Рэперныя пункты адукацыйнай галіны

- 11:40Актуально, Калегіі, пасяджэнні

Заўтра ў Міністэрстве адукацыі пройдзе пасяджэнне калегіі, дзе падвядуць вынікі дзейнасці сістэмы адукацыі краіны ў 2021 годзе і вызначаць прыярытэтныя напрамкі развіцця на 2022 год. Рэперныя пункты адукацыйнай галіны вызначылі з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом. 

У прыярытэце — якасць адукацыі

Якасная адукацыя вызначана ў ліку галоўных прыярытэтаў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года, менавіта таму адукацыйная сетка ва ўсіх рэгіёнах краіны павінна адпавядаць запытам навучэнцаў, бацькоў і дзяржавы.

“Уся сістэма адукацыі павінна быць накіравана на рэалізацыю патэнцыялу кожнага дзіцяці. Нашы дзеці вельмі дапытлівыя, цікаўныя, а сталеючы, яны разумеюць, што добрая адукацыя — залог поспеху іх далейшага жыцця. Сённяшнія школьнікі вельмі сур’ёзна ставяцца да вучобы. Яны ведаюць, для чаго вучацца, і гэта вельмі важна, бо матываваныя людзі, якія разумеюць, у якой галіне хочуць рэалізоўвацца, сапраўды будуць асвойваць тую кампаненту, якая патрэбна для іх далейшай прафесійнай дзейнасці. Але без педагога, настаўніка рэалізаваць даследчы, тэхнічны, творчы патэнцыял немагчыма. Кожны настаўнік павінен разумець: ён для вучня з’яўляецца ўзорам, які павінен адпавядаць уяўленням, сфарміраваным у грамадстве”, — адзначыў міністр.

Андрэй Іванец падкрэсліў, што настаўніка ніколі не заменіць ні дапоўненая, ні віртуальная рэальнасць. “Выкарыстанне тэхналогій дапоўненай, віртуальнай рэальнасці — той кірунак, які актыўна развіваецца ў свеце. І наша краіна не павінна адставаць. У адукацыйным працэсе выкарыс­танне сучасных падыходаў, канечне, важны момант. Тыя інфармацыйныя, электронныя рэсурсы, якія сёння ёсць у сістэме Міністэрства адукацыі, — агульнадаступныя, і іх можна выкарыстоўваць у тым ліку і для праходжання адпаведнай адукацыйнай праграмы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Але гэта дадатковая работа, а асноўны кампанент агульнай сярэдняй адукацыі павінен быць атрыманы непасрэдна ў вочным навучанні, у кантакце настаўніка і вучня”, — лічыць міністр.

Інструменты для выхавання

На сістэмнай аснове павінна праводзіцца выхаваўчая работа, таму арганізацыя патрыятычнага выхавання, культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў таксама павінна быць важным аспектам у рабоце ўстановы адукацыі. Немалаважнае значэнне ў гэтым плане адводзіцца шостаму школьнаму дню. “Выхаваўчая работа па патрыятычным выхаванні — гэта асобасная, персанальная праца. Моладзь не церпіць фармалізму. І шмат у чым лепш адзін раз уба­чыць, чым сто разоў пачуць, таму кожны школьнік павінен разумець, што такое Брэсцкая крэпасць, Хатынь, Буйніцкае поле”, — падкрэс­ліў міністр.

Захаванне гістарычнай памяці з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу як пры падрыхтоўцы прафесійных гісторыкаў, так і пры засваенні зместу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. І тут актуальным з’яўляецца змест дысцыпліны “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, якая аб’ядноўвае ў адзінае сэнсавае цэлае веды па гісторыі Беларусі, сацыялогіі, педагогіцы, палітычнай эканоміцы, ідэалогіі і дазваляе праз прызму гістарычнага кантэксту фарміраваць у тых, хто вучыцца, цэласнае ўспрыманне беларускай дзяржаўнасці ва ўсіх яе праяўленнях. 

“Гэты курс павінен быць эфектыўным інструментам, які дазваляе сфарміраваць у студэнтаў цэласныя навуковыя гуманітарныя веды, азнаёміць іх і з гісторыяй беларускай дзяржаўнасці, і з асновамі традыцыйнай для беларускага грамадства хрысціянскай маралі, прававой традыцыяй Беларусі, асновамі канстытуцыйнага ладу нашай краіны і ў цэлым з нашымі нацыянальнымі прыярытэтамі, нашым месцам у свеце”, — адзначыў Андрэй Іванец.

Магчымасці новай рэдакцыі кодэкса 

Прынята новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, і тыя змяненні, якія ў ёй адлюстраваны, прадыктаваны часам і накіраваны на адно — павышэнне якасці і даступнасці адукацыі. “У першую чаргу кодэкс патрэбны для таго, каб наша сістэма адукацыі стала больш гнуткай. Напрыклад, магчымасць рэалізацыі сеткавай формы навучання па новай рэдакцыі кодэкса дазваляе нашым установам, у тым ліку і вышэйшай адукацыі, актыўна ўзаемадзейнічаць, далучаць студэнтаў да падрыхтоўкі, — лі­чыць Андрэй Іванец.

Па словах міністра, немалаважнай навацыяй з’яўляецца і абавязковая сярэдняя адукацыя. “Гэта вельмі важны аспект, калі мы гаворым пра тое, што хочам быць інтэ­лектуальнай нацыяй. І атрыманне сярэдняй адукацыі з’яўляецца абавязковай кампанентай”, — адзначыў ён. 

