“Усё самае лепшае і сучаснае” — менавіта такі прынцып быў закладзены пры стварэнні рэсурснага цэнтра па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы.

У Гродзенскай вобласці працуюць восем навучальных устаноў, дзе рыхтуюць спецыялістаў грамадскага харчавання. Створаны нядаўна абласны рэсурсны цэнтр стане добрай школай удасканалення іх прафесійнага майстэрства. Вучыцца і павышаць кваліфікацыю тут могуць і спецыялісты галіны. Ужо прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі з прысваеннем больш высокага разраду для кухараў, якія працуюць у дашкольных навучальных установах Кастрычніцкага раёна Гродна. Будуць супрацоўнічаць і з цэнтрам занятасці.
Навучэнцы з другіх прафесійных устаноў у рэсурсным цэнтры вучацца на працягу тыдня, жывуць у інтэрнаце тэхналагічнага каледжа.
Намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Зоя Хмаль расказвае, якім абсталяваннем аснашчаны рэсурсны цэнтр. Сапраўды, тут усё самае сучаснае.
— Вывучалі меркаванні экспертаў, навінкі тэхнікі, каб нашы выхаванцы маглі вучыцца на самых лепшых узорах у сучаснай кухні, — гаворыць Зоя Валянцінаўна. — Толькі на абсталяванне было выдзелена 430 тысяч рублёў. Такое апераджальнае навучанне — а не кожны аб’ект грамадскага харчавання мае такую сучасную тэхніку, якая зараз ёсць у нас, — дазволіць нашым выпускнікам не толькі мець высокія прафесійныя навыкі і ўменні, але і дапаможа лягчэй адаптавацца да новых умоў працы.
Шафа шокавай замарозкі, шматфункцыянальная патэльня, у якой можна запякаць, смажыць у фрыцюры, гатаваць супы і салодкія стравы, а таксама стравы пад ціскам, параканвектамат з рэжымам начнога гатавання, грыль з інфрачырвоным нагрэвам і мноства іншай тэхнікі — усе гэтыя сучасныя прыстасаванні дазваляюць не толькі смачна і карысна гатаваць ежу, але і эканоміць рэсурсы.
Усе лабараторныя работы зараз праводзяцца ў новым рэсурсным цэнтры. Навучэнцам працаваць тут вельмі падабаецца. Валянціна Гранкоўская ў гэтым годзе атрымае прафесію тэхніка-тэхнолага, практыку праходзіла ў адной з піцэрый Гродна і з гонарам расказвае, што спецыяльныя сталы для гатавання піцы — каменныя, з ахаладжэннем, як у рэсурсным цэнтры іх каледжа, — ёсць далёка не ва ўсіх піцэрыях горада.
Абнавілася і вучэбна-вытворчая кандытарская майстэрня каледжа. А для дэманстрацыі дасягненняў навучэнцаў была абсталявана выставачная зала. Зараз тут можна ўбачыць вырабы з шакаладу навучэнкі каледжа Аляксандры Васільчык, якая ў гэтым навучальным годзе заняла 1-е месца на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва ў намінацыі “Работа з шакаладу”; цудоўныя кампазіцыі з агародніны, выкананыя ў тэхніцы карвінгу. Дарэчы, навучэнка Ірына Лукашун заняла 1-е месца на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага майстэрства ў намінацыі “Мастацкая нарэзка агародніны і садавіны”.
Новыя магчымасці дае рэсурсны цэнтр у прафарыентацыйнай рабоце. У апошні дзень адкрытых дзвярэй тут пабывала каля 130 навучэнцаў чатырох гімназій і трох школ Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра. Юным гасцям не толькі паказалі рэсурсны цэнтр, але і правялі для іх майстар-класы па рабоце з цестам. Зробленыя сваімі рукамі на самым сучасным абсталяванні булачкі-птушкі прыйшліся даспадобы навучэнцам. Прайшлі таксама майстар-класы па карвінгу “Карункавыя фантазіі”, “Свята стылю і густу ў сервіроўцы сталоў”, а майстар-клас па стварэнні карамелі “Паветраныя шары” дзеці атрымалі ад пераможцы міжнародных конкурсаў Златы Шпак.
Па выніках работы за мінулы год Гродзенскі дзяржаўны прафесійны тэхналагічны каледж стаў лепшым сярод прафесійна-тэхнічных каледжаў вобласці. Падтрымліваць высокія пазіцыі і высокую якасць падрыхтоўкі спецыялістаў дапаможа і новы рэсурсны цэнтр.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.