Рэкорд на алімпіядзе па астраноміі

У гэтым годзе рэспубліканская алімпіяда па астраноміі сабрала 38 юных прыхільнікаў зорнага неба. Спаборніцтвы праходзілі ў Віцебску.

Па меркаванні Станіслава Станіслававіча Секержыцкага, старшыні журы рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, дацэнта кафедры тэарэтычнай фізікі і астраноміі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, кандыдата фізіка-матэматычных навук, сёлетняя алімпіяда была ўдалай. Сярэдні ўзровень удзельнікаў дастаткова высокі, у параўнанні з мінулымі гадамі ён нават у нечым павысіўся. Адна ўдзельніца — навучэнка Ліцэя БДУ Роза Навіцкая — атрымала рэкордны за ўсе гады правядзення рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі вынік (184 балы).

Па выніках алімпіяды было ўручана 17 дыпломаў (3 дыпломы І ступені, 5 – ІІ і 9 — ІІІ ступені). У ліку першых дыпламантаў аказаліся Роза Навіцкая, навучэнец гімназіі № 29 Мінска Міхаіл Кукуеў і навучэнец магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Дзмітрый Саўчанка. Спецпрыз міністра адукацыі атрымала навучэнка Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.А.Прытыцкага Гродзенскай вобласці Ганна Марозік.
У мінулым годзе Роза і Міхаіл з’яўляліся ўдзельнікамі міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы, якая праходзіла ў Бразіліі. Гэта было паспяховае выступленне. Роза атрымала залаты медаль, а Міхаіл быў адзначаны пахвальным водзывам.
Цікавасць да алімпіяды па астраноміі сярод нашых школьнікаў павялічваецца. Усё больш 10-класнікаў становяцца яе ўдзельнікамі. Яны, як правіла, і ў 11 класе прымаюць удзел у алімпіядзе і заваёўваюць дыпломы. Але галоўнае, па меркаванні С.С.Секержыцкага, нават не дыплом, а магчымасць самавыявіцца, зверыць свае веды з ведамі іншых навучэнцаў. Нашы школьнікі ведаюць астраномію добра. Гэта пацвярджаюць іх медалі, заваяваныя на міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы.
Аляксандр Леанідавіч Паплаўскі, выкладчык астраноміі Ліцэя БДУ, з Розай Навіцкай займаецца ўжо другі год. Пра сваю вучаніцу педагог гаворыць толькі станоўчае. Роза ўмее рашаць задачы, выдатна разбіраецца ў астраноміі і, што вельмі важна, валодае неабходнай якасцю для тых, хто ўдзельнічае ў інтэлектуальных спаборніцтвах, – умее канцэнтравацца і супакойвацца. Роза паступіла ў Ліцэй БДУ як пераможца рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы (дыплом ІІІ ступені). У гімназіі №1 Салігорска, дзе яна да гэтага вучылася, яе больш цікавіла фізіка, а ў Ліцэі БДУ дзяўчына ацаніла, што сярод фізікаў дастаткова вялікая канкурэнцыя, і вырашыла паспрабаваць сябе ў новым кірунку. Яна запісалася на факультатыў па астраноміі, стала шмат чытаць літаратуры па прадмеце. Паступова перад дзяўчынай раскрылася ўся прыгажосць гэтай навукі. Астраномія — гэта ўсё, адзначае Роза. Гэта наш сусвет, зоркі, планеты. Гэта самая цікавая навука ў свеце. Дзяўчына і далей збіраецца займацца любімай навукай, таму плануе паступаць у БДУ на фізічны факультэт.
Сёлетнюю рэспубліканскую алімпіяду па астраноміі Роза ацэньвае як адну з самых цікавых. У тэарэтычным туры дзяўчына адзначыла для сябе другую задачу, з якой мала хто да канца справіўся. А на практычным туры ёй запомнілася задача па актуальнай на сёння тэматыцы — касмалогіі. Роза ўжо актыўна рыхтуецца да міжнародных спаборніцтваў, якія сёлета пройдуць у Грэцыі ў горадзе Волас у канцы ліпеня — пачатку жніўня. Каманда Беларусі на міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы апошнім часам вылучаецца тым, што ў яе ўваходзяць дзяўчаты. Сёлета ў склад каманды таксама могуць увайсці дзве дзяўчыны. Канчатковае рашэнне аб удзельніках каманды яшчэ будзе прымацца, але ўжо вядома, што гэта будуць навучэнцы, якія ўвайшлі ў пяцёрку лепшых, — дзяўчаты Роза Навіцкая і Ганна Паруль, навучэнка гімназіі № 56 Гомеля, а таксама тры хлопцы — Міхаіл Кукуеў, Дзмітрый Саўчанка і Уладзіслаў Арцем’еў, навучэнец магілёўскага абласнога ліцэя № 2. Ганна і Уладзіслаў былі адзначаны на рэспубліканскай алімпіядзе дыпломамі ІІ ступені.
Жадаем поспеху нашым навучэнцам на міжнародных спаборніцтвах і віншуем усіх рэспубліканскіх дыпламантаў з перамогай!

Святлана КІРСАНАВА.

kirsanava@ng-press.by