У новай рэдакцыі кодэкса гаворыцца пра ўвядзенне цэнтралізаванага экзамену для выпускнікоў школ. “Першае — сёння ўсе нашы абітурыенты, выпускнікі школ павінны атрымаць аб’ектыўны і абсалютна ідэнтычны зрэз па сваіх ведах”, — сказаў Андрэй Іванец. На думку кіраўніка профільнага ведамства, цэнтралізаваны экзамен дазво­ліць убачыць, наколькі адзнака ў атэс­таце выпускніка школы адпавядае той, якую ён атрымае на цэнтралізаваным экзамене. “А гэта дазво­ліць нам аб’ектыўна пагля­дзець на тыя праблемы, якія існуюць у тых ці іншых раёнах, абласцях, і прыняць адпаведныя меры для таго, каб павысіць якасць адукацыі”, — канстатаваў ён.

Яшчэ адзін немалаважны аспект новаўвядзенняў Кодэкса аб адукацыі — павышэнне прэстыжу прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сёння ў сектары эканомікі вельмі запатрабаваны рабочыя спецыяльнасці, таму стварэнне адпаведных умоў для прафтэхадукацыі — важны крок. І гаворка ідзе не толькі пра новую матэрыяльна-тэхнічную базу, дзейнасць рэсурсных цэнтраў, сеткавую форму ўзаемадзеяння гэтых устаноў, але і пра магчымасць паступлення без экзаменаў з улікам адзнак у пасведчанні аб адукацыі. Усё гэта дазволіць прыцяг­нуць дзяцей да такой неабходнай прафесійнай дзейнасці. “Краіне патрэбны спецыялісты розных прафесій. І на сучаснай вытворчасці, калі мы гаворым пра развіццё індустрыі 4.0, неабходны спецыялісты, якіх выпускаюць прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі”, — сказаў міністр.

Інтэлектуальны патэн­цыял — на карысць краіны

Кожная краіна змагаецца за розумы. І кожны хоча да сябе ў краіну прыцягнуць найбольш разумных, таленавітых, адораных маладых людзей. Інтэлектуальны патэнцыял беларускай мола­дзі павінен выкарыстоўвацца на карысць Беларусі. 

“Калі дзіця праявіла сябе на прадметных алімпіядах, то яно павінна атрымаць прыярытэт пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову. Гэта вельмі важна, — адзначыў Андрэй Іванец. — Бо калі мы не створым умовы для прыходу таленавітай, адоранай моладзі ў нашы навучальныя ўстановы, то нашы суседзі з задавальненнем створаць ім такія ўмовы. І гэта праблема, якая патрабуе агульнага вырашэння: не толькі сістэмы адукацыі, але і рэальнага сектара эканомікі. Мы рыхтуем кваліфікаваных, высакакласных спецыялістаў, але яны павінны працаваць на эканоміку краіны і на карысць нашай Радзімы”.

Па словах міністра, моладзь сёння зацікаўлена ісці ў навуку. “У нас шмат маладых вучоных, якія вельмі захоплены сваёй навуковай працай. Іх сустрэчы з навучэнцамі, аповед пра тое, чым займаюцца, якімі распрацоўкамі, — самы эфектыўны метад матывацыі. Калі вучань 9—11 класа бачыць, што студэнт 1—3 курса паспяхова рэалізуе сябе ў навуцы, то будзе разумець, што гэта і яго магчы­масць, шлях у прафесію”, — адзначыў Андрэй Іванец.

Ён упэўнены, што работу з адоранымі дзецьмі можна пачы­наць не толькі ў школе, але ўжо і ў дзіцячым садзе. “А гэта пэўны ўзровень развіцця, светаўспрымання і фарміравання карціны навакольнага свету, — прадоўжыў кіраўнік ведамства. — Зразумела, гэта сур’ёзная праца, якая вя­дзецца профільнымі педагогамі па канкрэтных прадметах са старшакласнікамі, якія ўжо прыкладна веда­юць, што за прафесію хочуць выбраць, які прадмет ім найбольш цікавы. І тут вельмі важна не толькі звяр­нуць увагу на тэарэтычную адукацыю, але і ўкараніць практыка-арыентаваную кампаненту”.

Міністр адзначыў, што без такога падыходу складана будзе рэалізавацца ў рэальным сектары эканомікі. “Створаны па даручэнні кіраўніка дзяржавы Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — гэта кузня вось гэтых маладых талентаў, дзе разам з педагогамі, прафесарска-выкладчыцкім складам універсітэтаў яны атрымліва­юць спецыяльныя веды і фарміру­юць даследчыцкія кампетэнцыі падчас рэалізацыі сваіх даследчых праектаў”, — дадаў Андрэй Іванец.

Кадры вырашаюць усё

Прафесія педагога складаная і цікавая адначасова. Але ж ціка­васць моладзі да педагогікі не згасае. І ў вялікай ступені — дзякуючы педагагічным класам, якія створаны ў школах па ўсёй краіне. “Вельмі важна, што сёння ў краіне мы ўкаранілі сістэму педагагічных класаў. Яшчэ будучы школьнікамі, маладыя людзі хочуць рэалізаваць сябе ў прафесіі педагога. Настаўнікамі становяцца па закліку душы. 

Разам з тым дзяржавай рэалізуюцца сур’ёзныя сістэмныя меры па фінансавай падтрымцы педагогаў. Нягледзячы на гэта, Прэзідэнтам пастаўлены вельмі сур’ёзныя задачы па павышэнні іх заработнай платы”, — сказаў Андрэй Іванец.

Паводле даных, толькі за 2021 год зарплата педагогаў вырасла на 11% у сярэднім па краіне. “Мы павінны быць нацэлены на падтрымку тых педагогаў, якія працуюць у якасці класных кіраўнікоў, рэалізуюць праграму дадатковай адукацыі. І гэтая задача з’яўляецца адной з першачарговых у сістэме Міністэрства адукацыі”, — адзначыў міністр.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.