Рэктар БДУІР М.П.Батура: “Перавытворчасці праграмістаў не будзе ніколі”

- 14:12Якасць адукацыі

Днямі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі прафесар Міхаіл Паўлавіч Батура даў вялікую прэс-канферэнцыю рэспубліканскім СМІ. У сустрэчы з журналістамі таксама ўзялі ўдзел намеснік старшыні прыёмнай камісіі БДУІР прарэктар па вучэбнай рабоце і інфарматызацыі Барыс Віктаравіч Нікульшын і адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУІР дэкан факультэта бесперапыннай і дыстанцыйнай адукацыі Васіль Міхайлавіч Бандарык. Падставай для прэс-канферэнцыі сталі некалькі інфармацыйных нагод.

4 + 2

Асаблівасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі з’яўляецца тое, што БДУІР (першым сярод беларускіх універсітэтаў) цалкам пераходзіць да падрыхтоўкі спецыялістаў па схеме “4 + 2”. Гэта значыць, што маладыя людзі, якія сёлета стануць студэнтамі БДУІР, змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю і кваліфікацыю інжынера-спецыяліста за 4 гады. І гэта тычыцца ўсіх 36 спецыяльнасцей, на якія будзе весціся прыём ва ўніверсітэт у гэтым годзе.

М.П. Батура“Мы правялі вялікую работу, і ў выніку аптымізацыі колькасці гадзін на вывучэнне сацыяльна-гуманітарнага, прыродазнаўчанавуковага і прафесійнага блокаў дысцыплін атрымалі вучэбны план, які дазваляе падрыхтаваць спецыяліста за 4 гады і пры гэтым захаваць усе тыя кампетэнцыі, што былі пры 5-гадовым навучанні”, — паведаміў Міхаіл Паўлавіч Батура.
Гэта ўдалося дзякуючы шырокаму выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій у БДУІР. Досыць сказаць, што ўсе лекцыйныя аўдыторыі ва ўніверсітэце аснашчаны самай сучаснай мультымедыйнай тэхнікай. Яе выкарыстанне робіць лекцыі больш эфектыўнымі і дае выкладчыкам шырокія магчымасці для таго, каб даходліва і зразумела данесці да студэнтаў матэрыял любой цяжкасці. І гэта толькі адзін прыклад выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе, а ёсць яшчэ дзясяткі лабараторый, цэнтраў, электронная бібліятэка…
Па кожнай дысцыпліне, якая выкладаецца ва ўніверсітэце, распрацаваны электронныя вучэбна-метадычныя комплексы дысцыплін — гэта канспекты лекцый, лабараторныя і практычныя работы з апісаннем і методыкай правядзення, а таксама тэсты для самакантролю. Усё гэта, безумоўна, дапамагае студэнтам больш хутка і эфектыўна засвойваць матэрыял.
“Перш чым пераходзіць да новай схемы падрыхтоўкі спецыялістаў, мы параіліся са студэнтамі, а таксама з будучымі абітурыентамі, і практычна ўсе яны пагадзіліся з тым, што 4-гадовы тэрмін навучання для масавай вышэйшай адукацыі найбольш прывабны, — расказвае Міхаіл Паўлавіч Батура. — Справа ў тым, што ў нас 60% студэнтаў 4 курса і 87% студэнтаў 5 курса ўжо працуюць, прычым пераважна на тых прадпрыемствах, куды яны пойдуць працаваць па размеркаванні. Гэта значыць, што, яшчэ не атрымаўшы дыплом, яны гатовы да работы па спецыяльнасці. І гэта дае нам упэўненасць, што за чатыры гады мы можам падрыхтаваць выдатных спецыялістаў”.
Эканомія, якая атрымліваецца за кошт скарачэння тэрміну навучання на першай ступені адукацыі, дазволіць універсітэту больш грунтоўна падысці да арганізацыі навучання ў магістратуры. Так, плануецца, што навучанне на другой ступені за кошт сродкаў бюджэту будуць працягваць не 7% выпускнікоў, як гэта ёсць зараз, а 40%. Магістратура стане пераважна практыка-арыентаванай і будзе рыхтаваць элітарных спецыялістаў для работы не столькі па эксплуатацыі вытворчасці і абсталявання, колькі па стварэнні новых інавацыйных тэхналогій.

