Разнастайнасць метадычных прыёмаў, якімі карыстаюцца сучасныя школьныя настаўнікі, сапраўды ўражвае. У гэтым маглі яшчэ раз упэўніцца члены журы і ўдзельнікі сёлетняга гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”.
Прадстаўленне запатрабаваных сталічнымі настаўнікамі хіміі і біялогіі метадаў і прыёмаў прайшло ў чатырох установах адукацыі Мінска ў рамках першага туру конкурсу ў намінацыі “Звычайны цуд”. Кожны з удзельнікаў меў 10 хвілін, каб паказаць у дзеянні ўпадабаную тэхналогію.
Mind Map
Кацярына Уладзіміраўна Будзько, настаўніца хіміі сталічнай сярэдняй школы № 197, прадставіла на конкурсе прыём Mind Map (інтэлект-карта), які шырока выкарыстоўвае ў сваёй прафесійнай дзейнасці. “Гэты прыём знайшоў прызнанне ва ўсім свеце як эфектыўны сродак работы з новай інфармацыяй. Ён не толькі дазваляе сістэматызаваць паняцці школьнікаў, але і стымуляваць іх мысліцельны працэс. Mind Map пераўтварае паток інфармацыі ў яркую запамінальную дыяграму. У цэнтры знаходзіцца аб’ект, вобраз ці паняцце, а вакол яго промні — асацыяцыі. Схема атрымліваецца дрэвападобнай. Галоўныя галіны гэтага дрэва злучаюцца са ствалом — цэнтральнай ідэяй, галіны другога-трэцяга парадку — з галоўнымі. Кожная галіна мае свой колер. Чым далей ад ствала, тым танчэйшыя галіны. Такі просты спосаб візуалізацыі інфармацыі дазваляе адлюстраваць ход думак у правільным парадку. Чым танчэйшы ўчастак галіны, тым свяжэйшымі з’яўляюцца размешчаныя на ім думкі ў адносінах да цэнтральнай ідэі. На кожнай галіне пішацца толькі адно ключавое слова. Mind Map рэкамендуюць маляваць ад цэнтра, паколькі гэта не абмяжоўвае ўяўленне навучэнцаў. Стваральнік гэтага прыёму Тоні Б’юзэн рэкамендуе выкарыстоўваць карцінкі ці вобразы. Я ж лічу, што такі дакладны і складаны прадмет, як хімія, усё ж больш патрабуе формул, паняццяў, азначэнняў”.
У чым жа, на думку настаўніцы, перавага гэтага прыёму ў параўнанні з іншымі прыёмамі работы з інфармацыяй? У лёгкасці запамінання, канцэнтрацыі ўвагі навучэнца на важных момантах, эканоміі 50 працэнтаў часу на складанне ўрочнага канспекта. Прапанаваны прыём можна выкарыстоўваць на розных тыпах і этапах урока, незалежна ад таго, будзе гэта вывучэнне новага матэрыялу ці замацаванне старога.
“Я пераканана, што Mind Map дазваляе павысіць якасць ведаў не толькі навучэнцаў, але і настаўнікаў, развіць іх творчыя здольнасці і камунікатыўныя кампетэнцыі. Таксама з дапамогай гэтага прыёму можна пратэсціраваць веды навучэнцаў”, — сказала Кацярына Будзько.
Шэсць капелюшоў
Настаўніца хіміі і біялогіі Таццяна Сцяпанаўна Юдчыц з сярэдняй школы № 32 Мінска, прапанавала сваім калегам метад шасці капелюшоў мыслення.
“Сацыяльны заказ сучаснай адукацыі — чалавек, здольны да самавыхавання, самаразвіцця і самааналізу. Вось чаму сёння я рэкламую адзін з прыёмаў правядзення рэфлексіі, які адносіцца да глыбокага яе праяўлення, — “Шэс ць капелюшоў”. На сёння гэты прыём узялі на ўзбраенне такія знакамітыя кампаніі, як British Airways, Mary Key і інш. Ён дапамагае развіваць крэатыўнае мысленне, садзейнічае творчаму развіццю асобы і ўзбагачае слоўнікавы запас. Падчас урока я раздаю дзецям карткі шасці розных колераў, часам дазваляю ім самім выбраць колер”, — расказала Таццяна Сцяпанаўна. Настаўніца правяла з аўдыторыяй рэфлексію на тэму “Што такое настаўнік”, адначасова патлумачыўшы, як працуюць яе навучэнцы з карткамі. Кожны з шасці рэжымаў мыслення суаднесены з адным з шасці каляровых капелюшоў: белы капялюш нейтральны, ён адлюстроўвае толькі факты, жоўты — пазітыўны, стымулюе пошук станоўчых аргументаў, чорны, наадварот, паказвае негатыўны бок праблемы, чырвоны — эмацыянальныя перажыванні і інтуітыўныя рэакцыі, сіні капялюш ацэначны, ён адлюстроўвае ацэначнае меркаванне, зялёны вызначае крэатыўныя рашэнні праблемы.
