (Гэты, напрыклад, фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці). Вы ж біёлагі, географы, хімікі, таму цудоўна разумееце, што экалагічныя праблемы не ведаюць межаў. І не важна, у якой краіне вы жывяце: калі рака звязвае 2—3 дзяржавы, то праблемы каля яе вытокаў будуць адгукацца праблемамі тых людзей, якія жывуць у яе вусці.

Так, самы значны ў гэтым кірунку праект “Назіранне за рэкамі” стартаваў у Беларусі ў 2006 годзе з 18-ці школ Шуміліншчыны і настаўніц Ірыны Уладзіміраўны Куліковай і Марыны Ягораўны Аляксеенка. Сёння ж праект аб’ядноўвае ўжо 48 школьных экалагічных клубаў.

Праходзіць праграма пры падтрымцы кааліцыі “Чыстая Балтыка” (Хельсінкі), якая аб’ядноўвае 29 арганізацый з 9 краін з басейна Балтыйскага мора і ставіць сваёй мэтай ахову і паляпшэнне прыроднага асяроддзя Балтыйскага мора. Гэтае мора — адно з самых забруджаных у свеце. “Спрыяюць” гэтаму і 85 мільёнаў людзей, якія жывуць на яго берагах, і брудныя рэкі, якія ў яго ўпадаюць. Штодзень Балтыйскае мора прымае сотні тысяч тон біягенаў, тысячы тон цяжкіх металаў, а таксама іншыя таксічныя рэчывы з прамысловасці муніцыпалітэтаў, сельскай гаспадаркі і транспарту. Хаця, здавалася б, Беларусь далёка ад Балтыйскага берага, але нашы Заходняя Дзвіна, Заходні Буг і Нёман упадаюць у Балтыйскае мора, таму мы таксама можам і павінны пастарацца палепшыць яго экалогічны стан”.

Задача адна — рашэнні розныя

Асабліва актыўна ў гэтым кірунку працуюць школы Шумілінскага, Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебшчыны, Барысаўскага, Вілейскага і Мядзельскага раёнаў Міншчыны, а таксама Лідскага, Ашмянскага, Мастоўскага і Ваўкавскага раёнаў Гродзеншчыны. Адны спецыялізуюцца на правядзенні сваіх тэматычных школьных летнікаў, другія — на сплавах па рацэ, але іх звёў фестываль “Жывая вада”, які пачынаўся спачатку як раённы, а цяпер аб’яднаў 4 вобласці краіны. На Вілейскім вадасховішчы праводзіўся і міжнародны лагер для педагогаў з Беларусі, Расіі і Украіны, якія працуюць па праграме “Назіранне за рэкамі”.

Пра вопыт сваёй школы і іншых у раёне, пра патэнцыял і магчымасці выкарыстання праграмы аб’яднання па інтарэсах “Назіранне за рэкамі” ва ўстановах адукацыі расказала намеснік дырэктара Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната І.У.Кулікова.

Выяўленнем нітратаў у пітной вадзе захапіліся педагогі ўсёй краіны, правёўшы амаль 4 тысячы праверак і атрымаўшы сумныя вынікі: вада многіх калодзежаў з-за высокага ўтрымання нітратаў непрыгодная для піцця, але шмат дзе былі выпрацаваны рэкамендацыі для сельскіх гаспадарак, якія сталі прычынай забруджвання грунтовых вод. Гэтак жа актыўна педагогі заахвочвалі сваіх навучэнцаў пашыць сабе экасумкі, каб зменшыць утрыманне пакетаў на звалках, ладзіліся экскурсіі на ачысныя збудаванні.

Маштабна праходзілі антыфасфатныя кампаніі “10 крокаў да чыстых рэк” ў 2014 і ў 2019 гадах. Іх сутнасць заключалася ў вывучэнні складу мыйных і касметычных сродкаў на прылаўках магазінаў на прадмет утрымання фасфатаў, якія, трапляючы з вадой з ванны ў вадаёмы, выклікаюць іх цвіценне, а цвіценне ў сваю чаргу — гібель жывых арганізмаў. Падчас першай кампаніі амаль кожны цюбік, пачак ці бутэлька ў аддзелах бытавой хіміі і касметыкі ўтрымлівалі фасфаты, таму ва ўсіх магазінах дзеці і пакупнікам, і прадаўцам тлумачылі іх шкоду і ў кнігах прапаноў пакідалі свае пажаданні пашырыць асартымент бесфасфатных мыйных сродкаў. Вынік той кампаніі яны атрымалі ў 2019 го­дзе, паўтарыўшы свой даследчы дэсант і высветліўшы, што цяпер выбар бесфасфатных сродкаў вельмі шырокі.

Адзін з кірункаў кааліцыі — развіццё ўстойлівай рыбнай гаспадаркі, у першую чаргу — абарона дзікага балтыйскага ласося. У гэтым кірунку (інфармацыйная работа з насельніцтвам, забеспячэнне чысціні рэк і ахова рыбін ад браканьераў і інш.) у нас пра­цуюць толькі педагогі школ Астравецкага раёна, бо з усёй Беларусі толькі ў прытокі іх Віліі прыходзіць ласось на нераст.