(2 + 2) + 2

Вельмі важна, што, у адрозненне ад 5-гадовай адукацыі (калі маладыя людзі выбіралі спецыяльнасць адзін раз — пры паступленні ва ўніверсітэт), цяпер траекторыя падрыхтоўкі спецыяліста стане больш гнуткай.

Б.В. Нікульшын

“Калі мы распрацоўвалі новыя стандарты для пераходу на схему “4 + 2”, то адразу заклалі патрабаванне, каб блокі дысцыплін па ўсіх спецыяльнасцях 1 і 2 курсаў былі максімальна набліжаны адзін да аднаго, — расказвае рэктар БДУІР. — Таму цяпер студэнты першых двух курсаў пры жаданні могуць змяніць спецыяльнасць. У пераважнай большасці выпадкаў ім не давядзецца нічога даздаваць, толькі па некаторых спецыяльнасцях трэба будзе даздаць 1-2 дысцыпліны. Прычым вывучыць гэтыя дысцыпліны студэнты могуць дыстанцыйна, паралельна з асноўнай вучобай”.
Безумоўна, пераход са спецыяльнасці на спецыяльнасць магчымы пры ўмове наяўнасці вольных месцаў на бюджэтнай форме навучання. Але адлічэнняў нямала, месцы вызваляюцца, і рэктар запэўніў, што ў студэнтаў з высокай паспяховасцю магчымасць перайсці на іншую спецыяльнасць дакладна будзе.
Такім чынам, у БДУІР зараз усё часцей выкарыстоўваюць формулу (2 + 2) + 2 як абазначэнне ўнутрыўніверсітэцкай мабільнасці. Студэнт БДУІР можа змяніць спецыяльнасць пасля другога (першага) курса, а таксама пры паступленні ў магістратуру.

12

Сёлета БДУІР будзе ажыццяўляць набор аж на 12 новых спецыяльнасцей. Новыя прапановы абітурыентам зрабілі факультэт тэлекамунікацый (тут цалкам абноўлены пералік спецыяльнасцей), факультэт радыётэхнікі і электронікі, факультэт камп’ютарнага праектавання, а таксама інжынерна-эканамічны факультэт. На апошнім, дарэчы, адкрываецца новы напрамак падрыхтоўкі — электронная эканоміка, і ў рамках гэтага напрамку — дзве спецыяльнасці “Эканоміка электроннага бізнесу” і “Электронны маркетынг”.
Акрамя таго, у БДУІР пашыраецца набор на скарочанае навучанне: сёлета па гэтай форме абітурыентам прапаноўваецца 12 спецыяльнасцей. Дарэчы, універсітэт вядзе набор на скарочанае навучанне ўжо з 2002 года і на сёння мае дагаворы і інтэграваныя вучэбныя планы з 48 установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адметна, што выпускнікі тэхнікумаў і каледжаў не абавязаны працягваць навучанне ў БДУІР менавіта па той спецыяльнасці, па якой маюць дыплом, а зноў жа маюць права выбіраць з прапанаваных спецыяльнасцей. З гэтага года выпускнікам устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі прапаноўваецца паступаць на спецыяльнасць “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі” па дыстанцыйнай форме навучання.
Адметна, што па чатырох спецыяльнасцях БДУІР прапаноўвае студэнтам навучанне на англійскай мове (на ўмовах аплаты). Дарэчы, падрыхтоўка спецыялістаў на англійскай мове вядзецца ва ўніверсітэце ўжо чатыры гады, і сёння так вучыцца каля 100 студэнтаў (пераважна замежнікі). Як гэта прынята ў БДУІР, усе яны забяспечаны электроннымі вучэбна-метадычнымі комплексамі дысцыплін на мове навучання.