“Прыём “Шэсць капелюшоў” з’яўляецца ўніверсальным і падыходзіць для любога прадмета, можа выкарыстоўвацца на любым этапе ўрока. Я рэкамендую яго яшчэ і таму, што ён дапамагае развіццю мыслення дзяцей, таму што на самай справе рэфлексію на занятках праводзяць не толькі тыя, каму я раздаю карткі, але ў думках і ўсе іншыя”, — адзначыла Таццяна Юдчыц.
Лагічны ланцужок
Алена Мікалаеўна Жданок, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 217 Мінска, прадставіла на суд журы метад лагічнага ланцужка. “Мы павінны развіваць у дзяцей крытычнае мысленне, памяць, уменне лагічна мысліць. Лепш за ўсё, на маю думку, з гэтай задачай спраўляецца прыём “Лагічны ланцужок”. Ён дапамагае запомніць і асэнсаваць вялікі аб’ём матэрыялу, садзейнічае фарміраванню моўнай культуры, развівае памяць, успрыманне, уяўленне і лагічнае мысленне, фарміруе разумовыя аперацыі, дапамагае паўтарыць вялікі аб’ём матэрыялу пры абагульненні, скарачае колькасць часу на праверку дамашняга задання, павышае цікавасць да прадмета, выкарыстоўваецца падчас выканання заданняў цэнтралізаванага тэсціравання. Напрыклад, я запазычыла ідэю папулярнай тэлеперадачы канала ТНТ “Дзе логіка?”. У аснову ідэі я паклала прыём “Лагічны ланцужок”, — патлумачыла Алена Мікалаеўна.
Такім чынам, як паказала настаўніца, у некалькіх малюнках можна зашыфраваць тэму ўрока, каб дзеці паступова, падключаючы логіку, адгадвалі яе.
“Складана ўявіць вывучэнне біялогіі без наяўнасці ілюстрацыйнага матэрыялу. Менавіта ён дапамагае зрабіць аб’екты яркімі і вобразнымі. На этапе вывучэння новага матэрыялу пры пярвічнай праверцы яго засваення я таксама рэкамендую прымяняць прыём “Лагічны ланцужок”. Напрыклад, прашу дзяцей знайсці і ўставіць звяно, якого не хапае. На этапе замацавання новага матэрыялу можна будаваць лагічныя ланцужкі “Выберы лішняе”, ланцужковыя задачы, якія фарміруюць крытычнае мысленне навучэнца”, — працягвала настаўніца.
Хімічныя шашкі
Юлія Дзмітрыеўна Сташкевіч, настаўніца хіміі гімназіі № 40, прапаноўвае пагуляць з навучэнцамі ў хімічныя шашкі. “Не сакрэт, што з-за складанасці хімічнага матэрыялу, багацця формул і ўраўненняў гэты вучэбны прадмет у рэйтынгу навучэнцаў займае далёка не першае месца. Галоўная задача настаўніка — павысіць матывацыю дзяцей да вывучэння гэтага прадмета. Адным з прыёмаў, якія тут дапамагаюць, з’яўляецца дыдактычная гульня. Яна садзейнічае таму, што мы, настаўнікі, супрацоўнічаем з навучэнцамі, не з прадметам ідзём да іх, а з навучэнцамі да прадмета.
На этапе замацавання матэрыялу я прымяняю любімы і мной, і вучнямі метадычны прыём “Хімічныя шашкі”. У 8 класе ён добра працуе падчас вывучэння тэмы “Электраліты” і пры рашэнні хімічных задач, у 9 класе — пры вывучэнні раздзела “Неметалы” (напрыклад, вывучаючы хімічныя ўласцівасці сернай кіслаты), у 10 класе таксама вельмі паважаюць дыдактычныя гульні, напрыклад, падчас вывучэння тэмы “Узаемасувязь паміж класамі арганічных злучэнняў”, — расказала Юлія Дзмітрыеўна.
Настаўніца прадэманстравала прыём “Хімічныя шашкі” на прыкладзе замацавання тэмы ў 7 класе “Узаемасувязь паміж класамі неарганічных злучэнняў”, падзяліўшы імправізаваны клас на дзве каманды і даўшы заданне знайсці на гульнявым полі найбольшую колькасць хімічных рэакцый.
“Гульня развівае творчыя і маўленчыя здольнасці навучэнцаў, іх мысленне, падштурхоўвае да творчага працэсу”, — падсумавала Юлія Дзмітрыеўна.
