“Рэпка” па-кітайску

Надзвычай цікава і весела ў сярэдняй школе № 28 Брэста прайшоў дзень кітайскай мовы і культуры, на якім былі падведзены вынікі першага года работы кабінета Канфуцыя. У госці да вучняў завіталі начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста В.К.Шчэрба, кіраўнікі класа Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сун Пэн і Н.У.Касцеева, дырэктары ўстаноў адукацыі горада.

— Кітайская мова з’яўляецца роднай для вялікай колькасці людзей у свеце, — адзначыў дырэктар сярэдняй школы № 28 Брэста А.А.Лазарук. — Улічваючы сяброўскія адносіны паміж Кітаем і Беларуссю, далучыцца да вывучэння кітайскай мовы, каліграфіі, традыцый і культуры могуць і школьнікі. Дапамагае ў гэтым кабінет Канфуцыя, адкрыты напрыканцы 2017 года пры падтрымцы класа Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. З вучнямі, якія імкнуцца спасцігнуць таямніцы кітайскай мовы (а жадаючых вельмі шмат), займаюцца яе носьбіты — выкладчыкі-валанцёры з Паднябеснай Гаа Чжыін і Гу Джаадзюнь. Мы ўдзячны ім за дапамогу. Гэта дазваляе развіваць далейшае супрацоўніцтва ў сферы культуры і адукацыі.

Начальнік раённага ўпраўлення па адукацыі В.К.Шчэрба расказаў, што сёння кітайская мова вывучаецца ў 4 школах Брэста. Наладжана ўзаемадзеянне з УВА па падрыхтоўцы неабходных педагагічных кадраў. Вучэбныя вынікі юных аматараў кітайскай мовы радуюць. Можна не сумнявацца, што адукацыйнае супрацоўніцтва Кітая са школамі Брэста будзе працягвацца, пашырацца і ўмацоўвацца, дазваляючы паспяхова развіваць і эканамічныя адносіны.

Вучні, якія паказалі высокія вынікі ва ўнутрышкольнай алімпіядзе па кітайскай мове, атрымалі заслужаныя граматы ад кіраўнікоў класа Канфуцыя БДУФК Сун Пэна і Н.У.Касцеевай.

Веданне кітайскай мовы, культуры і традыцый школьнікі прадэманстравалі ў песнях і танцах. Шмат радасных эмоцый падарыла гледачам тэатралізаваная пастаноўка казкі “Рэпка” па-кітайску.

У рамках дня кітайскай мовы і культуры былі арганізаваны выставы вучнёўскіх малюнкаў “Кітайскі Новы год” і сачыненняў на кітайскай мове, круглы стол “Стан і перспектывы супрацоўніцтва школы і БДУФК”, пазнавальная віктарына для трэцякласнікаў, заняткі па ўшу, спачан і саньда, майстар-класы па каліграфіі для пяцікласнікаў і выразанні з паперы для шасцікласнікаў, а таксама класная гадзіна “Старонкі гісторыі Кітайскай дзяржавы” для дзесяцікласнікаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Яўгена АДАЕВА.