Майстар-класы ад пераможцаў

Кульмінацыяй фестывалю стала падвя­дзенне вынікаў конкурсу метадычных распрацовак заняткаў па праграме аб’яднанняў па інтарэсах “Назіранне за рэкамі”.

Арганізацыю і метадычнае суправа­джэнне конкурсу на сябе ўзялі Гродзен­скі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі і Цэнтр экалагічных рашэнняў. Навуковае суправаджэнне аказалі спецыялісты біялагічнага факультэта БДУ. Мэтай арганізатараў конкурсу стала папулярызацыя гэтай праграмы сярод устаноў адукацыі Беларусі і стымуляванне творчых пошукаў выкладчыкаў у галіне сучасных педагагічных тэхналогій і інавацыйнай дзейнасці.

З 66 работ былі вызначаны 4 пераможцы — па адным у кожнай з 4 намінацый. Так, у намінацыі “Тэарэтычныя заняткі” найлепшай работай, па меркаванні экспертаў, сталі заняткі К.Г.Малолавай, настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 2 Чавусаў, якая засяро­дзілася на праблеме мікрапластыку ў акіянах і рэках.

Свае заняткі яна правяла і для ўдзельнікаў фестывалю, якія сыгралі ролю яе вучняў. Кацярына Генадзьеўна расказала і паказала на слайдах, што такое мікрапластык, адкуль ён бярэцца, якую шкоду наносіць жывёлам і птушкам і як так атрымалася, што адходы з пластыку занялі ў Ціхім акіяне плошчу больш за мільён квадратных кіламетраў. З дапамогай інтэрактыўных прыёмаў настаўніца і яе “вучні” абмеркавалі маштабы забруджвання мікрапластыкам беларускіх рэк, азёр, вада­сховішчаў, падзяліліся сваім вопытам клопату пра прыбярэжныя зоны і выпрацавалі правілы карыстальнікаў. Бо менавіта ад таго, што мы купляем у магазінах, залежыць якасць вод у вадаёмах.

У намінацыі “Практычныя заняткі” не знайшлося роўных майстэрству Ірыны Анатольеўны Палагоўскай, настаўніцы хіміі і біялогіі Забалоцкай сярэдняй школы Талачынскага раёна. За адзін урок яна навучыла сваіх 8-класнікаў (а падчас фестывальнага майстар-класа — і калег) вызначаць фізічныя паказчыкі рачной вады (празрыстасць, тэмпературу і колернасць), аналізаваць іх і на аснове атрыманых даных рабіць экалагічную ацэнку стану ракі.

Лепшай у намінацыі “Экскурсіі” стала экскурсія па малых рэках Ушаччыны “Празрыстыя воды ракі Дзіва” Таццяны Ліленка, настаўніцы біялогіі Арэхаўскай сярэдняй школы імя Н.Л.Касцючэнка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Фішка гэтай экскурсіі — інтэрактыўнасць, насычанасць цікавымі практычнымі заняткамі і ўключанасць у тэматычнае падарожжа дзяцей.

Самыя цікавыя распрацоўкі былі ў намінацыі “Абагульняючыя заняткі”. Гэта гульні, КВІЗы, КВЗ, “Што? Дзе? Калі?” і інш. Пераможцай стала Ірына Леанідаўна Касцечка, метадыст Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна, са сваім экаквізам “Вадаёмы гідрасферы”. “Перавага гэтай гульні ў тым, што ўсе пытанні тычыліся не, скажам, трапічных лясоў Амазонкі, а выключна Беларусі: фізічныя і хімічныя паказчыкі водных рэсурсаў нашай краіны, найбуйнейшыя забруджванні, галоўныя праблемы экалагічнага стану краіны, яе гісторыя і нават культура. Гэта бяда старэйшага пакалення — у школе мы больш звярталі ўвагу на флору і фаўну ўсяго свету, замест прыроднага свету роднай краіны”, — аргументуе адназначны выбар экспертаў на карысць гэтай работы Наталля Парэчына.

Майстар-класы пераможцаў натхнілі ўдзель­нікаў фестывалю на ўласныя распрацоўкі, свае міні-даследаванні. Для гэтага педагогі з 8 раёнаў атрымалі ў падарунак чамаданчыкі з тэст-наборам для вызначэння біягенаў (нітраты, нітрыты, фасфаты), жорст­касці, кіслотнасці і інш. — усяго з іх дапамогай можна зрабіць каля 200 аналізаў на ва­дзе. Карыстацца імі змогуць усе жадаючыя педагогі раёнаў. Так што ў будучыні можна чакаць новыя вынікі дзіцячых даследаванняў.

Абгрунтоўваючы неабходнасць экалагічных праектаў у адукацыі, Наталля Парэчына зазначыла: “Усе дзеці з маленства павінны вывучаць экалогію, а потым ужо — усё астатняе. Экалагічныя праблемы ўплываюць і на нас з вамі, і на навакольнае асяроддзе. І калі мы не будзем звяртаць на іх увагі, усе праблемы нам адгукнуцца. Таму давайце з маленства, з дзіцячых садкоў пачынаць экалагічнае асветніцтва, каб нашы нашчадкі былі дасведчанымі і адказнымі, а не такімі, як мы і папярэднія пакаленні. Мы павінны памятаць, што чалавек — не цар прыроды, а маленькая яе часцінка”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і ўдзельнікаў праграмы.