Рэстаўрацыя Брэсцкай крэпасці — справа агульная

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Саюзныя парламентарыі лічаць прыярытэтнай работу па захаванні памяці аб подзвігах абаронцаў Айчыны. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па выніках праведзенага пасяджэння Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях.

Дэпутатам былі прадстаўлены справаздачы аб выкананні праектаў Саюзнай дзяржавы па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі збудаванняў у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” і па стварэнні скульптурнай кампазіцыі для Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату ў Цвярской вобласці. “Асноўнымі мэтамі рэалізацыі разглядаемых саюзных праектаў сталі захаванне памяці аб подзвігу савецкага народа ў барацьбе з фашызмам і недапушчэнне спроб фальсіфікацыі гісторыі, — падкрэслілі ў прэс-службе. — Ініцыятывы па распрацоўцы і выкананні мерапрыемстваў праектаў былі адтрыманы дэпутатамі Парламенцкага сходу. Фінансаванне праектаў з бюджэту Саюзнай дзяржавы ажыццяўлялася ў 2018—2020 гадах”.

У рамках рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы “Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” праведзены работы па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і пашырэнні магчымасцей доступу насельніцтва да культурных каштоўнасцей і інфармацыі. Ржэўскі мемарыял Савецкаму салдату ўзведзены Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы, урада Цвярской вобласці і Музея Перамогі на месцы бязлітасных баёў 1942—1943 гадоў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адкрылі Ржэўскі мемарыял Савецкаму салдату ў Цвярской вобласці 30 чэрвеня 2020 года.

Парламентарыі адзначылі высокую гістарычную значнасць рэалізацыі гэтых праектаў і рэкамендавалі Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі Беларусі і Расіі актывізаваць дзейнасць па распрацоўцы і рэалізацыі праектаў, праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы, накіраваных на захаванне памяці аб вялікіх гістарычных подзвігах і стварэнне памятных мясцін, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

Міністэрствам культуры Беларусі і Расіі прапанавана выступіць дзяржаўнымі заказчыкамі праекта Саюзнай дзяржавы па далейшым правядзенні работ, якія прадугледжваюць капітальны рамонт, рэстаўрацыю і музеефікацыю аб’ектаў Брэсцкай крэпасці, за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы з 2022 года.

Па матэрыялах БелТА.