Рэкордная колькасць атлетаў- стыпендыятаў

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Стыпендыятамі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” у 2018 годзе стануць 245 спартсменаў і трэнераў.

У Нацыянальным алімпійскім камітэце адбылася цырымонія ўручэння імянных пасведчанняў 245 перспектыўным спартсменам і трэнерам, якія вызначаны цэнтральным саветам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба для атрымання імянных стыпендый у 2018 годзе.

Як адзначылі ў клубе, з 210 атлетаў, якія ўвайшлі ў спіс, 178 станавіліся пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы, Кубкаў свету і Еўропы ў 2017 годзе.

Найбольш значных поспехаў дасягнулі Хрысціна Стараселец і Таццяна Клімовіч (веславанне акадэмічнае), якія перамаглі на чэмпіянаце свету і Еўропы сярод моладзі. Упершыню ў лік стыпендыятаў увайшла зборная Беларусі па валейболе да 18 гадоў, якая заняла 3-е месца на чэмпіянаце Еўропы ў Нідэрландах. Дзюдаіст Даніэль Мукетэ стаў лепшым на кантынентальным першынстве, агульны залік Кубка свету ў трэкавай дысцыпліне скрэтч выйграў веласіпедыст Яўген Каралёк.

У ліку стыпендыятаў таксама біятланісты, канькабежцы, фрыстайлісты, што сімвалічна напярэдадні зімовай Алімпіяды. Упершыню ў спісе стыпендыятаў прадстаўлены і снаўбардысты.

Старшыня цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка, звяртаючыся да маладых атлетаў, падкрэсліў, што тылы ў беларускім спорце шматлікія і прадстаўнічыя. “Да зімовай Алімпіяды ў Рэспубліцы Карэя застаецца менш за два месяцы. Авангард беларускага спартыўнага руху выходзіць на фінішную прамую падрыхтоўкі да галоўных стартаў чатырохгоддзя, а мы будзем рыхтаваць вядучым атлетам дастойную змену. Абсалютная большасць прысутных сёння атлетаў — пераможцы або прызёры розных буйных міжнародных спаборніцтваў. Гэта новая вышыня, якая сведчыць не толькі аб колькасці, але і якасці падрыхтоўкі маладых спартсменаў”, — расказаў Дзмітрый Лукашэнка.

Ён пажадаў маладым атлетам максімальна выкарыстоўваць свой талент. “Стыпендыі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба — гэта не вынік, а толькі адна з прыступак на вашым цяжкім і доўгім шляху ў вялікі спорт”, — падкрэсліў Дзмітрый Лукашэнка.