Рэспубліканскі конкурс WorldSkills Belarus пройдзе ў маі 2020 года

- 11:45World Skills

Вынікі ўдзелу беларускай зборнай у 45-м Міжнародным чэмпіянаце па прафесійным майстэрстве WorldSkills International падвялі на прэс-канферэнцыі ў Мінску (на базе БелТА). У ёй узялі ўдзел прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні якасці прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Наталля Шаўчэнка-Саўлакова, тэхнічны дэлегат WorldSkills Belarus Кацярына Забрудская і нацыянальны эксперт па кампетэнцыі “Цырульніцкае майстэрства” Наталля Крылова.

Cпаборніцтвы 45-га Міжнароднага чэмпіянату па прафесійным майстэрстве WorldSkills International праходзілі ў Казані з 22 па 27 жніўня ў 56 кампетэнцыях. За званне лепшых майстроў змагаліся больш за 1,3 тысячы канкурсантаў з 63 краін. Беларуская зборная выступала ў 30 кампетэнцыях такіх напрамкаў, як тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяль­ныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода, а таксама ў трох новых кампетэнцыях у напрамку FutureSkills — “Квантавыя тэхналогіі”, “Прамысловы дызайн” і “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў (BIM)”.

Удзельнікі беларускай каманды прадэманстравалі высокі ўзровень прафесіяналізму і канкурэнтаздольнасць. І што асабліва прыемна, паказалі цудоўныя вынікі ў трох абсалютна новых кампетэнцыях. Беларусы заваявалі чатыры медалі за вышэйшае прафесійнае майстэрства: Ксенія Шафранская ў кампетэнцыі “Цырульніцкае майстэрства”, Аляксей Крупскі ў кампетэнцыі “Вэб-тэхналогіі”, Валянцін Арцямёнак — “Інфармацыйныя і кабельныя сеткі”, Юлія Маркевіч — “Тэхналогіі моды”. Лаўрэатам у намінацыі  Best of Nation (“Гонар нацыі”) ад зборнай Беларусі стала Ксенія Шафранская. Сярэбраным медалём у конкурсе FutureSkills удастоены беларускія ўдзельніцы Вольга Петравец і Марына Жукава ў кампетэнцыі “Тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў (BIM)”, а ў кампетэнцыі “Прамысловы дызайн” “бронзу” заваяваў Дзмітрый Дорах. Шэсць удзельнікаў каманды юніёраў спаборнічалі ў пяці кампетэнцыях чэмпіянату WorldSkills Juniors і таксама ўзнагароджаны сярэбранымі і бронзавымі медалямі.

Па словах прарэктара па навукова-метадычным забеспячэнні якасці прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Наталлі Шаўчэнка-Саўлаковай, Рэспубліканскі конкурс па прафесійным майстэрстве WorldSkills Belarus пройдзе ў маі 2020 года. Да гэтага на працягу года пройдуць адборы ва ўстановах адукацыі і на прадпрыемствах. Да мая скончыцца ўся падрыхтоўка да рэспубліканскага конкурсу. Вопыт удзелу беларускай зборнай у 45-м Міжнародным чэмпіянаце рабочых прафесій WorldSkills International будзе выкарыстаны пры падрыхтоўцы як да рэспубліканскага конкурсу, так і да наступнага сусветнага чэмпіянату, які пройдзе ў 2021 годзе ў Шанхаі.

Як расказала Наталля Шаўчэнка-Саўлакова, прыём і адборы заявак ад жадаючых паўдзельнічаць у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 рэгіянальныя аргкамітэты пачнуць прымаць гэтай восенню. Кожнае абласное ўпраўленне адукацыі, у тым ліку камітэты па адукацыі, уключаюць на 2019/2020 навучальны год правядзенне адборачных спаборніцтваў, таму першыя заяўкі будуць атрыманы ўжо восенню, а ў снежні — студзені будуць праведзены асноўныя адборачныя туры, якія завершацца да сакавіка наступнага года.

Паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе могуць навучэнцы, студэнты і маладыя спецыялісты. Для гэтага дастаткова падаць заяўку ў раённы аргкамітэт. Установы адукацыі або прадпрыем­ствы, якія ініцыіруюць падрыхтоўку ўдзельнікаў, праводзяць унутраныя адборы. Далей заяўка накіроўваецца ў рэгіянальны аргкамітэт. Некаторыя кампетэнцыі, якія не прадстаўлены ва ўсіх рэгіёнах Беларусі (спецыяльнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі тыпу “Тэхналогіі праектавання CAD”), адбіраюцца на розных рэспубліканскіх спаборніцтвах. Напрыклад, алімпіяда па CAD-праектаванні пройдзе ў лістападзе гэтага года. Па яе выніках 10 лепшых удзельнікаў будуць адабраны на рэспубліканскі конкурс.

Арганізатары плануюць павялічыц­ь спіс кампетэнцый будучага рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства. “Дзякуючы першаму вопыту ўдзелу ў конкурсе FutureSkills на сусветным чэмпіянаце WorldSkills Kazan—2019, будзем разглядаць і адбіраць спецыяльнасці і кампетэнцыі прафесій будучыні на чэмпіянатную лінейку рэспубліканскага конкурсу. Хацелася б падзяліцца вопытам, які набылі сёлета ў Казані, з усёй Беларуссю. Хочам далучыць да гэтага руху больш нашых ВНУ, бо большасць прафесій, якія прадстаўлены на WorldSkills International, выхо­дзяць за межы рабочых спецыяльнасцей. Многія тэхналогіі (воблачныя, абарона камп’ютарнай інфармацыі і інш.) ужо выкладаюцца ў ВНУ, таму ўдзел у чэмпіянатах прафесійнага майстэр­ства дапаможа ўдасканаліць і ўніверсітэцкую падрыхтоўку”, — падкрэсліла прарэктар.

Прызёры рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus трапляюць у банк таленавітай моладзі Беларусі і заахвочваюцца прэміямі. Многія атрымліваюць першыя заяўкі ад работадаўцаў. Лепшыя канкурсанты ў сваіх кампетэнцыях на рэспубліканскім конкурсе потым традыцыйна прадстаўляюць Беларусь у складзе нацыянальнай зборнай на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills International.

Наталля Шаўчэнка-Саўлакова таксама адзначыла, што вопыт удзелу ў су­светным чэмпіянаце рабочых прафесій WorldSkills дапамагае ўдасканальваць сістэму прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, праводзіць якасную мадэрнізацыю вучэбных цэнтраў і абсталявання, закупляць новыя высокатэхналагічныя матэрыялы і станкі. Пасля ўдзелу ў сусветным чэмпіянаце Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі рэгулярна ініцыіруе перагляд зместу адукацыйных праграм і ўвядзенне новых спецыяльнасцей. Так, у мінулым сезоне былі ўведзены дзве новыя спецыяльнасці — “Візуальны мерчандайзінг” і “Сухое будаўніцтва”.

— Пасля сусветнага чэмпіянату плануем выкарыстоўваць кантакты з міжнароднымі экспертамі і міжнароднай супольнасцю, каб праводзіць стажыроўкі ў замежных краінах і для павышэння кваліфікацыі нашых экспертаў. Гэта ўплывае на паляпшэнне якасці адукацыі. Характэрна, што з кожным годам рух WorldSkills набірае абароты сярод рэгіянальных навучальных устаноў Беларусі. Калі раней нам неабходна было стукацца да іх і запрашаць паўдзельнічаць, то зараз даводзіцца выстаўляць конкурсныя планкі”, — падкрэсліла прарэктар РІПА.

Дзякуючы шырокаму міжнароднаму супрацоўніцтву, рух WorldSkills дэманструе важнасць прафесійнай падрыхтоўкі і навучання для моладзі і эканомікі ў цэлым, дапамагае маладым спецыялістам павышаць сваё прафесійнае майстэрства.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.