Адтэрмінаваная адгадка
Настаўніца хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 141 Мінска Нінель Анатольеўна Ялоўская прапанавала прыём, які дапамагае пазбавіцца сумнага і аднастайнага пачатку ўрока, падштурхоўвае вучняў да нетыповых разважанняў. Гэты прыём называецца “Адтэрмінаваная адгадка”. На сваіх уроках педагог стварае нестандартныя сітуацыі, выйсце з якіх прапаноўвае знайсці навучэнцам, выкарыстоўваючы разнастайныя падказкі. Напрыклад, падчас пошуку дзецьмі тэмы ўрока настаўніца паказвае некалькі аб’ектаў, прапаноўваючы прааналізаваць, што яны сабой уяўляюць, знайсці паміж імі агульнае і пастарацца вызначыцца з тэмай урока.
Зігзаг
Алена Віктараўна Макаранка, выкладчыца біялогіі Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, прадстаўляла прыём “Зігзаг”, які дапамагае палепшыць паспяховасць у навучанні тады, калі на вывучэнне той ці іншай тэмы ўрока выдзелена недастатковая колькасць гадзін. Гэты прыём дазваляе, па-першае, вар’іраваць, дэтальна і ў кароткі тэрмін вывучаць вялікі аб’ём матэрыялу, па-другое, актывізаваць работу навучэнцаў. Такім чынам, не педагог дае гатовыя заданні, а самі навучэнцы іх вызначаюць. Па-трэцяе, прыём “Зігзаг” развівае ўменне сістэматызаваць, аналізаваць, вылучаць галоўнае, па-чацвёртае, дазваляе працаваць у групах, дзе кожны навучэнец не пасіўны глядач, а актыўны ўдзельнік. І, нарэшце, на аснове гэтага прыёму можна выкарыстоўваць іншыя прыёмы развіцця крытычнага мыслення.
На практыцы гэта выглядае так: тэкст параграфа дзеліцца на некалькі частак, клас таксама дзеліцца на некалькі груп, кожная з якіх атрымлівае адзін і той жа тэкст. Прычым кожны ўдзельнік рабочай групы атрымлівае па адным урыўку з тэксту. Затым праводзіцца індывідуальная работа з тэкстам, пасля — групавая (навучэнцы пераходзяць да сваіх “калег”). Навучэнцы аб’ядноўваюцца ў экспертныя групы, і пачынаецца этап абмеркавання вывучанага. Пасля гэтага дзеці вяртаюцца ў свае першапачатковыя працоўныя групы, і пачынаецца этап разважання. Кожны па чарзе прэзентуе сваю частку тэксту. Завяршаецца “Зігзаг” агульнай працай усяго класа. Кожную частку тэксту прадстаўляе адзін з экспертаў па гэтым пытанні. Астатнія дапаўняюць “калегу”.
Кветка пытанняў
Настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 192 Мінска Іна Віктараўна Чаравака мадэрнізавала прыём “Рамонак Блума” і атрымала “Кветку пытанняў”, дзе пытанні на пялёстках вызначаюцца ў адпаведнасці з пяццю ўзроўнямі вучэбнай дзейнасці: даведвайся, называй, тлумач, даказвай, прымяняй. Гэта ўніверсальны прыём. Ён можа выкарыстоўвацца на любых прадметах, на розных этапах урока, у любым класе — ад пачатковых да старшых.
Фішбоўн
Алеся Генадзьеўна Юркевіч, настаўніца геаграфіі і біялогіі сярэдняй школы № 66 Мінска, пераканала журы і гледачоў, што самы эфектыўны спасаб працы з інфармацыяй, фарміравання ў навучэнцаў умення ставіць і вырашаць тыя ці іншыя задачы, — прадстаўленне гэтай інфармацыі ў наглядна-змястоўнай форме. Тут дапамагае прыём “Фішбоўн” (яшчэ адна назва прыёму “Дыяграма Ісікавы”), назва якога з англійскай перакладаецца як “шкілет рыбы”.
“У аснове “Фішбоўна” — схематычная дыяграма ў форме шкілета рыбы, — расказвае Алеся Генадзьеўна. — Галава рыбы — праблема; верхнія косці — паняцці, прычыны; ніжнія — факты, якія раскрываюць прычыны і сутнасць паняццяў, хвост — адказ на пастаўленае пытанне, высновы, абагульненні. Навучэнцы самі запаўняюць шкілет, пакуль не атрымаецца цэлая рыба. У залежнасці ад узроставай катэгорыі навучэнцаў, жадання і фантазіі настаўніка схема можа мець гарызантальны або вертыкальны выгляд”. Такая схема можа быць выкарыстана ў якасці асобнага прыёму для аналізу якой-небудзь сітуацыі або можа быць стратэгіяй цэлага ўрока.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.