У Маладзечанскім дзяржаўным каледжы ўрачыста адкрыты рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па прафесіі “Мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання”.
Запатрабаванасць у кваліфікаваных спецыялістах у гэтай галіне відавочная. Сантэхнікі патрэбны і ў будаўнічай сферы, і ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Патрэба ў спецыялістах ёсць, і патрэбны менавіта высокакваліфікаваныя кадры. У Маладзечанскім дзяржаўным каледжы стараюцца выхоўваць спецыялістаў, здольных справіцца з самымі складанымі прафесійнымі задачамі. Цяпер вучыць іх будзе лягчэй, бо ў рэсурсным цэнтры сабралі сучаснае абсталяванне, з якім ужо заўтра выпускнікам каледжа давядзецца сустрэцца падчас работы. У цэнтры ёсць душавая кабіна з гідрамасажнымі фарсункамі, радыё і тэлефонам, неонавым падсвятленнем і санітарна-тэхнічнымі аксесуарамі, гідрамасажная ванна з дадатковымі аэрамасажнымі фарсункамі, электрычны воданагравальнік, аўтаматычны душ з сэнсарным тэрмастатам, інсталяцыя для ўнітаза, цвёрда- і вадкапаліўныя катлы і нават сонечны калектар для нагрэву вады. Усё абсталяванне майстэрні падключана да сістэм водазабеспячэння, каналізацыі і ацяплення, таму тут можна ў рэальных умовах атрымаць прафесійныя веды, уменні і навыкі. Новае санітарна-тэхнічнае абсталяванне адпавядае ўсім інавацыйным патрабаванням — яно эрганамічнае, эканамічнае, энергазберагальнае, бяспечнае і зручнае пры мантажы і абслугоўванні.
“Перш чым стварыць цэнтр, мы сустракаліся з заказчыкамі кадраў, пастаўшчыкамі абсталявання, каб даведацца, што сёння найбольш запатрабавана, якія ёсць запыты ў спажыўцоў паслуг. Мы склалі аптымальны спіс неабходнага для рэсурснага цэнтра абсталявання і на сёння ўсё задуманае здзейснілі, — расказвае дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Дзмітрый Леанідавіч Богдан. — Але на дасягнутым спыняцца не збіраемся. Мы робім толькі першыя крокі, далей абавязкова будзем пашыраць наш цэнтр, дабаўляць абсталяванне, каб заўсёды паспяваць за развіццём новых тэхналогій”.
У рэсурсным цэнтры ёсць усё неабходнае і для тэарэтычнай падрыхтоўкі — літаратура, фота- і відэаматэрыялы. І, галоўнае, цудоўныя педагогі. Тое, чаму яны паспелі навучыць сваіх выхаванцаў, тыя прадэманстравалі падчас майстар-класаў. Госці ўбачылі, як навучэнцы каледжа спраўляюцца з групаваннем чыгунных радыятараў і іх выпрабаваннем з дапамогай гідраўлічнага ручнога прэса, зваркай поліпрапіленавых труб і зборкай дэцэнтралізаванага рэкуператара цяпла вентыляцыйнага паветра і г.д. Дарэчы, гэты рэкуператар распрацавалі і зрабілі майстры і навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Гэтае вынаходства было прадстаўлена ў фінале Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
У рэсурсным цэнтры будуць атрымліваць веды і адточваць майстэрства не толькі навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, але і навучэнцы іншых устаноў вобласці, якія рыхтуюць спецыялістаў па спецыяльнасці “Сантэхнік”. Усяго на Міншчыне чатыры такія ўстановы. Маладзечанскі каледж ужо чакае гасцей з Чэрвеня, Барысава і Салігорска. На базе рэсурснага цэнтра ёсць магчымасць арганізоўваць стажыроўкі для майстроў вытворчага навучання. Зацікавіліся цэнтрам і розныя арганізацыі Маладзечна. Верагодна, у хуткім часе яны будуць накіроўваць сюды сваіх работнікаў для павышэння кваліфікацыі. Наогул, у каледжа мноства планаў адносна рэсурснага цэнтра. У найбліжэйшыя 2—3 гады ва ўстанове спадзяюцца арганізаваць атрыманне вучнямі сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання”, і цэнтр стане цудоўнай пляцоўкай для практычных заняткаў для тых, хто будзе вучыцца на гэтай ступені адукацыі.
Для Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа рэсурсны цэнтр — з’ява не новая. Тут ужо працуе рэсурсны цэнтр па дзвюх спецыяльнасцях — “Тынкоўшчык” і “Муляр”. За мінулы навучальны год тут прайшлі навучанне 379 чалавек, з іх 133 — з Маладзечанскага каледжа, астатнія — з іншых устаноў адукацыі Міншчыны. Да гэтага часу ў вобласці існавала 7 рэсурсных цэнтраў вытворчага навучання. Штогод на іх базе праходзяць навучанне больш за паўтары тысячы навучэнцаў з розных устаноў адукацыі. Практыка паказвае, што гэта дазваляе павысіць якасць падрыхтоўкі навучэнцаў. Рэсурсны цэнтр у Маладзечне — восьмы, і яго адкрыццё — гэта яшчэ адзін крок да атрымання вучнямі максімальна якаснай прафесійна-тэхнічнай, а потым і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.