“Т1” — “Т7”

Як і ў два папярэднія гады, залічэнне ў БДУІР сёлета будзе праводзіцца ў аўтаматызаваным рэжыме. В.М. БандарыкСістэма даказала сваю эфектыўнасць, таму ў гэтым годзе ніякіх змяненняў не прадбачыцца. Адзінае — зроблены яшчэ адзін крок насустрач абітурыентам, і замест пяці спецыяльнасцей тэхніка-тэхналагічнага профілю, якія можна было вызначыць летась па прыярытэце, сёлета выбар абітурыентаў павялічаны да 7 спецыяльнасцей. Пры паступленні на эканамічны профіль, як і раней, абітурыентам прапаноўваецца вызначыць 2 спецыяльнасці.
Мяркуецца, што пашырэнне выбару (“Т1” — “Т7”) яшчэ больш павысіць шансы абітурыентаў быць залічанымі менавіта на тую спецыяльнасць, якая была пазначана імі ў пераліку.

70%

Як паведаміў Міхаіл Паўлавіч Батура, летась БДУІР атрымаў у студэнцкай вёсцы інтэрнат на 969 месцаў. Акрамя таго, адзін інтэрнат універсітэта знаходзіцца на рамонце: першы блок ужо здадзены, і там жывуць студэнты, у двух астатніх яшчэ вядуцца работы. Пасля заканчэння рамонту (а гэта адбудзецца хутка, бо інтэрнат запланаваны для пражывання гасцей чэмпіянату свету па хакеі вясной 2014 года), жыллём будуць забяспечаны 70% іншагародніх студэнтаў БДУІР. “Прычым гэта вельмі камфартабельнае жыллё, — заўважыў рэктар. — Штогод у Савецкім раёне сталіцы праводзіцца конкурс інтэрнатаў (іх у раёне 34), і БДУІР пастаянна заваёўвае ў гэтым конкурсе прызавыя месцы”.

На пытанне, ці не баіцца рэктар БДУІР перавытворчасці праграмістаў, М.П.Батура адказаў, што такога не будзе ніколі, бо запатрабаванасць праграмістаў ва ўсім свеце толькі павялічваецца. “Парк высокіх тэхналогій, наадварот, заяўляе, што мы выпускаем недастаткова праграмістаў, — заўважыў Міхаіл Паўлавіч. — Сёння ў ПВТ 118 рэзідэнтаў, і там працуе 14 тысяч чалавек. Кіраўніцтва парка сцвярджае, што ёсць дастаткова заказаў і можна забяспечыць работай яшчэ 5—6 тысяч праграмістаў. А ёсць жа яшчэ сотні кампаній і арганізацый, якім патрэбны нашы спецыялісты!”.
Дарэчы, удзельнікі прэс-канферэнцыі заўважылі, што не толькі праграмісты, але і іншыя выпускнікі БДУІР карыстаюцца вялікім попытам на рынку працы. Паводле стандартаў, усе яны атрымліваюць такія веды ў галіне інфармацыйных тэхналогій, што могуць працаваць не толькі на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі, але і ў ПВТ. І на размеркаванні можна бачыць, што колькасць заявак ад работадаўцаў утрая перавышае колькасць выпускнікоў БДУІР.
“Нядзіўна, што з выпускнікоў нашага ўніверсітэта выйшлі 12 дыпламатаў найвышэйшага ўзроўню — надзвычайных і паўнамоцных паслоў (у Кітаі, Швецыі, краінах Бенілюкса і інш.), — заўважыў Міхаіл Паўлавіч Батура. — Здавалася б, як такое магчыма — тэхнічны ўніверсітэт, а такая кузня кадраў для сусветнай дыпламатыі?.. Адказ заключаецца ў тым, што ў БДУІР выкарыстоўваецца сістэмны падыход да навучання і студэнтаў вучаць шукаць рашэнні зыходзячы з рэальнай сітуацыі, выкарыстоўваючы веды з усіх пройдзеных дысцыплін. Таму нашы выпускнікі, дзе б яны ні працавалі, вельмі хутка рухаюцца па кар’ернай лесвіцы”.

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.